23. ІПТАП. Разгром

23. ІПТАП. Разгром

У лютым наш полк (IПТАП) сваім ходам выехаў на фронт і заняў пазыцыі ззаду за пяхотай. То быў супрацьтанкавы абаронны раён (ПТОР) на кірунку верагоднага прарыву нямецкіх танкаў. Гэтая верагоднасьць была вызначана кімсь з д’ябальскай дакладнасьцю, бо хутка гэты полк быў дашчэнту разгромлены за адзін ранак. Амаль нічога не засталося: ні гарматаў, ні нашых цягачоў — «студэбэкераў». I гэта за тры месяцы да канца вайны, і такая колькасьць танкаў. (Адкуль яны браліся, можна прачытаць у нядаўна перакладзеных успамінах Альбэрта Шпэера, рэйх-міністра па ўзбраеньні. Ён там распавядае, як перабудаваў нямецкую вытворчасьць на вайсковы лад. У тым ліку і на выпуск танкаў, самалётаў і ўсяго іншага, чаго ў іх хапала да канца вайны.)

Што да Венгрыі, дык немцы ўсю зіму грамілі там два ўкраінскія франты — Маліноўскага і Талбухіна. Калатнеча была страшэнная, але яна засталася амаль невядомай у Саюзе, замоўчанай савецкімі СМI. Толькі пасьля апублікаваньня мэмуараў маршала Маліноўскага стала відаць, што абстаноўка ў Венгрыі склалася тады катастрафічная. Немцы разграмілі некалькі нашых армій (асабліва дасталося 3-му Украінскаму фронту маршала Талбухіна), выйшлі да Дунаю. Мяркуючы па ўсім, Сталін ня ведаў, як ратаваць фронт, і, паводле сьведчаньня Маліноўскага, даў права яму і Талбухіну вырашыць: пакідаць фронт на правым беразе ці эвакуяваць яго на левы. А што такое — эвакуяваць фронт? Гэта ж маса войска, тэхнікі, зноў жа — тылы. Пераправы ж былі ўсяго дзьве, — пантонныя цераз Дунай. I Маліноўскі піша, што яны з Талбухіным прынялі рашэньне эвакуяваць, каб выратаваць фронт. Але ў тыя дні якраз пайшоў лёд па Дунаі, шуга, якія і зьнесьлі абедзьве наплаўныя пераправы. Такім чынам, фронт павінны быў ратаваць сябе сам. Там шмат загінула, а мы ўратаваліся. З ранейшай маёй дывізіі мала каго засталося. Зараз наладжваюць сустрэчы франтавікоў, і я кожны раз пытаюся, хто ёсьць з 924-га палку? Некалькі тылавікоў, доктар з санчасьці ды тыя, хто, як я, выбыў па раненьні ў сьнежні.

I вось я ваюю ў артылерыйскім супрацьтанкавым палку. Увогуле, малапрыемная справа апынуцца сярод незнаёмых людзей у якасьці новенькага, да каго ўсе прыглядаюцца, бы правяраюць. Я ўжо ведаў тое паводле ранейшага вопыту і стараўся не спудлаваць. Тое, што звычайна даравалася свайму, сталаму, наўрад ці даравалі б новенькаму. Гэта ў рознай ступені адносілася як да начальства, так і падначаленых, роўных табе таксама. Сталы можа дзе і спалохацца, лішне засьцерагчыся, новенькі ж ня мае на тое права.

А ўжо калі спатрэбіцца кім ахвяраваць, ці кім рызыкнуць, дык тут новенькі будзе якраз дарэчы.

Але тое няпроста, як і ўсё на вайне. Найперш таксама аказваецца, што нашыя 76-мм гарматы супраць танкаў малаэфэктыўныя. Увогуле тая гармата — не супрацьтанкавая, проста яе выкарыстоўваюць у гэтай якасьці. Бо іншых няма. Адлегласьць прамога стрэлу ў яе малая, прабойная сіла снараду таксама. Прыцэльныя магчымасьці кепскія — горшыя, чым у саракапяткі. Наогул якасьць зброі — заўсёды наша самае злабадзённае пытаньне. У шпіталі ці дзе ў зацішку мы болей за ўсё пра тое гаворым — якая гэта дрэнь нашы аўтаматы, кулямёты, гарматы ды і танкі. Але на палітзанятках пра тое сказаць немагчыма, бо ва ўсіх газэтах напісана, што наша зброя лепшая за нямецкую, што ў немцаў усё дрэнь ды эрзацы. I хлеб, і мыла, і кава. Ды яшчэ сьмярдзючы дуст, якім яны перасыпаюць усё ў бліндажах. Куды лепей, як мы, вошы смажыць у бочках. Часам нам чытаюць загады пра выпадкі, калі некаторыя афіцэры асуджаны вайсковым трыбуналам за пахвалу нямецкай зброі. Тым болей нямецкай тактыкі. Нашая тактыка таксама лепшая за нямецкую, чуем мы, і толькі некаторыя з нас пры тым крыва ўсьміхаюцца. Але маўчаць.

Тады мы таксама займалі ПТОР — гэта значыць, разьмяшчаліся на танканебясьпечным напрамку, на прамой наводцы. Да пярэдняга краю, можа, кілямэтры два. Стаім, відаць, з тыдзень. Увогуле спакойна, хіба толькі даймае нямецкая авіяцыя. Але дзе яна не даймае? Цераз дарогу ад маіх гарматаў разьмяшчаюцца агнявыя пазыцыі майго сябра лейтэнанта Беражнога, які дужа любіць кніжкі, заўсёды нешта чытае. Я таксама люблю пачытаць. Неяк узяў у яго «Сястру Кэры» Драйзера, але прачытаць не пасьпеў, і ўвечары ён прыйшоў да мяне па кніжку. Я папрасіў адтэрміноўкі, і Беражны пайшоў на свае пазыцыі.

А ранкам прачынаюся ў зямлянцы (зямляначкі ў нас былі дужа саплівенькія). Прачынаюся ад прадчуваньня таго, што нешта здарылася. Сьпярша не магу зразумець, што? Страшэнны роў, дым і агонь. Выскокваю зь зямлянкі і зноў не магу зразумець нічога. Нічога не відаць, дым ёсьць вочы.

Зьверху нешта абрушваецца, падае, вые. Быццам сырэны. Аказваецца, пікіруюць «месэршміты». А ў нас на агнявой была скрынка ракет — звычайных для ракетніц на выпадак начной стральбы. Дык самалёты абстралялі і падпалілі ракеты. Тыя гараць і ўзрываюцца. Асколкаў няма, але… Ракеты там асьвятляльныя, каляровыя, букетныя, усё гэта гарыць, пыхае, ірвецца, і роў абрынаецца зьверху. Адзін самалёт адыдзе, за ім пікіруе другі, і з кулямётаў лупяць. Я ўжо ня памятаю, ці яны адляцелі, ці яшчэ пікіравалі, але мы пачалі тушыць пажар. I вось тады да нашага слыху данеслася, што насоўваецца і горшае. Зямля хадуном захадзіла, дрыжыць і, канешне, — знаёмы гул. Калі ветрам трохі аднесла дым ад гарэлых ракетаў, зірнуў я на дарогу, што была збоч. А трэба сказаць, полк разьмяшчаўся так: дзьве батарэі з гэтага боку, тры з таго. Тое называецца — асядлаць дарогу. Дык вось па той бок дарогі за пасадкай прэ натоўп танкаў. Здалося, менавіта натоўп, ідуць суцэльным гуртам, бы каровы на вадапой. Ніякага там баявога парадку, толькі пярэднія страляюць з гарматаў. Вось так, не спыняючыся, прайшлі і палову нашага палку, бы зьлізалі. Бы яго і не было — ні гарматаў, ні машын, ні людзей. Тут да мяне прыбягае камбат, старшы лейтэнант Ахрын (жыве ў Нікалаеве, зрэдчас мы перапісваемся): «Вытасківай пушку, падагнаць машыны!.. Матаем адсюль!» Падагналі «студэбэкеры», выцягнулі гарматы і некуды ўбок. Па рацыі камандзір палку загадаў — наперарэз танкам. Але тут трапілі ў нейкае забалочанае кустоўе, машыны пачалі грузнуць, пасьля прабіраліся па зарослых дубняком пагорках. Вядома ж, спазьніліся куды трэба было і трапілі пад абстрэл з танкаў, якраз на палявым касагоры, які выдатна прастрэльваўся зь сяла. У нас было машынаў дваццаць, гармат меней — дзьве батарэі. I мы рашылі, што трэба прарывацца па адной машыне. Машына разганяецца і як мага шпарыць па касагоры, а танкі страляюць. Так адна пройдзе, а другую спаляць. Я праскочыў, не пацэлілі. Iншых пападбівалі і папалілі…

Яшчэ празь дзень засталася ў нас адна мая гармата з машынай, радыёстанцыя і штабная машына. Астатнія ўцалелыя пайшлі іншым кірункам, бо ўсім разам прайсьці было нельга. Але з намі камандзір палку палкоўнік Парамонаў, штаб, некалькі тылавікоў і аўтаматчыкаў. Прыпыніліся ноччу ў нейкім венгерскім фальварку — вялікі дом пад чарапіцай, стайні, аборы. Наперадзе шырокі магістральны канал, там пантонная пераправа, і нам трэба на той бок. Але пераправа ўжо захопленая немцамі, нам далей ходу няма. Пад кустоўем у канцы падворку паставілі гармату. Перад намі шырокі роў, а за ім дарога на пераправу. I на гэтую дарогу ўранку хлынуў усё той жа танкавы натоўп. У паветры — гул, гром, лязгат гусеніцаў, нават блізка нічога нельга пачуць.

I тут прыбягае да мяне парторг — камандзір палку загадаў адкрыць агонь. Ну што ж, агонь дык агонь. Але ці доўга так пастраляеш? Наводчык прыцэліўся і стрэліў. Я побач сачу — ці пацэліў? Ды бачу, снарад пайшоў высока ў неба. Што такое? — крычу наводчыку, той удакладніў на панараме прыцэл. Зноў стрэліў. Я чакаю, каторы танк спыніцца, ды дзе там! Снарад б’е ў зямлю побач. Тады кідаюся да гарматы… А ў ёй ёсьць такі механізм — паралелаграм зь цягай, якая злучае панараму са ствалом. Куды ствол, туды і прыцэл — паводле ідэі. Але як мы цягалі гармату па лясах і пагорках, зрушылі тую цягу, і цяпер панарама і ствол не паралельныя. Трэба рамантаваць.

Далажыў парторгу, той пабег дакладваць камандзіру палку. Разумны чалавек быў наш палкоўнік Парамонаў, вылаяўся і махнуў рукой. Бо што тут можна зрабіць? I хто вінаваты? Пакуль мы мітусіліся, танкі прайшлі на пераправу і за пераправу. А нас тым часам з вышынь за каналам пачалі абстрэльваць свае цяжкія мінамёты. Мабыць, бачаць, што сноўдаюць нейкія людзі, во яны і б’юць, толькі чарапіца з дахаў разьлятаецца. Тут мяне кліча камандзір палку і, паколькі я праштрафіўся, дае заданьне перабрацца за канал і наладзіць сувязь з тымі мінамётчыкамі. Для таго выдзяляе мне чалавек пяць артылерыстаў, нейкіх прыблудных сапёраў і нашага батарэйнага старшыну Жарава. Што ж, сабралася група чалавек дванаццаць, прыгнуўшыся, пабеглі па полі. Але далёка не адбегліся, гляджу — нічога ня выйдзе: тыя з-за каналу адразу накрылі нас агнём. Залеглі, што рабіць? Двух параніла ўжо, некага забіла. Старшыне асколак у задняе месца ўпіўся. А да каналу яшчэ ісьці ды ісьці… Мінамётчыкі, канешне, падумалі, што гэта немцы. Ну і вырашыў я вярнуцца. Забралі двух параненых, забітых пакінулі, і ўсё пад агнём, між разрываў прыйшлі на фальварак. Камандзір палку нават ня лаяўся, сам усё бачыў.

Праўда, мінамёты неўзабаве перанесьлі агонь далей, рашылі, мабыць, што з фальваркам скончана. I мы там неяк даседзелі да ночы. Ноччу вырашылі прарывацца, бо іншага выйсьця няма. Паслалі лейтэнанта Борматава (цяпер палкоўнік, жыве ў Крывым Розе) разьведаць пераправу — ці цэлая. Ці, можа, мінамётчыкі яе ўжо расстралялі. Аказалася, пераправа цэлая, канешне, пад аховай (побач стаяць два бронетранспарцёры) і пад’езд да яе перагароджаны шлягбаўмам. У нас адна гармата, машына з радыёстанцыяй, яшчэ машынаў штук пяць. Першым пусьцілі мой «студэбэкер», затым астатнія. Задача — зьбіць шлягбаўм і праскочыць на той бок каналу. Але і на тым беразе таксама немцы, пасьпелі ўжо захапіць пляцдарм. Чуваць, там ідзе бой, усё грукоча і грыміць. Мы з камбатам стаім на падножках абапал кабіны, у кузаве салдаты са зброяй напагатове. У прыцемках пад’ехалі да шлягбаўма, насустрач выскачыў немец з кружком чырвоным, бліснуў нам, штось крыкнуў… «Студэбэкер» усё ж магутная машына, як урэзаў ён у гэты шлягбаўм, той і адляцеў. Мы праскочылі цераз пантоны на той бок, там адразу каменны дом і паваротка на вуліцу. А ззаду пачалася страляніна, але мы па гэтай вуліцы рванулі, як толькі можна было ў прыцемках. Здаецца, усе праскочылі, толькі самую заднюю машыну падбілі. Адразу за паселішчам прыпыніліся, бо нас абстралялі ўжо свае, паранілі двух салдатаў у кузаве і прабілі кола ў маім «студэбэкеры».

Неўзабаве паявілася начальства, і мы занялі абарону пад вышынямі. У пяхотным ланцугу паставілі гармату. З тыдзень ішлі баі за тыя вышыні, але танкі далей не пайшлі. Мабыць, сваю задачу яны выканалі, паехалі на іншы ўчастак. А тут калашмацілі адна адну пяхота, вышыні на некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Я з гарматай акапаўся пад самай вышынёй, тое нас, мабыць, і ўратавала. Бо тых, што былі ззаду, немцы расстрэльвалі з вышынь, а нас пад носам ня бачылі. Там у нас загінуў падпалкоўнік Аўчароў, капітан Кавалёў, двое ўзводных і шмат салдатаў. Аднойчы пяхота ўцякла, пакінула маю гармату, якую мы не маглі выкаціць. Але абышлося — уратаваў туман. А ўвогуле маю гармату ратавала нашая самаходка, што згарэла ў першы дзень і прыкрыла нас сабой з боку ад каналу, адкуль наш пляцдарм прастрэльвалі немцы. Яшчэ нас бамбілі свае «кукурузьнікі» — жаночы авіяполк. Кожную ноч вешалі ў небе ліхтары і пачыналі кідаць бомбы. Добра, што яны не цалялі — проста разгружаліся… У перапынках паміж бамбоўкамі прыходзіў нампаліт маёр Цквітарыя, тлумачыў нам загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, звароты Ваеннага савету наконт таго, каб ні кроку назад. Як пачыналася бамбоўка, ён кідаўся да ровіку, але быў тоўсты, няспрытны, месца ў цесным ровіку яму не хапала. Тады ён крычаў: «Я намесьнік камандзіра палку, прыказываю асвабадыт места…». Як ён хутка сыходзіў, на вышыні пач[ын]алі працаваць нямецкія «гукаўкі». Праіграўшы «Сьценьку Разіна» або «Ямшчыка», яны абрыналі на нас шквал уласаўскай прапаганды накшталт таго, што пад кіраўніцтвам Гітлера пачаўся пералом у вайне, што ня сёньня, дык заўтра мы будзем тут канчаткова дабітыя, таму трэба ратаваць сваё жыцьцё, а не паміраць за Сталіна і ягоных жыдоў-камісараў. Але тая прапаганда ўжо ні на кога ня дзейнічала, мы ўжо выдатна разумелі, што час Гітлера мінаўся.

Дзесьці ў гэты час мы атрымалі новыя, 57-мм гарматы.

Гэта ўжо былі добрыя супрацьтанкавыя гарматы — з доўгім ствалом і вялікай прабіўной сілай снараду. Яны нам адразу спадабаліся. Я сам прыстраляў іх паводле ўласнага спосабу — з дапамогай біноклю. Трапнасьць іх таксама была выключная, і мы шкадавалі толькі, што паявіліся яны ў нас гэтак позна. Але і тое добра. У хуткім часе яны нам паслужылі, як за ўсю вайну не служылі іншыя гарматы.