Неспадзяваны госьць

Неспадзяваны госьць

Канчаўся кароткi зiмовы дзень. Сутунела. Нядаўна скончылi абед. Седзячы пры стале, снавалi пляны на будучыню.

Дык вось: калi Попутчiк атрымае дазвол на сталае пражываньне ў Менску, сьцягне сюды жонку з дзецьмi. Ноймуць недзе на прадмесьцi невялiчкi дамок з гародчыкам. Жылсавет можа даць дазвол на гэткай самай аснове, як дае кватэрным каапэратывам. Мацi, гэткiм чынам, будзе дажываць свой век разам з сынам i ўнукамi, даглядаючы гаспадаркi, гадуючы куры.

Старэнькая любiла куры. Пару гадоў назад мела некалькi штук, але пакралi. О, цяпер будзе пiлнаваць! Цяпер ня ўкрадуць!

Жонка Попутчiка будзе памагаць мацi ў гаспадарцы.

Але, куры павiнны быць бязумоўна! Якая гэта прыемнасьць даглядаць гэтыя птушкi, разводзiць куранят, штодзень мець сьвежыя яйкi…

Раптам нехта пастукаў у дзьверы. На парозе цёмнага пакою зьявiўся нейкi сiлуэт.

— Цi тут жыве таварыш Попутчiк?

— Калi ласка… Гэта я… А што?

Незнаёмы падаў лiст.

Запалiлi лямпу.

На рагу канвэрта было напiсана:

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

Попутчiк разарваў канвэрт.

Клiкалi яго зараз-жа зьявiцца ў ГПУ.

— Добра… Я зараз… Скажэце, калi ласка, што я зараз прыйду.

— Выбачайце, але пойдзем разам. Я вас, таварыш, правяду, Гэтак мне сказалi…

— Ах, так? Ну добра. Iду ўжо. Зараз апрануся.

Пасланец — малады жыдок стаяў y куточку, не карыстаючы з запросiнаў сесьцi.

Гэтак стоячы, чакаў, пакуль Попутчiк апранецца.

— Што, што гэта? Куды цябе клiчуць? — непакоiлася матка.

— Э, нiчога… гэта такiя… прыяцельскiя запросiны, хай мама будзе спакойна, зараз вярнуся, — адказаў сын, памятаючы аб засьцярозе на рагу канвэрта.

Якое дзiўнае магiчнае дзеяньне маюць гэтыя тры лiтары: ГПУ. Нават чалавек, гэтак лёяльна настроены да савецкае ўлады як Попутчiк, пачуяў раптам адзнакi, што яго пакiдае духовая аднавага; а гэтым самым часам ногi ў яго аслабелi, горла сьцiснула, а нiжняя скiвiца не магла самкнуцца з верхняй, а толькi неспакойна калацiлася.

Пайшлi моўчкi.

— 3 якой мэтай мяне клiчуць, таварыш?

— Ня ведаю — быў адказ.

Пасьля:

— Цi доўга там прабуду? — хацеў Попутчiк хоць крыху разьясьнiць загадку.

— Ня ведаю.

Iзноў iшлi моўчкi.

— Цi «гэта» далёка яшчэ?

— Не. Ужо блiзка.

Узапраўды, «гэта» было ўжо блiзка. На галоўнай вулiцы Менску, на Савецкай, увайшлi ў сенi нейкага вялiзнага дому. Побач дзьвярэй Попутчiк заўважыў на сьцяне чорную мармуровую таблiцу з напiсам залатымi лiтарамi:

Объединенное Государственное Политическое Управление.