66. Выключэньне Карпюка

66. Выключэньне Карпюка

Над намі ў Горадні штосьці зьбіралася, згушчалася, набрыняла чаканьнем. Мы пэўна ня ведалі, што, але адчувалі — будзе нядобрае. Неяк на вуліцы я спаткаў трохі знаёмую настаўніцу з Зэльвы. Як звычайна, папыталіся адно ў аднаго пра жыцьцё, я сказаў, што хваліцца няма чым. I яна суцешыла: вясной стане лепей. Што лепей? Настаўніца пасьмяялася: а можа, і горай. Хто сказаў? Мае карты гавораць…

Я хутка забыўся на тую размову, як аднойчы ў рэдакцыі пачуў: пасьля абеду — закрыты партсход. Закрытыя партсходы здараліся нячаста, звычайна праводзілі адкрытыя, на якія я, канешне, не хадзіў. Карпюк змушаны быў хадзіць, ён быў на партуліку ў рэдакцыі. Прыйшоў і цяпер, зазірнуў да мяне ў аддзел саўработы, дзе я сядзеў. Твар яго быў змрочны, і ён адразу сказаў: «Будуць выключаць». — «Каго?» — «Мяне…». Во гэта навіна, падумаў я. Завошта? Чаму? Што здарылася?

Але што здарылася, пра тое неўзабаве стала вядома.

Прыйшоў прадстаўнік з гаркаму, абвясьціў цэлы стос палітычных грахоў члена КПСС Аляксея Карпюка і вынес на абмеркаваньне прапанову гаркаму — выключыць. Карпюка ў рэдакцыі ведалі гадоў, можа, пятнаццаць, старэйшыя работнікі некалі працавалі зь ім, і мала хто з разуменьнем паставіўся да тае прапановы гаркаму. Праўда, ведалі ягоны няўрымсьлівы характар, але паважалі яго як героя вайны, вядомага на Гарадзеншчыне партызанскага камандзіра. Як пачалі галасаваць, толькі тры ці чатыры камуністы (пераважна адстаўнікі-вайскоўцы) прагаласавалі за выключэньне, астатнія — за вымову. Прадстаўнік гаркаму сваё заданьне ня выканаў і пайшоў незадаволены. Трэба было чакаць працягу.

I сапраўды, працяг не замарудзіў зьявіцца — праз тыдзень Карпюка выклікалі на бюро гаркаму і выключылі аднагалосна.

На вуліцы ў абедзенны перапынак я спаткаў першага сакратара гаркаму Магільніцкага, якога трохі ведаў, і спытаў: за што так строга? Хіба Карпюк — злачынца? А ён мне адказвае: «Горш чым злачынца». I пайшоў, не разьвітаўшыся. Разгублены, я пайшоў у другі бок і думаў. Колькі іх, гэткіх сакратароў, валадароў нашых лёсаў, прайшло панад намі? Над кожным пэўны час зьзяў валадарны німб сілы і сьвятасьці, здавалася, яны маглі ўсё. I яны рабілі тое, чаго ад іх вымагалі іншыя, вышэйшыя, яшчэ з большым німбам. У тым яны бачылі ці не адзіны сэнс сваёй працы і чакалі, калі будуць аддзячаны кар’ерай і вышэйшасьцю. Але здаралася, што і згаралі — ад празьмерных высілак, п’янкі ці амаралкі і сыходзілі ў нябыт на другі ж дзень, як вытрасаліся з сваіх кабінэтаў. Бы іх і не было ніколі. Тады на іх месца прыходзілі іншыя — таксама зь нязьменным німбам партыйнасьці, і ўсё пачыналася спачатку. Што да Магільніцкага, дык менавіта на справе Карпюка ён узьнёсься высока — аж да пракурора рэспублікі, каб у свой час гэтак жа нізка гэпнуцца і згарэць. Цяпер яго ў Горадні няма чым і прыпомніць. Хіба ў зьвязку з ганебнай расправай над пісьменьнікам Карпюком.

Але Карпюк быў ня з тых, хто мог бязвольна скарыцца ўладзе, ці ворагу, ці звычайнай жыцьцёвай бязглузьдзіцы. Усё жыцьцё гэты чалавек імкнуўся асядлаць свой лёс, хаця тое і каштавала яму аграмадных высілкаў і далёка не заўжды ўдавалася. Але ўдавалася нават у вайну, як ён уцякаў з канцлягеру, пасьля выбавіўся ад расстрэлу ў партызанскай брыгадзе. Ды й на фронце ўвогуле яму шэнціла, бо пазбыцца пагібелі зь яго цяжкой ранай ня кожнаму ўдалося б. Карпюк выжыў. Зь ягонай прагай да жыцьця ён жыў бы і болей, калі б тое жыцьцё не ўкарацілі зламысьнікі.

Для Карпюка пачалася доўгая паласа душэўных пакутаў, хаджэньняў па інстанцыях, па ўсіх гэтых парткамісіях зь іх драпежным партыйна-партызанскім актывам. Ужо тыя, пра каго Карпюк гаварыў і пісаў, што яны за вайну ні разу ня стрэлілі ў жывога немца, паказалі сваю прынцыповасьць — аднагалосна адвяргалі Карпюковы апэляцыі. Сінхронна спрацавалі і ягоныя калегі ў Саюзе пісьменьнікаў — зьнялі Карпюка з працы сакратара абласнога аддзяленьня. З тым загадам у Горадню прыехаў сакратар СП Грачанікаў, які, аднак, паслаў сваё менскае начальства на тры літары і да адыходу цягніка зашыўся ў рэстаране, чым выклікаў нашае да яго шанаваньне.

Канешне, бяда ня ходзіць адна. У той час беды кружлялі карагодамі. Захварэла Карпюкова жонка, настаўніца Iна Анатольеўна, Аляксей змушаны быў адвезьці яе ў Бараўляны. На руках у беспрацоўнага пісьменьніка засталося трое дзяцей. Кніжкі, што меліся неўзабаве выйсьці, апэратыўна павыкідвалі з выдавецкіх плянаў. Грошай ня стала, як ня стала і ніякіх спадзяванак на іх. Карпюк пазычаў у мяне, але я таксама ня быў багаты і пісаў у літфонд заявы аб аднаразовай дапамозе — для сябра. Яму дапамогі ўжо не давалі. Часам, у шэрую гадзіну мы дзе-небудзь спатыкаліся ўтрох — Карпюк, Клейн і я — меркавалі, як быць? Клейн раіў не пагаджацца — змагацца, пісаць — праўда на тваім баку. Але каму патрэбна была Карпюкова праўда?

Як пасьля стала вядома, у абласным КДБ вылучылі адмысловага афіцэра, маёра Хаміна, які засеў «хімічыць» на Карпюка крымінальную справу. Выключэньне з партыі было толькі пачаткам — чалавека належала пасадзіць. Паколькі Карпюк меў геройскую рэпутацыю з вайны, вырашылі падлавіць яго менавіта з гэтага боку. Маёр зьезьдзіў у Польшчу, па вайсковых сьлядох Карпюка, наведаў Штутгоф, дзе той сядзеў і адкуль уцёк, шукаў кампрамат і дакумэнты. Ну і, вядома, пакарыстаўся ўласнай фантазіяй, — сачыніў, чаго не хапала. Сачыняць яны ўжо ўмелі, былі адукаваныя. Гэта колішнія чэкісты былі з абмежаваным уяўленьнем і змушалі зэкаў саміх прыдумваць сабе злачынствы. Гэтыя сачынялі самі.

Мінула трохі часу, і, як пасьля стала вядома, старшыня тадышняга Камітэту дзяржбясьпекі СССР Ю. Андропаў дакладваў у ЦК КПСС: «Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі мае зьвесткі аб нездаровых настроях беларускіх пісьменьнікаў — члена КПСС Карпюка і Быкава… Карпюк нелегальна распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых усялякія пасквілі ў выглядзе кнігі Гінзбург-Аксёнавай „Круты маршрут“ і іншыя. Адмоўна ўзьдзейнічае на моладзь. Пад яго ўплывам студэнт Гродзенскага педінстытуту Малашэнка піша вершы, прасякнутыя пэсімізмам і ўпадніцтвам, некаторыя зь іх утрымліваюць шкодны палітычны сэнс… Погляды Карпюка ў пэўнай ступені падзяляе Быкаў, аўтар тэндэнцыйнай аповесьці „Мёртвым не баліць“… У цяперашні час да Быкава выказваюць інтарэс ідэалягічныя цэнтры ворага. Гэта відно, прынамсі, зь перапіскі зь ім супрацоўніка закрытага сектара „Народна-працоўнага саюзу“ (НПС), якая вядзе яго антысавецкую апрацоўку. З Быкавым устанавіў кантакт італьянец Поджы, які падазраецца ў прыналежнасьці да спэцорганаў ворага… Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі з санкцыі ЦК кампартыі рэспублікі рыхтуе мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленьне магчымых варожых акцый з боку названых асобаў».