Апошняе разьвiтаньне
Апошняе разьвiтаньне
3 другога боку вулiцы, на тротуары, стаяла група людзей. Гэтыя людзi прыйшлi апошнi раз глянуць на сваякоў, якiх бальшавiкi гналi на далёкую поўнач. Ладны лiк гэтых бяспрытульных ужо нiколi ня вернецца пад родную страху. Можна сьмела сказаць, што нават ня вернецца нiхто. Прападуць з голаду, холаду, тыфусу, цынгi, дэзынтэрыi, з непасiльнай работы… А калi хто й вытрывае ўсё гэта — iнвалiд з адмарожанымi нагамi — пагоняць яго пасьля ў Нарымскi цi Пячорскi край… Мо нехта спрабуе, даведзены да роспачы, уцякаць ад гэтых жудасьцяў. Спаткае яго няўдача i атрымае «тры залатнiкi» ў патылiцу…
Гэтыя людзi, якiя там стаяць на працiлежным баку вулiцы, стоўпiўшыся на тротуары, ужо нiколi не абдымуць свайго сына, мужа, брата… Погляды, кiданыя на iх праз шырыню вулiцы, гэта апошнiя разьвiтаньнi вачыма.
Сярод гэтых людзей была й мая мацi.
— Ня плачце! — супакойвалi яе iншыя. — Гэта адбярэ ў яго энэргiю… Хай яны хаця ня бачаць нашых сьлёзаў.
— Дзе мой сын? — лямантавала старэнькая. — Я ня бачу майго сына! О Божа! Прыйшла, каб апошнi раз паглядзець…
— Глядзеце: гэта, мусiць, той, што цяпер махнуў шапкай…
— Дзе? Дзе?..
Запраўды, ня гледзячы на строгi загад начальнiка канвою, я, пабачыўшы мацi, махнуў на разьвiтаньне шапкаю.
Упхнулi нас у закратаваныя, г. зн. «сталыпiнскiя» вагоны. Iзноў няўсьцерп цесна й душна. У турэмных камарах было цесна, але таго, што было ў вагоне, нельга апiсаць. Напхалi нас, як селядцоў у бочку. Ня толькi немагчыма было паварушыцца, але нават усадзiць руку ў кiшаню.
А ад гэтага яшчэ гарачыня й духата.
Ад часу да часу былi чуваць стогны:
— Таварыш чырвонаармеец! Вады! Прынясеце нам вады!..
— Пачакай! Чорт ня возьме! На наступнай станцыi дастанеш вады.