«Жордачка»

«Жордачка»

Апрача вышэйапiсаных, было i ў самым Крамлi месца кары ў аднэй iз царкоўных вежаў, званае «Жордачкай». У неапальваным, як i на Сякiрцы, памешчаньнi, вязьнi сядзелi на высокiх лавах. Ногi не даходзiлi да падлогi, a вiселi ў паветры. У такiм палажэньнi, з рукамi на каленах, людзi сядзелi на працягу цэлага дня, ня маючы права гутарыць iз суседам ды нават павярнуць галаву. Перадыхнуць давалi на прыймо стравы (раз на дзень) i калi выводзiлi на сваю патрэбу (двойчы на дзень).

На памосьце стаялi вартаўнiкi, якiя пiльнавалi, каб маўчаньне й забарона руху не парушалiся.

Хто-ж у гэтым правiнiўся, таго зьвязвалi вяроўкамi так, што галавой ён блiзу дакранаўся да каленаў, i кiдалi ў цёмную, сырую каморку на час да трох гадзiнаў.

На «Жордачцы» трымалi не даужэй за два тыднi. Але й пасьля такога нядоўгага часу, адбыўшы кару, выглядаў так, як быццам толькi што выйшаў iз больнiцы пасьля цяжкое хваробы.

За меншыя праступкi садзiлi ў карцар, г. зв. роту «отрицательного элемента», дзе вязьнi былi пазбаўленыя пасьцелi й ня мелi нараў, дык спалi ўсе на падлозе ў страшэннай цясноце. Адзiн ляжаў, паклаўшы галаву на брудныя боты суседа, другi перакiнуў свае ногi праз тулава iншага. Гэта была куча целаў, паўкiданых бяз ладу ў смуродную камару. Ведама, страву давалi горшую, як у звычайных ротах. Засуджаных у карцар выводзiлi на работу.

У карцары я праседзеў два тыднi за тое, што даў суседу на нарах, iз прафэсii шаўцу, паправiць свае боты, хочучы гэткiм чынам абмiнуць звычайную працэдуру праз каманданта роты, якая была вельмi даўгой. У маiм вастрожным фармуляры ў адпаведнай графе да канца быў запiс, якi псаваў мне рэпутацыю: «караны двохтыднёвым карцарам за нелегальную паправу ботаў».

Для жанок месцам цяжэйшае кары быў абток «Зайчыкi», дзе абставiны жыцьця былi падобныя да «Сякiркi».