82. Юбілей. КДБ
82. Юбілей. КДБ
Між тым надышоў час юбілею, — падкаціў неўпрыкмет. Яшчэ нядаўна быў малады, «пачынаючы», а ўжо 50, паўстагодзьдзя. Уся маладосьць ззаду. Стары…
Мабыць, так ці накшталт таго разважае шмат хто ў свае 50 год. Але мяне тады болей турбавала іншае. У СП сказалі, што «есть мнение» юбілей Быкава праводзіць на двух узроўнях — рэспубліканскім і абласным. Тое мяне зусім панішчыла, нават на адзін узровень я ня меў сілы ці адвагі, а тут два разам. Але ж — сябры! Сябры прагнулі адзначыць.
Ня надта памятаю, як тое адбывалася ў Менску. Здаецца, у невялічкай залі «Мутнага вока» сабралася паўсотня пісьменьніцкіх актывістаў, з ЦК прыйшоў сакратар Кузьмін. Пра творчасьць юбіляра зрабіў паведамленьне крытык Бугаёў. Пасьля нешта блытана (п’янавата) дзякаваў я — усім сябрам і ворагам. З нагоды юбілею хацелася быць вялікадушным. Кузьмін казаў, што вось-вось павінна прыйсьці вестка пра ўзнагароджаньне, але нешта затрымліваецца ў Маскве. Ня сталі чакаць спазьнелай узнагароды, а як скончыліся выступы, пайшлі ў рэстаран, дзе разам абмылі і гіпатэтычную ўзнагароду.
У Горадні было горш. Абласное начальства, нібы ў якасьці выбачэньня за прычыненыя Быкаву ранейшыя крыўды, прызначыла ўрачыстасьць у вялікай залі палацу тэкстыльшчыкаў. Прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, інтэлігенцыі і нешматлікія сябры юбіляра. Пярэднія лаўкі заняло партыйнае кіраўніцтва вобласьці на чале з новым першым Кляцковым. На подыюм пасярод сцэны паставілі прывезенае з тэатральнага рэквізыту старамоднае, каралеўскага кшталту крэсла з высокім падсьпіньнікам і пазалочанай аздобай. Toe было самае пакутнае, што я мусіў трываць якіх пару гадзін. Я сядзеў, бы на патэльні, ледзьве слухаючы лісьлівыя выступленьні і прывітаньні і ў думках праклінаючы сябе за тое, што дажыўся да такога сораму. Тады ўжо я пэўна ведаў, што адношуся да тых людзей, якім трываць лаянку куды лягчэй, чым пахвалу. Да пахвалы не прывык і пачуваўся жахліва. Асабліва на вачох дзясяткаў знаёмых людзей, якія Бог ведае што пра мяне тады думалі.
Яшчэ праз колькі часу на маёй новай кватэры, якую я атрымаў па вуліцы Сьвярдлова, раздаўся тэлефонны званок. Далікатны жаночы голас сказаў, што з таварышам Быкавым хоча размаўляць начальнік абласнога ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. У мяне ёкнула сэрца — зноў! Аказалася — не. То быў новы начальнік, які месяц таму прыехаў у Горадню, чуў шмат пра мяне (яшчэ б!) і хоча пазнаёміцца сам і пазнаёміць калектыў чэкістаў. Ці ня мог бы таварыш Быкаў у суботу прыйсьці ў камітэт і распавесьці гродзенскім чэкістам пра тое, што напісаў, над чым працуе зараз?
Прыдушыўшы прыкрасьць, давялося пагадзіцца. Празь дзень я ўжо сядзеў за сталом прэзыдыуму перад некалькімі дзясяткамі пераважна маладых людзей у форме і штацкім. Я банальна думаў: як мяняецца час! I людзі. Нават чэкісты. Яшчэ нядаўна мой сябра Iван Друцэ, ня ведаючы майго гродзенскага адрасу, прыслаў тэлеграму: Гродна, КДБ, перадаць Васілю Быкаву. Ужо гэтыя людзі, разважаў Iван, павінны ведаць, дзе ў Горадні жыве Быкаў. Тэлеграма вярнулася назад з адзнакай: месцажыхарства Быкава не ўстаноўлена. Можа, з гэтага выпадку мяне і запрасілі? Аж, мабыць, не.
Пасьля выступу і нядоўгай, ня надта ажыўленай размовы з чэкісцкім калектывам я меў размову з яго начальнікам. Тое было амаль гасьцінна, за філіжанкаю кавы, у начальніцкім кабінэце. Начальнік сказаў, што ў папярэднія гады былі дапушчаны некаторыя памылкі ў адносінах да творчай інтэлігенцыі, у тым ліку і ў Горадні. Цяпер тыя памылкі належыць выправіць. Чэкісты маюць намер наладзіць рэгулярныя зносіны зь мясцовымі літаратарамі і хутка запросяць для знаёмства Карпюка і Дануту. Што ж, думаў я, можа, і правільна. А то столькі год і — незнаёмыя. Не зважаючы на ўсе высілкі Дубавінкіна і Фаміна…
Літаральна праз тыдзень новы начальнік упраўленьня КДБ па Гродзенскай вобласці раптоўна памёр ноччу на ўласнай кватэры. Ягоны плян знаёмства зь мясцовымі літаратарамі павіснуў у паветры.
А пасьля і згінуў зусім. Літаратары з абласным КДБ так і не пазнаёміліся.