Перад арэопагам
Перад арэопагам
Попутчiк увайшоў у габiнэт савецкага вяльможы. Камфорт. Прыгожае масыўнае бюро. Выгодныя аббiтыя скурай фатэлi. У куце на падстаўцы разьбяны, адлiты з бронзы, партрэт Ленiна. На падлозе дыван.
У пакоi было колькi асоб. Усе вочы скiраваны на Попутчiка, якi ўвайшоў.
Жыдок-праваднiк счэз, як дух.
Пасьля даўжэйшай маўчанкi абазваўся той, што сядзеў за стадом.
— Ну, сядайце, грамадзянiн Попутчiк!
Быў гэта бляндын у сярэднiх гадох, добра адкормлены, са сьвiрлячым поглядам гепiстага. 3 ягонага твару ня зыходзiла iранiчная ўсьмешка.
Гэта быў заступнiк старшынi Менскага аддзелу ГПУ — таварыш Апанскi.
Апанскi быў апрануты ў цывiльную вопратку. Усе iншыя ў шэрых фрэнчах з адзiнымi вайсковымi адзнакамi-ромбамi з чырвонай эмалii на каўнерах.
Попутчiк ня ведаў, хто яны. Калi-б ведаў, яшчэ больш спалохаўся-бы. Глядзеў то на аднаго, то на другога, здагадваючыся толькi, што перад iм сядзяць важныя фiгуры, але ня ведаючы, што гэтыя сьцiплыя адзнакi на каўнерах ёсьць найвышэйшыя вайсковыя адзнакi, якiя адпавядаюць гэнэральскаму становiшчу ў iншых краёх.
Апрача Апанскага, яшчэ адзiн быў апрануты ў цывiльную вопратку. Худы, высокi, на якiм ягоны касьцюм вiсеў, як на шчотцы, што падмятаюць падлогу.
Гэта быў начальнiк аднаго з аддзелаў, таварыш Гендзiн.
Iншыя таксама былi начальнiкамi або заступнiкамi. I Гродзiс, якi, апрануўшыся ў эўрапейскi касьцюм, са сваiм салiдным брухам выглядаў-бы як тыповы буржуй, i Карытаў з тварам, густа ўскрытым вуграмi, i iншыя.
Толькi што перад уваходам Попутчiка скончылася паседжаньне калегii.
— Ну-у-у, — адазваўся працяжна таварыш Апанскi, — расказвайце нам, грамадзянiн Попутчiк.
— Аб чым?
— Ну-у-у, з якой мэтай вы прыехалi ў Менск? — цягнуў далей заступнiк старшынi ГПУ, злосна ўсьмiхаючыся.
— Як з якой мэтай? — мямлiў зьбянтэжаны гэтым пытаньнем Попутчiк. — Дык-жа ўсе ведаюць, з якой мэтай. Ведаюць аб гэтым мае прыяцелi з «Грамады», ведаў таксама, даючы мне вiзу, i параднiк паўпрэдства Ульянаў… Дык-жа, даючы мне вiзу, ведаў, каму дае…
— Ну так, але мы-б хацелi пачуць, што вы аб гэтым скажаце.
— Я прыехаў, каб паглядзець, як творыцца новае жыцьцё, будуецца сацыялiзм… — Попутчiк ня мог адразу нiчога iншага прыдумаць, апрача гэтых трафарэтных фразаў.
— Ага… новае жыцьцё… сацыялiзм, — паўтарыў Апанскi, не зьмяняючы свайго iранiчнага тону. — Ну, i як-жа-ж вам падабаецца гэтае «новае жыцьцё»?
— Ня нэрвуйцеся, таварыш Попутчiк, спакойна! — дакiнуў Гродзiс.
Попутчiк паглядзеў на дабрадушны (гэтак яму здавалася) Гродзiсаў твар i крыху набраў духу.
— Не, я не нэрвуюся… зусiм не… Мне надта падабаецца… Я-б хацеў застацца тутака ў Менску. Апанскi зарагатаў:
— Застацца?.. Хэ-хэ-хэ!.. Падабаецца… хэ-хэ!.. Дык вы, грамадзянiн Попутчiк, думаеце, што вам, вiцэ-старшынi «Беларускай Рады», мы дазволiм тут застацца?
— Ну, нiчога не парадзiш… тады паеду назад…
— Назад? — i Апанскi з усьмешкай паглядзеў на сваiх таварышоў.
Пагляд Попутчiка скiраваўся ў гэтым самым кiрунку, i на ўсiх тварах ён заўважыў мiмалётную ўсьмешку, якая нiчога добрага не прарочыла.
Попутчiк адчуваў сябе надта дрэнна. Бачыў, што тут ня вераць нiводнаму ягонаму слову, што ня вераць у ягоную лёяльнасьць, а ў ягонае захапленьне савецкiм будаўнiцтвам i пагатоў. Далейшыя допыты закраналi ягоныя дачыненьнi да «Грамады», да «Беларускае Рады» i г. д.
I ўсё час ад часу:
— Але вы ня нэрвуйцеся, грамадзянiн!..
Пасьля кожнага гэткага «супакойваньня» Попутчiк быў знэрваваны яшчэ больш.
Гэткая гутарка, якая не прарочыла Попутчiку нiчога добрага, трывала блiзу гадзiну i раптам…
Раптам, як пад уплывам нейкiх чараў, усё перамянiлася, дачыненьнi да Попутчiка зрабiлiся вельмi прыязныя. Моў з твараў, якiя акружалi яго, зьляцелi прыкрыя маскi i зьявiлiся праўдзiвыя чалавечыя аблiччы. Гэтыя твары раптам страцiлi свой дасюлешнi iранiчны выгляд i праясьнiлiся прыяцельскай ветласьцю. Можна-б сказаць, што дагэтуль разыгрывалася камэдыя, а цяпер вось пачынаецца ўзапраўдная паважная гутарка. Ужо перасталi тытулаваць Попутчiка «грамадзянiнам», а называлi яго «таварышам».
— Ну, таварыш Попутчiк, усё добра… — сказаў Апанскi. — Хiба гэта разумееце, што да кожнага, хто прыехаў з загранiцы, мы ставiмся з недаверам… Мы павiнны яго добра памацаць, каб раскумякаць, хто ён, якiя ў яго пляны… Гэткiя ўжо нашы абавязкi… Ну, але iнакш i быць ня можа. Дык-жа разумееце, што мы з усiх бакоў абкружаны ворагамi, капiталiстычны сьвет толькi i глядзiць, каб нам неяк пашкодзiць… Ну, але цяпер мы ўжо вас разабралi, таварыш, мы вас ужо разумеем… Ужо ўсё ясна… Ну, а цяпер, калi афiцыйная частка нашае гутаркi скончаная, дазвольце запрасiць вас, таварыш, на заўтра на «товарищескую чашку чаю». Добра?
— Але я ахвоча… Вельмi дзякую…
— Як вас «звать по батюшке»? — прымiльна спытаўся Гродзiс.
— Карлавiч, Франц Карлавiч.
— Ну, дык вось, Франц Карлавiч, прыходзьце да нас заўтра зусiм проста… Вы, мусiць, ня зусiм добра арыентуецеся ў Менску?.. Ну, дык спаткаецеся з таварышам Карытавым, ну… хаця-б у сталоуцы № 1, ведаеце, дзе гэта? На рагу Савецкай…
— Але, ведаю, ведаю… Я там часам бываю.
— Ну, дык прыйдзеце туды, Франц Карлавiч, а гадзiне 2-й i чакайце. Туды прыйдзе таварыш Карытаў i забярэ вас iз сабой. Добра?
— Вельмi добра.
— Ну й як там у вас, у Польшчы, гавораць аб нас? Што ГПУ — гэта людзi дзiкiя, зьверы, садыстыя… Праўда?
— О, блага гавораць…
— А цяпер самi бачыце, якiя мы. Што? Ня гэткiя мы страшныя, як нас малююць… Хэ-хэ… Праўда?
— Ну ведама… Хэ-хэ-хэ.
— Ну, дык да заўтра, Франц Карлавiч! А памятайце: аб нашай з вамi гутарцы нiкому нi слова! Анi-нi-нi! Бо разумееце?.. Гэтае нашае мяшчанства… яно гэткае тупое, яно гэтага не разумее… Для iх ГПУ — гэта… Але нашто шмат казаць! Дык-жа вы самi ведаеце.
— Ну ведама!
— Дык да пабачэньня! Да заўтра!
Сардэчна пацiснулi сабе рукi.
У галаве Попутчiка быў хаос. Кучы супярэчнасьцяў. Перавал думак, якiя змагалiся адна з аднэй…
Як раптам счэз, так цяпер раптам зьявiўся жыдок гепiсты, якi прывёў сюды Попутчiка. Кнопкi электрычных званкоў тут прыладжаны пад дошкай стала гэткiм чынам, што, сядзеўшы пры стале, можна невiдавочным рухам пазванiць на таго, хто чакае на калiдоры.
Попутчiка правялi на вулiцу праз галоўныя ўваходныя дзьверы, дзе стаяла варта, i пусьцiлi дамоў.
Попутчiк ужо варочаўся дахаты адзiн… толькi з собскiмi думкамi…
Думаў:
— Добра справу разгледзеўшы, дык гэта надта мiлыя людзi!.. Дарма пра iх гавораць блага… Але як здорава разыгралi камэдыю! Хэ-хэ! Рабiлi выгляд, што маюць мяне за ворага… А дык-жа аба мне ўсё ўжо добра хiба ведалi! Дык-жа паўпрэдзтва ў Варшаве, даючы мне вiзу, ужо не магло мець да мяне нiякiх засьцярог… Але правiльна кажуць: узапраўды капiталiстычны сьвет варожа настроены… Кожнага, хто прыяжджае, трэба добра прасачыць. Накш ня можа быць. Дый у кожным гаспадарстве ёсьць сваё ГПУ, толькi накш завецца… Там Inteligence Service, яшчэ недзе Siguranza, у iншым месцы Defenzywa, — усюды сваё ГПУ. Бяз гэтага нельга…
Аднак-жа…
Успомнiў таямнiчую неразгаданую сьмерць Тэрэшчанкi, калi той, таксама атрымаўшы дазвол на прыезд у Менск, таксама быў запрошаны на банкет — i ранiцай… з савецкага раю папаў у рай нябесны.[3]
Мо i для мяне прыгатавалi гэткi трактамант?
Не! На якога чорта iм прыпатрэбiцца атручваць мяне! Дык-жа добра бачаць, што я iхны чалавек. Я не камунiсты, праўда, але я — Попутчiк…
Спачатку супакоены, пазьней, аднак, падсьведама прадчуваў пагрозу нейкай небясьпекi.
Але што рабiць? Не скарыстаць запросiнаў, не пайсьцi?
Нельга. Як-жа гэта будзе выглядаць! Значыцца, баiцца, знакам тым, нешта круцiць, тоiцца… Дык-жа кожную хвiлiну могуць прыслаць да яго пасланца з пiсьмом «совершенно секретным», i павiнен будзе iсьцi за iм, куды яго павядуць. Нiчога не паможа. Рады нiякай няма.
«А баяцца, што пад уплывам алькаголю скажу нешта лiшняе, — няма чаго!.. Чаго-ж мне палохацца, калi я маю чыстае сумленьне? Toe, што я казаў сёньня, скажу й заўтра, i заўсёды, бо мае дачыненьне да Саветаў яснае, зусiм выразнае i — нязьменнае»…
* * *
Матка спаткала сына неспакойнымi вачыма.
— Ну, што-ж гэтак доўга?.. Я так баялася… Думала, што ня вернешся…
— Хэ, хэ… Чаму?
— Ну, кажы, чаго хацелi? Аб чым пыталiся?
Хаця Попутчiк, выходзячы з хаты, не казаў, куды iдзе, матка — старая савецкая грамадзянка, ведала, што значаць гэткiя запросiны на прыяцельскую гутарку.
Дык праз увесь час дрыжэла, што сына арыштуюць.
— Кажы, нарэшце, чаго яны хацелi?
— Э, глупства… Ня турбуйцеся… Вось так… пагутарылi сабе крыху… Нiчога важнага…
— Але ўсё-ткi што? Што? — дапытвалася мацi.
— Дык-жа кажу, што нiчога важнага… Калi-б было нешта паважнае, дык я сказаў-бы.
— А, разумею! яны забаранiлi табе расказваць… О, Божухна мой, Божа!..
* * *
У гэтую ноч мацi i сын спалi неспакойным сном.