Музэй

Музэй

Быў тут i музэй, якi складаўся з трох аддзелаў: прыродаведнага, у якiм былi сабраныя мёртвыя экспанаты салавецкае флёры й фаўны; прамысловага — з выстаўленымi ўзорамi вырабаў тутэйшага промыслу й рамяства (гарбарнi, сьлясарнi, ганчарнi, сталярнi i да г.п.), аддзелу гiстарычнага, дзе былi сабраныя iконы, узятыя з цэркваў, некаторыя зь iх вялiкае мастацкае вартасьцi, тонкае работы крыжы рознага кшталту й вагi, зялезныя ланцугi з крыжам на канцы («вериги»), якiя насiлi манахi дзеля пакуты цела, i iншыя памяткi з старога манастыра. Але найцiкавейшыя экспанаты — гэта былi старыя рэлiквii — «мощи» сьвятых Засiмы й Савацiя, закладнiкаў салавецкага манастыра, замкнёныя ў шкляных скрынях.

Аглядаць музэй дазвалялася толькi групамi пад кiраўнiцтвам узгадавальнiка або каманданта роты. Тлумачэньнi даваў спэцыяльна вызначаны музэйны павадыр… Гiстарычны аддзел паказвалi вельмi павярхоўна, насьпех, a тлумачэньнi давалiся ў духу антырэлiгiйным.

Нейкi час я выконваў абавязкi музэйнага стоража. Мая праца была нескладаная. Я прахаджаўся музэйнымi калiдорамi, а часам выстойваў пад дзьвярыма, пiльнуючы, каб «сацыяльна блiзкiя» не павыкрадвалi экспанатаў.

Бадай штодня, калi я выходзiў на музэйны ганачак, падыходзiў да мяне пакорна нейкi селянiн з-пад Тулы (б. «кулак») сярэдняга веку й прасiў дазволу памалiцца,

Я ўважлiва разглядаўся ўва ўсе бакi i, пераканаўшыся, што нiхто ня бачыць майго службовага праступку, вёў «кулака» ў гiстарычны аддзел. Тут — паводле праваслаўнага звычаю — ён, хрысьцячыся, «адбiваў паклоны», а пасьля падыходзiў да трунаў сьвятых i малiўся…

Па твары ягоным плылi сьлёзы.

У 1933 годзе ў музэi была праведзеная рэарганiзацыя. Гiстарычны аддзел зачынiлi.