Першы раз у ГПУ
Першы раз у ГПУ
Праваднiк паказаў салдату пры дзьвярох пропуск, i ўвайшлi ў сярэдзiну. Усходы. Калiдоры. Рады дзьвярэй.
Дык гэта тутака! Дык гэта — гэтае «ОГПУ», у скарочаньнi тры лiтары ГПУ, ад якiх мурашкi прабягаюць па сьпiне савецкага грамадзянiна, ад якiх нават лёяльны Попутчiк, не адчуваючы за сабой нiякае вiны, дазнаў страху.
Цяпер, пераступiўшы парог гэтае праклятае ўстановы, пачуў слабасьць усяго цела, як чалавек пасьля цяжкой хваробы, i дзiўную ў галаве блытанiну. Нiводная фраза да канца не фармулявалася, толькi нейкiя абрыўкi думак, нейкiя непавязаныя з сабой словы…
Што за чорт! Хiба ўжо муры тут прасякнуты дзiўнай моцай наганяць на людзей гэткi страх.
Увайшлi ў нейкi пакой.
— Пачакайце тутака, таварыш!
Праваднiк прапаў.
Попутчiк з прыемнасьцю сеў на крэсьле, бо ўжо цяжка было яму стаяць: ногi пад iм дрыжэлi.
Паглядзеў навакол: вялiкi пакой, у якiм пара канцылярскiх сталоў i крэслаў. Няма нiводнага чалавека.
Але найбольш зьвярнула ўвагу Попутчiка тое, што нiдзе не вiдаць нiякай палiцы, анi шафы. Замiж гэтага салiдныя зялезныя пры сьценах скрынi. На сьценках партрэты: Ленiна i Дзяржынскага.
Чакаючы, што далей будзе, пачаў прыглядацца Дзяржынскаму. Глядзеў на гэтую лысавую галаву з бародкай ? la Henryk Sienkiewicz i прыпомнiў сабе гэтыя далёкiя вiленскiя часы, калi спатыкаўся з Фэлiксам Дзяржынскiм на калiдорах гiмназii.
Дзяржынскi быў старэйшы за яго на тры клясы. Ня былi знаёмыя, але Попутчiк добра ведаў свайго старэйшага калегу з твару.
Дзяржынскi, ужо кiнуўшы гiмназiю, быў карэпэтытарам у сваякоў Попутчiка. Гэта было ў маёнтку Борце, недалёка ад Вiльнi. Аднаго разу карэпэтытар прапаў бяз сьледу, пакiдаючы ў сваiм пакоi толькi адну валiзку. Калi, не дачакаўшыся павароту вучыцеля, гаспадары зазiрнулi ў валiзку, знайшлi там кучы нелегальнае лiтаратуры. Перапалох у доме быў яшчэ вялiкшы, калi праз пару дзён зьявiлася ў Борце палiцыя, шукаючы Фэлiкса Дзяржынскага…
Як гэта было ўжо даўно? Колькi ад гэтага часу зьменаў!
Чаканьне ў бязлюдным пакоi трывала ўжо доўга, непакоячы Попутчiка ўсё болей. На што яго сюды паклiкалi? Што яму скажуць? А… можа… арыштуюць?
Дык-жа не!.. 3 чаго?.. He!.. Ха-ха-ха! Сьмех, ды й толькi. За што? Не! — крычэла ў душы Попутчiка бясьсiльным пратэстам.
He!!! — стараўся адсунуць ад сябе гэтую думку, забыцца аб ёй, думаць аб нечым iншым, але праклятая, быццам дакучлiвая муха, усё варочалася i вярцела мозак пытаньнем:
— А што, калi арыштуюць? Ня ты першы, ня ты апошнi. Усё магчыма ў гэтай краiне ўсялякiх магчымасьцяў…
Раптам дзьверы адчынiлiся i зьявiўся ўжо вядомы малады жыдок.
— Пожалуйте, товарищ!
Iзноў калiдор. Iзноў рад дзьвярэй, як у гатэлi. Затрымалiся. Праваднiк пастукаў.
Голас з сярэдзiны:
— Войдите!