13. Ноч у сяле. Сьцірты
13. Ноч у сяле. Сьцірты
У хаце, дзе сабралі параненых, я спаткаў аднакашніка з вучылішча. Таксама параненага. Мы дамовіліся раніцай выбірацца разам. Была там і адна санінструктарка, баявітая дзеўка накшталт маёй Каці. Уначы мы нават выпілі трохі, — знайшлося ў некага. Потым хлопцы апаролі ў падпечку трусоў, давай трусоў гэтых рэзаць. Хоць і параненыя, а есьці хочацца. Бліжэй да ночы разбалелася нага, і я прылёг на лаўцы. Апоўначы хтось мяне будзіць — расплюшчыў вочы, а гэта наш камандзір батальёну капітан Сьмірноў, пытаецца: «Ты паранены? Хадзіць можаш?» Кажу: не. Крыху наступаць мог, але сказаў, што не. Ён кажа: «Во зьбіраю батальён…». Закурыў, пагрэўся і пайшоў. Я зноў задрамаў і прачнуўся ад таго, што ўсё хадуном ходзіць, страшэнны абстрэл. Па сяле б’юць мінамёты, чутно, што і танкавыя гарматы таксама страляюць, — гук такі асаблівы, кароткі.
Прыкрыцьця ніякага, мы ж у сваім тыле. Параненыя затрывожыліся і пачынаюць па адным выпаўзаць на вуліцу. А на вуліцы ўжо імчацца фурманкі, ратуюцца. Мой аднакашнік, малодшы лейтэнант, кажа: «Давай пойдзем да царквы, там цераз поле — нашы».
Неяк мы зь ім выйшлі з нашай хаціны, але да царквы не дайшлі, нас абстралялі. Я кажу: «Там мы ня пройдзем» — і вярнуўся, ён пайшоў адзін. Ды празь нейкі час расчыняюцца дзьверы, і ён падае на парозе зь дзьвюма кулямі ў горле. Крывавая пена з роту і з ранаў. Нешта хацеў мне сказаць, ды толькі хрыпеў. Хутка сканаў на маіх руках. Яшчэ праз гадзіну ў хаце засталіся толькі тыя, што не маглі хадзіць, астатнія паразьбягаліся. Танкі ўжо ўвайшлі ў сяло. Бачу, тут мне не адсядзецца. Нага распухла за ноч і баліць горш, чым напачатку. Ступіць я ўжо не магу. Тады і я выпаўз. У двары нейкі дзядзька з пограбу дае мне пачак аўтаматных патронаў і зноў — кумулятыўную гранату. Патронаў я ня ўзяў — у пісталеце ў мяне былі патроны. А гранату ўзяў. Адкруціў ручку, паглядзеў, ці ёсьць запал. Запал быў на месцы. Так я ўзброіўся і думаю: «Мабыць, то — мой фінал, фініта ля камэдыя». I папоўз на дарогу.
А на вуліцы ўжо, мабыць, нашыя схлынулі, нікога няма. Танкі ўсё страляюць, асабліва на тым канцы сяла. I тут паяўляецца параконная фурманка, на ёй чалавек пяць салдатаў. Ага, думаю, стой! Крычу ім і махаю гранатай. Калі ня спыняцца, думаю, запушчу ў іх гранатай. Але чорта яны спыніліся, — пранесьліся міма. Рашучасьці кінуць гранату ў мяне не хапіла. Ды ўсё ж там знайшлася добрая душа, фурманка спынілася. Саскоквае адзін у паўшубку, падбягае да мяне, хапае пад пахі. Так я апынаюся ў фурманцы. I як урэзалі мы з таго сяла ў поле, вырваліся, можна сказаць, з-пад танкаў. А тыя не сьпяшаюцца нас даганяць, — страляюць з гарматаў, болей цераз нашыя галовы па тых, што далёка наперадзе. У паветры толькі фыркаюць танкавыя балванкі. Я аберуч трымаюся за нешта ў фурманцы і гляджу назад, на сяло. Ля царквы бачу нашу санчасьць у няхуцавай мазанцы. Адзін танк там раптам спыняецца і з вуліцы двума стрэламі б’е па хаціне, тая знікае ў воблаку пылу. I ўсё. Мабыць, тыя, што там заставаліся, абстралялі яго ці кінулі гранату, во танк і расправіўся зь імі. Па ўсёй верагоднасьці, тое ж назіраў аднекуль і мой камбат, які заходзіў перад тым, як пайсьці зьбіраць батальён. Дык ён, канешне, рашыў, што там застаўся і Быкаў. Так мяне сьпісалі зь ліку жывых, бо ў той полк я больш не вярнуўся.
Ёсьць і яшчэ адна версія паходжаньня мае «пахаронкі». Рэч у тым, што на тое поле пад Севярынкай наш полк не вярнуўся, начальства скіравала ягоную рэшту ў іншым кірунку. Забітыя заставаліся ў стэпе. Іх замяло сьнегам. І толькі як вясной сьнег растаў, пачалі вытайваць трупы, якія сяляне крукамі звалоквалі да саней і везьлі ў Севярынку. Ля аднаго зь іх, мабыць, знайшлі маю палявую сумку зь сякімі-такімі дакумэнтамі і палічылі, што той «падсьнежнік» ёсьць Быкаў.
Пасьля ў Севярынцы на братняй магіле зрабілі нейкі помнік зь некаторымі прозьвішчамі загіблых, сярод якіх апынуўся і я.
Пасьля ў мяне было яшчэ некалькі дзён прыгодаў, прыкладна такіх, як апісана ў «Мёртвым не баліць». Дарэчы, гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесьць, дзе ўсё ці амаль усё — праўда. Але менавіта тое, што праўда, і стала непрымальным для сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага мэтаду была праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўна-партыйны інстытут выдаўцоў, рэдактараў, рэцэнзэнтаў і крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалі правакацыйна агітаваць: пішыце праўду! Колькі нашага брата, пісьменьнікаў, пагарэла менавіта на праўдзе… А на хлусьні, наадварот, рабілі кар’еру.
Далей нас, параненых, везьлі кудысь на брані нашых танкаў. Была ноч, сьветлая, зімовая. I нас раз за разам бамбілі нямецкія самалёты. У часе бамбовак танкі спыняліся, і танкісты хаваліся пад імі, каб, калі загарыцца, пасьпець адбегчыся. А я ні зьлезьці, ні адбегчыся ня мог і ляжаў пад бомбамі зьверху. Толькі моцна трымаўся, каб ня скінула выбухам. Але пасьля адной асабліва лютай бамбоўкі, калі на сельскай вуліцы згарэлі дзьве машыны, ня вытрываў і скаціўся долу. Узьлезьці назад не ўдалося, і я запоўз у нейкую хату. Танкі пайшлі далей. Куды? — я ня ведаў, ды і танкісты самі ня ведалі. Даведаліся пасьля. Дык запоўз я ў хату, хтосьці памог, узьлез на ложак. Цёмна, ноч. На стале нешта стаіць, гаршчок нейкі. Сунуў туды руку, намацаў яшчэ цёплы бурак і пачаў яго есьці. Побач на ложку хтосьці ўжо ляжаў, мая рука ўсё трапляла ў штось мокрае на саломе, ды мне было не да таго. Я адразу заснуў. А як прачнуўся, пачало сьвітаць, гляджу на суседа, а гэта немец, обэрлейтэнант. Але ўжо нежывы, ужо сьцюдзёны і нават задубянеў. А быццам быў жывы, як я ля яго клаўся.
Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высьвеціла. На вуліцы нейкія выкрыкі, хтосьці кудысь бяжыць, а ў мяне, відаць, тэмпэратура паднялася, і я перастаў разумець, што адбываецца. I ад гэтай калатнечы, і ад недасыпаньня. Ва ўсякім разе я ўжо ня ведаю, хто ў сяле — нашы ці немцы? Бо страляніна чулася ў адным канцы, пасьля ў другім, раздаваліся незразумелыя крыкі, затым усё прыціхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сені. Каля дзьвярэй адгароджаны дошкамі засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пісталет і ляжу. Чую, бягуць па вуліцы, па дварах, але быццам гаворка ня наша, значыць, немцы. Дзьверы зачынены, але калі іх расчыніць, дык я тут жа, насупраць дзьвярэй, можа, трошкі збоку. I вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзьверы — немец! Адной рукой трымае дзьверы, а ў другой — аўтамат. А я зь пісталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэліць у кожную сэкунду, а яму для таго трэба перахапіць аўтамат у правую руку. I вось я ня стрэліў, а ён кінуў дзьверы і павярнуўся назад.
Я там праляжаў яшчэ нейкі час. Пасьля, як можна было меркаваць, немцы адсюль адышлі. Па вуліцы пайшлі нашы машыны. Праўда, адкуль і куды — не зразумець. Але я ўжо выпаўз з падворку і стаў ля паркану. Iдзе бензазапраўшчык, я пачаў махаць рукой, ды ён не спыніўся. Стаю, гляджу яму ўсьлед. Той выехаў зь сяла, едзе палявой дарогай, а там раздарожжа. Ён скіраваў улева, у бок невялікага ярка, а з таго ярка па дарозе — трасы. Запраўшчык і пыхнуў, бы факел.
Пасьля мяне ўсё ж падабрала адна машына і давезла да чыгуначнага пераезду. Там былі нашы матацыклісты зь нейкага разьведбату і яшчэ нейкія байцы. Мы сунуліся ў чыгуначную будку — можа, аднак, гэта былі чыгуначныя казармы. Рабочыя ў іх жылі. I там — жах адзін. Ляжаць на падлозе чалавек пятнаццаць нашых забітых… Аказваецца, танкісты ўчора пасьцягвалі сюды сваіх параненых, а па чыгунцы ходзіць нямецкі бронецягнік, — гэта ж яшчэ ў іхнім тыле. На досьвітку ў тую казарму зайшлі немцы зь цягніка і ўсіх параненых пастралялі. Дзядзька-рабочы кажа:
«Ратуйцеся, хлопчыкі, яны хутка зноў вернуцца!». Ну мы і пайшлі. Але куды? Ззаду чыгунка з бронецягніком, зьлева відаць, як за аўражынай немцы штосьці капаюць, далей шаша, па якой гужом ідуць нямецкія машыны, пэўна, выяжджаюць з Кіраваграду. А наперадзе — міннае поле, — яшчэ ўказальнікаў не прыбралі, на дарозе шыльдачкі з «Міnеn». Але іншае дарогі ў нас няма, а за полем хоць сьцірты, нейкае сховішча. I старшы лейтэнант, які быў сярод нас, кажа: «А ну, упярод! Хто першы?». У яго некалькі падначаленых у белых маскхалатах. Але іх ён не пасылае, ён хоча паслаць кагосьці з чужых. I паслаў аднаго, параненага ў галаву пехацінца. Той падарваўся першы. Затым другі пехацінец пайшоў, але падарваўся якраз ня ён, а свой, у белым халаце, які ішоў, здаецца, ці не чацьвёртым. Хоць і ішлі па сьлядах першага. Я стыргікаў ці ня пятым. Урэшце дабрылі да сьціртаў…
Закапаліся ў сьціртах, сядзім. Назіраем. Сапраўды, празь нейкі час прыходзіць бронецягнік, спыняецца на пераезьдзе. Зь яго выходзяць чалавек пяць немцаў, ідуць у наш бок. А там у полі стаялі дзьве пакінутыя машыны, мы думалі, яны таксама падарваліся на мінах. Аж не. Тыя немцы дайшлі да машын, там нешта парабілі (можа, замінавалі), павярнулі назад, да чыгункі. Час ідзе, мы чакаем.
Баі грукочуць вакол нас, на ўсім даляглядзе. Скрозь нешта гарыць, бухае. Тут жа, дзе мы, цішыня, апроч нас, няма нікога. Немцы нас ня бачаць. I раптам проста над сьціртамі спускаецца нямецкая «рама», трохі прабягае па сьнезе і спыняецца. Вылазіць лётчык, адчыняе капот, пачынае штосьці там калупацца. I адзін з разьведчыкаў кажа старшаму лейтэнанту: «А давайце захопім „раму“. Я авіямэханік, магу ўзьляцець». Увогуле дзіўнаваты намер, але што рабіць? Улезьлі мы добра, невядома, ці выседзім хоць бы да ночы. Карацей кажучы, пайшлі трое да самалёту. У белых халатах, не адразу зразумееш, хто? Не дайшлі, можа, мэтраў пяцьдзясят. Немцы штось крыкнулі, і нашы нерашуча спыніліся, нехта схапіўся за аўтамат. I ў той момант разварочваецца кулямётная турэль, і з буйнакалібернага як паласнуць па разьведчыках… Самалёт завёўся, зрабіў невялікую разьбежку і падняўся ў неба.
Выходзілі адтуль ноччу. Сьвяціла поўня, на сьнезе відаць далёка, таксама натрываліся страху. На гэты раз старшы лейтэнант першым паслаў мяне, і я стыргікаў, абапіраючыся на чыюсь вінтоўку. Але ўрэшце перайшлі шашу і ў нейкім сяле выбавіліся да сваіх. Але сяло бамбуюць «юнкерсы», сыплюць касэтнымі бомбамі.
У хаце, дзе ляжаць параненыя, чакаюць вывазу, гаспадарыць дзяўчына ў пагонах, выпісвае «карткі пярэдняга краю» і кіруе пагрузкай. Але транспарту няма, параненыя нэрвуюцца. Даходзіць чарга да мяне, пытаецца: зь якой часьці? Называю сваю дывізію, а яна кажа: то ня наша часьць, я ня дам картку. Што рабіць? Бяз гэтай карткі мяне ня прыме шпіталь. Я чакаю. Тады налятае чарговая партыя пікіроўшчыкаў, — выбухі, вылятаюць прэч вокны. I дзяўчына, страсянуўшы зь сябе тынкоўку, таропка падпісвае мне картку. Можна ў тыл. Але на чым? Яшчэ з адным параненым у руку сяржантам выбіраемся на вуліцу. Бамбоўка скончылася, ды на вуліцы пуста. I раптам аднекуль «віліс» з афіцэрам, і мой сяржант крычыць: «Коля!». Шафёр — яго знаёмы. На тым «вілісе» пад вечар я быў ужо ў армейскім шпіталі ў Александрыі. Во як пашэнціла ўрэшце.