Зiма
Зiма
Гэтая даўгая палярная зiма напаўняе вязьня страшэнным жахам. Чалавек хацеў-бы затрымаць зямлю ў яе кружэньнi навакол сонца.
Але няма рады!..
Ужо пад канец жнiўня пачынаюцца дажджы, дажджы бясконца, i ўдзень, i ўначы, бяз спыну, цэлымi тыднямi.
Урэшце дождж замяняецца сьнегам…
Мора доўга не дае скаваць сябе лядовымi путамi, але ўрэшце й яно, зьняможанае, паддаецца i навакол абтоку на дзесяць кiлёмэтраў залягае лёд, грубы на пару мэтраў. Далей-жа бадзяюцца ў моры крыгi цi плыве гэтак званая «шуга» — дробны лёд, зьмешаны iзь сьнегам.
Параплавы зiмуюць у доках.
Мы зусiм адрэзаныя ад сьвету. Ды не! Ня зусiм. Бо штодня цi, прынамсi, праз дзень, вылятае з Саловак гiдраплян, якi вязе службовыя паперы, — ды праз колькi тыдняў пасьля спыненьня навiгацыi цягнуцца да зямлi на лодках «паморы».