Выезд на Салоўкi

Выезд на Салоўкi

У канцы красавiка сьнег у лесе пачаў таяць. Лесарубкi спынiлiся. Сьпяшалiся нагвалт вывозiць зь лесу прыгатаваныя калоды на гэтак званы «рум» на беразе мора. Сьпяшалiся, пакуль яшчэ была санная дарога.

У канцы траўня лёд на Белым моры пачаў чарнець, урэшце растаў. Вязьнi, стоячы вышэй за калены ў сьцюдзёнай вадзе, зьбiвалi плыты, якiя меў цягнуць параплаў да Архангельску.

29 траўня пад ранiцу ўгледзелi мы на моры — за паўкiлёмэтра ад берагу — параплаў. Гэта была «Нева» — першы параплаў, якi нас адведаў пасьля зiмы.

У вадзiн мамэнт па ўсенькiм лягеры разыйшлася радасная навiна. Казалi, што засуджаных на дзесяць гадоў вывязуць на Салоўкi.

Усе верылi, што на Салоўках знойдзем лягчэйшыя абставiны жыцьця. Расказвалi, што тамака можна дастаць працу паводле свае спэцыяльнасьцi, што рабочы дзень там трывае толькi ад 8-х да 10-х гадзiн, што даюць розныя палёгкi, па якiх мы тужлiва ўздыхалi.

Усе былi ўзбуджаныя. Настрой панаваў гарачы. Кажны сьпяшаўся лiквiдаваць свае справы на Мячы. Адзiн выплачваў свае даўгi, другi спаганяў пазычаныя некаму грошы. Прыяцелi, якiя мелiся неўзабаве разлучыцца — мо назаўсёды? — гутарылi апошнi раз перад расстаньнем…

А на хвалях тым часам гойдаўся параплаў, гатовы ўжо ў далейшую дарогу. 3 комiна выходзiў дым. Паравыя казаны былi гатовы ў кажны мамэнт пусьцiць у ход нашую выбавiцельку — «Неву».

Увечары камандант лягеру абходзiў баракi, чытаў прозьвiшчы тых, каму было вызначана ехаць на Салоўкi, i загадаў рыхтавацца ў дарогу.

Пачалi перавозiць нас чаўнамi на параплаў. Узьняўся вецер. Мора было бурнае. Хвалi кiдалi чаўны, як шалупiны ад гарэхаў. Настала «белая» паўночная ночка. Сонца на часiну схавалася за небасхiл, каб пасьля iзноў вынырнуць над морам — блiзу ў тым самым месцы, дзе зайшло. Але перавоз пасажыраў на параплаў яшчэ ня скончаны. Пустыя чаўны варочаюцца да берага, паслухмяныя дзьвюм парам дужых рук весьляроў, ды зноў нагружаюць колькi катаржанаў, у ваччу якiх блiшчыць… надзея.

Надзея?! Якая? Надзея на волю? — He! Толькi надзея на крыху лепшыя, чымся на Мячы, абставiны жыцьця…

Пачаўся адплыў на моры. Чаўны задзержвалiся на мялiзнах цi на камянях. На загад стырнiка ўсе выскоквалi з чаўна ў мора i — па пояс у вадзе — сьпiхалi човен на глыбейшае месца.

Урэшце апошнi човен падыйшоў да параплаву з апошняй партыяй пасажыраў.

Загудзелi вiнты, густыя клубы дыму бухнулi з комiну, — «Нева», кiданая хвалямi, панесла нас да нязнаных, а гэтак пажаданых Саловак.

Змокшы, ляскаючы ад холаду зубамi, тулячыся да сваiх клункаў, наваленых на палубе параплаву, плылi мы ўзбураным Белым морам. Ад часу да часу хваля, пералiваючыся праз палубу, аблiвала нашыя манаткi й нас, ужо даволi прамоклых у часе перацягваньня чоўна.

* * *

3 жахам успамiнаю час свайго бытаваньня на абтоку Мяч. Адзiн сярод чужых людзей, пераважна крымiнальных тыпаў, якiя мяне абкрадалi бязьлiтасна. Порце, адзежа, папяросы, сала, кубак, мiска — усё кралi. Бывала, затрымаюць мяне ў сенцах i зь нявiнным выглядам просяць прачытаць нейкi лiст. Чытаю. I пакуль я разьбiраю нявыразныя каракулькi лiста, яны спрытна абчышчаюць мае кiшэнi.

Працаваць было цяжка. Але неяк шанцавала, так што не даводзiлася начаваць у лесе. Зь лесу пасьля перакiнулi мяне на «рум», дзе складвалi на беразе мора гатовыя, вывезеныя зь лесу дровы. Працаваў пры нагружаньнi дроў на санi. Два днi быў заняты ў кухнi, калi захварэў наш кухар. Апошнiя тыднi быў «днявальным».

Разам зь iншымi ехаў на Салоўкi з надзеяй лягчэйшага жыцьця.