Цяжкiя часiны
Цяжкiя часiны
— Ну?
— Што рабiць?
— Трэба рыхтавацца.
— Значыцца, гэта будзе ў панядзелак.
— Загудзе на панадворку матор…
— На калiдоры чуваць хаду…
— Заскрыгацiць ключ…
— Аляхновiч! С вещами!..
— Нiякiх «вяшчэй» браць ня буду.
— Махну толькi таварышам галавой на разьвiтаньне…
Галоўнае: супакой! супакой!.. Ужо нiчога не паможа! Ужо раданькi нiякае няма!
— Раз памiраць! — як казаў Воўк-Мiхайлаў.
Пасьля: на калiдоры зьвяжуць рукi…
Павядуць.
Як-жа там далей? Iз зьвязанымi рукамi сам не ўзглабаюся на грузавiк.
Мусiць, падсадзяць мяне й кiнуць на падлогу.
Грузавiк будзе падскакваць на бруку Савецкай вулiцы, галава мая будзе бiцца аб падлогу грузавiка…
Пасьля брук скончыцца, аўтамабiль пакоцiць па пяску… Гэта ўжо блiзка.
Сунялiся…
Маё ўвабражэньне малявала мне гэткiя няпрывабныя абразкi. Мiж волi. Падсьведама. У поўзабыцьцi. А з поўнай сьведамасьцяй толькi паўтараў сабе:
— Ну, Аляхновiч! Не падгадзь! Не скавычы! Не румзай! Спакойна! Адыграй фiнал апошняга акту свайго жыцьця дастойна, як чалавек, не як парсюкi, якiх вядуць на бойню…
Ноч. Цiха. Усе сьпяць. Нехта нешта мармыча праз сон. Iншы стогне.
Мне ня спiцца.
Савецкаю вулiцай праяжджаець аўтамабiль.
Можа, гэта ўжо?..
Можа, гэта ўжо?..
— Аляхновiч! Чаго вы ўскочылi? Не даяцё спаць, — абураецца нехта, прачнуўшыся.
— Нiчога… Выбачайце… Так мне нешта здавалася.
Матка прыйшла на пабачаньне.
Hi аб апошнiх допытах, нi аб маiх перажываньнях нiчога ня ведала.
— Не прынасеце мне так шмат ежы. Застаецца. Раздаю iншым.
— Але-ж я табе цяпер так мала прыношу. Ты, мусiць, страцiў апэтыт.
— He, нiчога… Але зашмат вы прыносiце… Вось каб папяросаў больш!
— Ах, ты ня куры гэтак шмат! Гэта шкодзiць на здароўе…