Мой таварыш
Мой таварыш
Гродзiс датрымаў слова.
На другi дзень пасьля гэтае гутаркi мяне перавялi ў iншую камару, дзе была падлога з дошчак, цэлыя вокны, дзе, апрача нараў, стаяў стол i два ўслончыкi. Тут было цёпла. Калёрыфэры цэнтральнага аграваньня былi такiя гарачыя, што на iх можна было сушыць сухары.
Тут я сядзеў ужо не адзiн: я сустрэўся тутака з другiм вязьнем.
Пачалi гутарыць. Мой таварыш быў латвiйскiм афiцэрам. Быў кiраўнiком разьведкi на пагранiччы. А трапiў сюды вось якiм чынам.
Жыў блiзка гранiцы. Год назад, у вадзiн зiмовы вечар, нехта пастукаўся ў дзьверы хаты. Гэта быў адзiн з ягоных разьведчыкаў, якi прыйшоў да яго з савецкага боку быццам у справах службовых.
Калi госьць з савецкага боку расьсеўся й пачалася ryтарка, у гэты час, карыстаючыся, што дзьверы ўжо ня былi зачынены на ключ, уварвалася ў хату васьмёра ўзброеных людзей у чырвонаармейскiх шынэлях. Афiцэр, здагадаўшыся аб зрадзе, схапiў браўнiнг i пачаў страляць у тых, што напалi на яго. Але пасьпеў толькi аднаго ранiць. Iншыя кiнулiся на яго, абяззброiлi, пабiлi, забралi ўсе паперы й пацягнулi сваю ахвяру на савецкi бок. Жонка афiцэра, якая прыбегла на шум, пабачыўшы, што робiцца, выбегла з хаты, каб паклiкаць на падмогу блiзкую ваенную старожу. Але не пасьпелi яшчэ латвiйскiя жаўнеры хапiцца за зброю й выбегчы на вулiцу, як ужо тыя, што напалi, апынулiся разам са сваей ахвярай каля суседняга лесу на савецкай тэрыторыi. Жаўнеры не маглi страляць у ўцекачоў, каб не пацэлiць у свайго афiцэра.
Усё гэта сталася ў працягу нядоўгiх часiн.
Пабiтага, ашаломленага неспадзеўкай, прывялi да найблiжэйшага посту ГПУ, падганяючы ўдарамi прыкладаў.
Ён ведаў, што яго чакае. Пагрозамi, абяцанкамi i цэлым апаратам спосабаў, якiя ведае толькi ГПУ, патрапiлi стэрарызаваць яго гэтак, што ён выдаў усiх сваiх супрацоўнiкаў, якiя жылi на савецкай тэрыторыi.
Была iнтэрвэнцыя латвiйскага ўраду. Была выслана нота. Але ўсё дарма, бо… яго прымусiлi напiсаць на паперы, што ён… перайшоў гранiцу — дабраахвотна!
У Менску быу суд. Падсудных было шмат. Двох прысудзiлi на кару сьмерцi, iншых у вастрог, пераважна на 10 год, а галоўнаму гэрою працэсу, бяручы на ўвагу ягонае «шчырае прызнаньне и пакаяньне» — далi наймякчэйшую кару — пяць гадоў вастрогу.
Але-ж ведама, што судовая пастанова для ГПУ не абавязковая. Засуджаны добра ведаў, што сяньня, маючы прысуд на 5 год вастрогу, заўтра, паводле пастановы колегii ГПУ, можа быць расстраляны. Дык жыў у заусёднай няпэўнасьцi[8].
Часта, калi памочнiк каманданта Вавiлаў, якi ў Менскiм ГПУ выконваў таксама й абавязкi ката, заглядваў да нашае камары, таварыш мой, скрываючы свой нутраны непакой, пытаўся вясёлым тонам:
— Ну, як думаеш, Вавiлаў, расстраляюць мяне цi не?
— Э, выдумаў!.. — адказваў нявыразна Вавiлаў.
Наагул, Вавiлаў быў даволi дабрадушны i стараўся падтрымлiваць сярод вязьняў добры настрой. Зусiм магчыма, што вязучы сваю ахвяру на месца расстрэлу, ён i тут стараўся суцешыць вязьня:
— Ты, браток, не маркоцься… Гэта ня страшна… Гэтак толькi здаецца… Гэта накшталт таго, як-бы ты ехаў вырываць сабе зуб… Спачатку страшна, а там — адзiн мамэнцiк, а пасьля нiчога… добра…
Гэтакi быў наш Вавiлаў.
* * *
Ведама, я расказаў таварышу ўсю сваю справу. Усю, з усiмi дэталямi. Тут нiчога не хаваў. Казаў пра ўсе гутаркi ў ГПУ, пра банкет, пра сваё савецкае грамадзянства. Мне тады здавалася, што «совершенно секретно» на волi, за вастрожнымi мурамi перастае ўжо быць сакрэтам.
Я пытаўся, што ён думае, як усё гэта скончыцца?
Мой таварыш глядзеў на маю будучыню вельмi пэсымiстычна.
— Найменш, што вам могуць даць — гэта пяць гадоў высылкi ўва Ўсходнюю Сiбiр, або пяць гадоў Саловак… Менш не даюць… Сяджу тут ужо другi год… Праз маю камару прайшло шмат народу… Менш не даставалi… А бальшыня мела дзесяць год або расстрэл.
Значыцца, найменш — 5 год! Пяць даўгiх год быць паз-баўленым волi, быць адарваным ад жыцьця, ад сваiх блiзкiх!.. Пяць год — найменш… А можа — дзесяць?.. А можа… расстр…
Брр! Лепш аб гэтым ня думаць!..
Але-ж не! «Грамада» выручыць! Ульянаў выручыць! Каб толькi яны даведалiся! Яны там нiчога яшчэ ня ведаюць. Але з часам даведаюцца, — а тады прыйдзе вызваленьне… Адчыняцца вастрожныя дзьверы i — хто ведае — можа, ГПУ будзе «извиняться за причиненное беспокойство».
Але калi-ж высьвятлiцца гэтае непаразуменьне?
— Таварыш! Калi мне дазволяць паслаць лiст на волю?
— Як вас паклiчуць на першыя допыты, тады прасеце ў свайго «уполномоченного»… Можа, дазволiць.