У падвале

У падвале

Дзьверы адчынiлiся. Заскрыгатаў ключ.

Я глянуў на сваю новую кватэру.

Падвал. Падлога цагляная. У вакне выбiты шыбы. Краты. На сьценках нейкiя дзiўныя дзiры. Нейкiя плямы. Мабыць, гэта былi плямы ад расьцёртых клапоў, але мне тады яны здавалiся пырскамi крывi расстрэляных тут людзей.

Страшэнна сьцюдзёна. У гэты дзень тэмпэратура на-панадворку, мусiць, была ня менш за 10 градусаў марозу, a тут выбiты шыбы ў вакне.

Я закурыў (папярос у мяне не адабралi) i пачаў хадзiць па камары, ад сьценкi да сьценкi, з кута ў кут, як зьвер, зачынены ў клетцы.

Думкi хмарай праляталi праз маю галаву. Я ня мог яшчэ ўцямiць свайго палажэньня. За што, дзеля чаго арыштавалi мяне? Тады я шчэ ня мог падумаць, што мяне сьцягнулi ў СССР з правакацыйнай мэтай.

Замiж шырокае культурнае працы ў Савецкай Беларусi — цесная камара ў падвале з выбiтымi вокнамi.

Змораны думкамi i хадой па камары, я сеў на нары, якiя былi тутака адзiным мэблем. Я спрабаваў заснуць. Вырваўшы з падлогi дзьве цэглы, я падлажыў iх сабе пад галаву й разлёгся на сваiм «ложку».

О, каб заснуць! Каб забыцца на гэтыя абставiны! Але сон не зьяўляўся. Ды, апрача таго, дакучлiвы холад прымусiў мяне ўскочыць з гэтай пасьцелi i далей кiдацца з кута ў кут.

Я пачаў дамагацца, каб мяне паклiкалi «наверх» дзеля высьвятленьня таго, што сталася. Да Апанскага я не хацеў iсьцi. Гэтая ягоная вечная iранiчная ўсьмешка не прарочыла нiчога добрага. Але я мог даверыцца Гродзiсу. Гэты таўстапузiк з добрым вясёлым тварам быў такi сымпатычны! Гэй! Здаецца, што на гэтым памятным банкеце я пiў з iм на брудэршафт… Ну, ведама, ня буду казаць яму «ты»… Тады — гэта быў такi мiмалётны настрой… Буду казаць «вы», «таварыш»…

Я стукаў кулаком у дзьверы, каб выклiкаць дзяжурнага чырвонаармейца.

— Чаго стукаеш? — быу адказ. — Усе заявы толькi на паверцы ўвечары.

Трэба, значыцца, чакаць, а час так памалу цягнецца! Асаблiва ў першыя вастрожныя днi.

Прынесьлi мне ў алюмiневай мiсе чай i кусок цукру. Я прагавiта пiў гэту цёплую жыжку.

Я курыў папяросу па папяросе — i са страхам пабачыў, што ўжо засталося толькi пяць штук! Што будзе, як застануся бяз курыва! Тады ўжо, хiба сапраўды здурэю…

Пачало ўжо зьмяркацца. Пад стольлю заясьнела слабым сьвятлом электрычная лямпачка. Пры гэтым сьвятле мае памяшканьне выглядала яшчэ больш гадка.

Брр! Сьцюдзёна! Пачалася мяцелiца. 3 надворку праз пабiтае вакно ляжыць немалая куча сьнежнага пуху.

I нямаведама, што было цяжэй перажываць: цi ўсе гэтыя фiзычныя нястачы, цi жах маральных мукаў?..

* * *

Нарэшце так прагавiта чаканая паверка.

Недзе ў калiдоры грымелi замкi, чуваць былi цяжкiя крокi салдацкiх ботаў, скрыгаталi ключы, стукалi дзьвярыма, даляталi да мяне нейкiя нявыразныя галасы…

Наблiжалiся да мае камары.

Нарэшце дзьверы адчынiлiся…

— А, гэта ён?..

— Але, гэты новы.

— Калi прывялi?

— Сяньня ранiцой.

А пасьля, зварачаючыся да мяне:

— Заявления какие есть?

— Калi ласка, таварыш… Я ня ведаю, таварыш, за што мяне пасадзiлi… Тут страшэнна холадна… немагчыма… Сьнег, вецер праз вакно…

— Ну ничего!.. Праз пару дзён перавядзём вас у iншую камару… Хэ, хэ! не падабаецца ў нас?

— Я, таварыш, хачу бачыцца… Гэта немагчыма… Гэта нейкае непаразуменьне… Я хачу высьвятлiць… Дык-жа гэта няўзмогу!

— 3 кiм хочаце бачыцца, гражданiн?

— Я прашу выклiкаць мяне да таварыша Гродзiса.

— Да Гродзiса?! — чэкiсты зьдзiваваўся, пачуўшы прозьвiшча аднаго з вяльможаў. Ну, добра… мы яму даложым…

Дзьверы зачынiлiся.

Iзноў я застаўся са сваймi цяжкiмi думкамi — гэтымi непажаданымi таварышамi мае адзiноты.

О, каб можна было ня думаць!..

Як ён сказаў?.. «Праз пару дзён перавядзём»… Значыцца не на волю, а толькi ў iншую камару!.. Дый шчэ трэба сядзець у гэтай сьцюдзёнай нары пару дзён!.. Але-ж заўтра я пабачуся з Гродзiсам!.. Там усё высьвятлiцца…

Я адкрыў пушачку з папяросамi. Ужо засталiся толькi дзьве. Трэба ашчаджаць. Не! Цяпер ня буду курыць!

Пяцьдзесят разоў з кута ў кут, туды й назад — i тады толькi дазволю сабе на гэтую прыемнасьць…

А апошняя — застаецца на заўтрашнюю ранiцу.

Раааз…

Двааа…

Трыыы…