Камiсiя з Масквы
Камiсiя з Масквы
Ужо прыляцелi чайкi — зьвястуны вясны й напаўнялi сваiм крыкам паветра, але мора навакол нашага абтоку было яшчэ скаванае лёдам.
Аднак цёплы подых Гольфштрому ўсьцяж наблiжаў да нас цёплую паласу вады, вольнае ўжо ад лёду. Цёмная паласа штодня была блiжэй, i ў нашых сэрцах будзiлася радасьць з прычыны хуткага ўжо навязаньня лучнасьцi iзь сьветам. Iзноў прыйдуць да нас параплавы з процiлежнага берагу — зь Кемi, iзноў будзем бачыць новых таварышоў няволi, iзноў пачнуцца прыезды сваякоў, каб атрымаць на колькi дзён магчымасьць бачыцца iз сваймi блiзкiмi — вязьнямi.
Пабачаньнi («свидания») былi дваякiя: адны — «на общих основаниях» (на агульных падствах), калi прыежджыя сваякi мусiлi жыць на Салоўках у вызначаным iм дамочку i маглi бачыцца зь вязьнямi толькi раз на дзень на працягу дзьвюх гадзiнаў пад наглядам вастрожнай адмiнiстрацыi. Другiя — «асабiстыя», калi вязьню дазвалялi на працягу ад 7 да 14 дзён жыць разам iз прыежджымi й праводзiць iзь iмi ўвесь гэты час бязь нiякiх абмежаваньняў. Атрымаць гэткае пабачаньне было нялёгка: трэба было, каб вязень быў беззаганны ды каб улада прыхiльна ставiлася да яго.
Хто ня мог спадзявацца пабачыцца зь блiзкiмi, таго цешыла магчымасць атрымлiваць улетку пасылкi зь емiнай. Урэшце тыя, хто нiчога ад нiкога не чакаў, цешылiся з наблiжэньня лета так, як кажны чалавек цешыцца з гэтага на далёкай поўначы, дзе зiма пануе больш за паўгоду.
Урэшце, пад ажыўчым сонцавым праменьнем лёд гэтак пацянеў, што ледакол «Нева» здолеў ужо пракласьцi дарогу «Глебу Бокаму», якi вырушыў у сваё першае сёлета падарожжа.
Апошнiмi днямi траўня, як штогод, распачалося плаваньне.
Першым параплавам прыехала на Салоўкi нейкая таемная камiсiя з Масквы. Расказвалi дзiўныя рэчы. Казалi, што камiсiя, складзеная зь пяцёх асобаў, прыехаўшы на абток, зараз-жа пачала абыходзiць роты, дзе распытвалася ў вязьняў аб дачыненьнях, якiя пануюць у лягеры, аб санiтарным стане даўней i цяпер, аб карах, накладаных за невыкананьне работы i да т. п. У часе гэтых гутарак, на загад камiсii, прадстаўнiкоў адмiнiстрацыi ня было.
Неўзабаве пачалi апавядаць яшчэ большыя дзiвы. Казалi, што шмат каго з адмiнiстрацыi спасярод вязьняў ужо арыштавалi. Казалi нават, што ёсьць арыштаваныя й спасярод вольных. Урэшце разыйшлiся чуткi, што арыштаваны й сам начальнiк лягеру, Зарын.
Гэта была праўда. Арыштавалi колькi сот душ. Iх абвiнавачвалi ў скрыўленьнi савецкае вастрожнае палiтыкi i ў нядбайнасьцi. Блiзу напалавiну арыштаваных (пераважна спасярод вязьняў) расстралялi. Рэшту — вольных саслалi на 5-10 год у розныя концэнтрацыйныя лягеры. Начальнiка лягеру, Зарына, саслалi на 10 гадоў у вадзiн зь лягераў у Туркестане.
Дзеялася гэта ў 1930 годзе.