76. «Дажыць да сьвітаньня»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
Як заўсёды ўлетку, узяўся пісаць «зімовую» аповесьць «Дажыць да сьвітаньня». Тэма яе, здавалася, гучала даволі экзыстэнцыяльна, то быў матыў тупіку і расчараваньня — на той раз у пэўным канкрэтным сэнсе. А можна было разумець і ў болей шырокім, гэта ўжо як каму падавалася.
Такі адыход ад ідэёвай канкрэтыкі даваў пэўны прастор для ўяўленьня, але і абавязваў. Як і раней, абавязваў да праўды і пэўных жыцьцёвых рэаліяў, што няпроста было ўвасобіць на матэрыяле вайны. Затое кожны чытач (ці група чытачоў) разумеў пэўныя моманты адпаведна ўласным схільнасьцям і жаданьням. Аўтар мала што сьцьвярджаў — болей выяўляў і распавядаў. Так здавалася аўтару, хаця на справе ўсё магло быць інакш — так ці інакш, горш або лепш. Паколькі ў «Новом мире» я той год ужо надрукаваўся, паслаў аповесьць у Ленінград, у часопіс «Нева». Як звычайна, пачаў чакаць выкліку на абмеркаваньне, рэдагаваньне. Выклік, аднак, зацягваўся. I раптам атрымліваю з «Невы» нумар з ужо надрукаванай аповесьцю і ліст, падпісаны галоўным рэдактарам Нікольскім, які віншуе і запрашае да супрацоўніцтва. То было штось нёзвычайнае, да такіх выдавецкіх правілаў я не прывык. (Забягаючы наперад, зазначу, што «Нева» ня толькі надрукавала аповесьць, але і вылучыла яе на дзяржаўную прэмію.)
Тым часам у выдавецтве «Молодая гвардия» насьпела выданьне маёй кніжкі, і я паехаў у Маскву. З загадчыцай аддзелу мастацкай літаратуры Зояй Мікалаеўнай Яхантавай быў знаёмы яшчэ з часу выхаду «Трэцяй ракеты», адносіны мае з гэтай мілай жанчынай былі як найлепшыя. Хаця ўвогуле гэта камсамольскае выда[вецтва] ставілася да аўтараў і іх твораў зь яўна забольшанымі патрабаваньнямі, і на гэты раз мяне змусілі дапісаць да кніжкі «паплавок» — артыкул пра Хатынь. Хатынь тады шмат што выручала ў не заўсёды ляяльнай нашай публіцыстыцы, хаця ў пэўных адносінах і апыналася блефам. (Пра тое, аднак, пасьля.)
А тады ў рэдакцыі Зоі Мікалаеўны пазнаёміўся са змрочным чалавекам, што мовіў разважна-басавітым голасам, які аказаўся аўтарам ужо вядомых у літаратуры «Iвана» і «Зосі» — Уладзімерам Багамолавым. Ён запрашаў заходзіць і даў адрас. У наступны мой прыезд у Маскву я і зайшоў. Валодзя жыў на Вялікай Грузінскай, у самым паддашшы старога дому. Сям’і ў яго, здаецца, не было, маці нядаўна памерла, і сын распавядаў, як сам абмываў яе і хаваў. Жыў бедна, меў патрэбу ў грашах, але натуру меў ганаровую і заўжды частаваў. Да яго славутага «Iвана», паводле якога быў зьняты фільм, я адносіўся ўвогуле спакойна, затое любіў яго «Зосю» (Я це кохам, а ты сьпіш). Валодзя тады працаваў над вялікім раманам, але не казаў, пра што той раман. Неяк у яго на кватэры сабраліся Юры Бондараў, Сяргей Сьмірноў, Наіль Бікенін, яшчэ нехта — усе вядомыя і славутыя сябры па літаратуры і вайне. Багамолаў папрасіў Бондарава дастаць у «крамлёўцы», дзе ён лячыўся, лякарства для мяне-астматыка, замежны «бератэк», які мне дужа памог. С. С. Сьмірноў рабіў на тэлевізіі сэрыю перадачаў пра герояў Брэсцкай крэпасьці, быў дужа змораны і пачуваўся кепска. Ён дужа добра гаварыў пра мае і багамолаўскія аповесьці, якія, апроч таго, падтрымліваў у друку. Неўзабаве, аднак, ён захварэў і хутка памёр. Бондараў радыкальным чынам разышоўся з Багамолавым — мне дагэтуль невядома, чаму, — а я, наадварот, сышоўся. Гадоў дзесяць мы сябравалі, ён прыжзджаў у Беларусь, з маладой жонкай адпачываў на Нарачы і ў Друскеніках. Я пазнаёміў яго з маімі сябрамі Матукоўскім і Бураўкіным, зь якімі ён пасябраваў. Але, як і ўсё на сьвеце, мужчынскае сяброўства таксама мае канец. Скончылася яно і ў мяне з Багамолавым.