69. Выключэньне Клейна
69. Выключэньне Клейна
Тым часам падзеі ў Горадні разьвіваліся па адмысловым сцэнарыі. Наш сябра Барыс Клейн быў чалавек разумны і заўсёды даваў слушныя парады. Асабліва апошнім часам, як над Карпюком сабралася гэтае ліха. Болей схільны да безнадзейнасьці, я часам лічыў, што нічога ня зробіш, трэба мірыцца з тым, што ёсьць. Ён жа заўсёды раіў змагацца, некуды пісаць, езьдзіць, зьвяртацца. Толькі аднойчы я ўбачыў яго разгубленым, гатовым зьняверыцца ва ўсім.
Неяк я сядзеў за сталом, штосьці пісаў, ды ў вакно пастукаў Карпюк (я жыў на першым паверсе.) Як я выйшаў на вуліцу, Аляксей запытаўся: «Барыс табе не званіў?» — «Не, не званіў. А ў чым справа?» — «А ў тым, што яго зранку паклікалі ў гаркам і дагэтуль няма. Пойдзем у парк, там пачакаем».
Тое ўжо была навіна — кепская навіна. Мы моўчкі дайшлі да Каложы, селі пад кустом на ўзьмежак. Клейн ведаў гэтае месца і павінны быў прыйсьці. Мы маўчалі. Пра што было гаварыць?
Ён і праўда прыйшоў, гадзіны празь дзьве, ужо надвячоркам. Прыйшоў і стомлена сеў побач. «Ну, усё! Усё прапала. Выключылі і мяне… Зьнялі з работы, адбяруць кандыдацкі дыплём… Цяпер я — ніхто…»
Але што здарылася? I што прычынай таму?
Пачалося, аказваецца, не цяпер, — здаўна, пра што Барыс не здагадваўся і не падазраваў. Пры ўсёй яго памяркоўнай асьцярожнасьці, трапіў, бы вяпрук у нерат, зь якога наўрад ці было як выкруціцца.
Кандыдацкую дысэртацыю Барыс Клейн абараняў у Вільні, дзе часам сустракаўся з аднакашнікам па ЛГУ дацэнтам Д. Але на той час усчалася барацьба з літоўскім нацыяналізмам, і Клейн дачуўся, што ягонага аднакашніка звольнілі з працы і, здаецца, зьбіраюцца выключыць з партыі. Рухомы сэнтымэнтальнымі пачуцьцямі, Барыс аднойчы па дарозе зь Ленінграду ў Горадню завітаў на кватэрудацэнта. Якраз было трохі часу паміж цягнікамі, і былы асьпірант хацеў зь ветлівасьці суцешыць літоўскага навукоўца, выказаць яму свае спачуваньні. Яны няблага пагаварылі той вечар, гаспадар пачаставаў госьця чаркай каньяку. І, абняўшыся, разышліся. Па дарозе ў Горадню Барыс усё перажываў за калегу, думаў, як яму памагчы. Мабыць, і калега, застаўшыся ў сваёй віленскай кватэры, не займеў злога намеру супраць госьця, але ён баяўся. Ён дужа баяўся, што ягоны беларускі калега мог быць падасланы з беларускага КДБ, запісаў іхнюю гаворку і данясе ў літоўскую бясьпеку. Невядома, колькі часу гэтак прапакутаваўшы, Д. надумаў апярэдзіць беларускага «агента» і сам напісаў пра іхнюю сустрэчу і, вядома ж, пра крамольную размову. Літоўскі КДБ пераслаў тую інфармацыю ў Менск. Менская бясьпека даручыла гарадзенскай — разабрацца і прыняць меры.
Разьбіраліся даволі доўга і грунтоўна. Барыс гаварыў, што запісалі зь вялікай дакладнасьцю ўсе тэлефонныя размовы і нават побытавыя размовы з жонкай — на кухні і ў спальні, так што наконт выказваньняў — поўная адэкватнасьць. І наконт Карпюка і Быкава, і асабліва наконт «братняй дапамогі» Чэхаславаччыне, якую камуніст Клейн недзе назваў вераломнай акупацыяй. Абвінавачваньне сьцьвярджала, што ўжо з пачатку 60-х гадоў ён пераконваў людзей весьці барацьбу супраць сталіністаў і крамлёўскага кіраўніцтва, якое называў «групай вырадкаў», і шмат што іншае. З фармулёўкамі праблемаў не было, таму лёгка і аднагалосна выключылі. Амаль адначасна ён страціў пасаду дацэнта ў мэдінстытуце, неўзабаве змушаны будзе здаць свой кандыдацкі дыплём і сапраўды стане «ніхто».
«I ты паднімеш рукі? Здасіся гэтым душагубам? Ты ж мне раіў тузацца, бы жаба ў малочным збане? Дык тузайся! Пішы, хадзі — ня сьпі ў шапку!» — злосна раіў яму Карпюк. Сам ён усё і ўсяляк тузаўся, праўда, пакуль без жаданага выніку. Цяпер будуць тузацца ўдвух. Але тузацца ўдвух ім ніхто не дазволіць, бо тое групавуха — гэта яшчэ больш строгі артыкул. Паасобку, па адным, яшчэ дазвалялася. Тузацца.
Увечары мне хтось пазваніў, ціхім голасам сказаў, каб я трымаўся далей ад тых двух. Бо яны нібыта хочуць утапіць і мяне. У тое я слаба паверыў, але ранейшая ахвота сустракацца, абмяркоўваць, гутарыць пакрысе змарнела. Я заставаўся адзін. I я парадаваўся тады, што ня член партыі, не дацэнт, што мяне выключыць няма адкуль. Хаця, канешне, можна зрабіць шмат іншага, ад чаго ня ўзрадуешся. I я міжволі стаў чакаць гэтага іншага. Бо адчуваў — чарга набліжаецца.
Клейн тузаўся. Як звычайна ў такіх выпадках, змушаны быў прайсьці ўсе дантавы колы пакутаў — найперш шматлікія парткамісіі са злобнымі катамі — састарэлымі бальшавікамі, якія, бы помсьцячы за безьліч уласных пакутаў і прыніжэньняў, зласьліва прыніжалі выключанага, прымушалі яго прызнацца ў злачынстве, раззброіцца перад партыяй і савецкім народам. Сынхронна з партыйнымі органамі працавалі і ўсе іх кафедры, вучоныя саветы, рэктараты і ВАКі. Я, хоць сам адчуваўся дужа няпэўна, распавядаў пра гродзенскія драмы, дзе толькі было магчыма, у тым ліку і ў Маскве. Аднойчы зьвярнуўся і да Кузьміна. Той з уважлівай заклапочанасьцю выслухаў, пагадзіўся, што Клейн разумны чалавек і добры навуковец, але і ўсё. I я зразумеў, што ёсьць іншыя сілы, уладай над якімі сакратар ЦК не валодае. Хутчэй — яны валодаюць уладай над ім.
Вельмі хутка гісторык Клейн апынуўся на гарадзкой гародніннай базе, дзе цягаў скрынкі з буракамі і морквай. Але суду над ім не было, нікога не пасадзілі. Toe ўжо было зразумета як добры сімвалічны знак, амаль вястун лібэралізацыі. I праўда, неўзабаве нейкі зрух адбыўся і ў справе Карпюка, якога нечакана выклікалі на бюро ЦК КПБ.
Значна пазьней, калі напал драматызму тых даўніх падзей стаў забывацца і шмат якія былыя «загадчыкі» нашых лёсаў разышліся хто куды, сталі вядомыя некаторыя дэталі тагачасных падзеяў. Былы гаспадар Гродзенскай вобласьці Мікуловіч распавёў за чаркай, як ён уратаваў Алёшу, а заадно і Васю (Карпюка і Быкава) ад бяды і турмы. Калі гродзенскі КДБ накапaў на Карпюка справу, абласны пракурор прынёс яе на санкцыю «першаму». Мікуловіч паглядзеў, пагартаў і ажно спалохаўся — кожны артыкул абвінавачваньняў цягнуў мінімум на 15 гадоў. А ўсяго тых артыкулаў было ці ня 7. Шкада яму стала Алёшу, і ён папытаў у пракурора, ці пэўна ўсё тое даказана? Ці грунтоўна? Пракурор трохі «замяўся» — што-нішто, можа, і ня надта грунтоўна. Тады Мікуловіч: «Вярніце справу назад, хай дасьледуюць як мае быць». (Каб ужо засадзіць пэўна і надоўга.) Пракурор паслухмяна вярнуў. Але ні ён, ні Мікуловіч, ні КДБ, мабыць, не ўлічылі, што Карпюк не дарма браў прыклад з жабы і прадаўжаў «тузацца».