У бараку
У бараку
Нарэшце, прамерзлым, галодным i змораным дазволена выкапаць iзь сьнягу свае клункi ды ўвайсьцi ў барак.
Людзi кiнулiся ў памешканьне, займаючы месца на нарах. Нары былi двохпавярховыя, але месца неставала.
Я разам зь iншымi стаяў пасярод бараку, мяркуючы, як-бы трапiць на нары.
— Ну, марш усе на нары! — крычаў камандант бараку (таксама вязень, але ўжо iз старых, iз салавецкiх).
— Калi месца няма, — нехта адгукнуўся.
— Я вам тут зараз знайду месца, — зароў грозна камандант i, ускочыўшы на нары, пачаў пiхаць нагамi тых, што ляжалi.
Гэты спосаб даваў свае вынiкi. Неўзабаве ўсе ўжо ляжалi на нарах, гэтак шчытна «ўплатнiўшыся», што не маглi паварушыцца.
Ляжалi ўсе бокам, адзiн пры адным. Перамянiць гэтай позы няма нiякае магчымасьцi.
Разьмясьцiўшы гэткiм чынам усiх на нарах, камандант сеў пры зялезнай печачцы, паставiў на агнi свой чайнiк i, выцягнуўшы з кiшанi кусок чорнага хлеба, пачаў жваць.
Упхнуты памiж таўстапузага ўзбэка i нейкага здаравеннага ўкраiнца, ляжаў я непарушна, думаючы, што будзе далей. Няўжо-ж цэлыя дзесяць гадоў прыдзецца пражыць у гэтакiх абставiнах?
Адзiны рух, якi можна было зрабiць — гэта паварушыць галавой. Пад галавой ляжаў мой клунак. Iз свайго месца я бачыў каманданта, якi сядзеў каля печкi i жваў свой хлеб.
У галаве ў мяне зазiхацела адна думка.
Я абапёрся на аднэй руцэ й саскочыў на падлогу.
— Што? Хочаш на падворак? — крыкнуў камандант. — Пачакай! Як пойдуць усе, тады й ты. Нядаўна былi на панадворку.
— Не, таварыш камандант, не аб тое… Iншая рэч… Як-бы гэта сказаць?.. Таварыш камандант мае гэткi сымпатычны твар… I здаецца, што мы ўжо недзе спатыкалiся…
— Спатыкалiся цi не спатыкалiся, марш на нары! Няма што тут боўтацца! Ну! раз-два!
— Выбачайце, таварыш камандант! Яшчэ адно толькi слова. Не загневайцеся, таварыш камандант… Я маю кусок сала… Выбачайце за маю сьмеласьць… Я-б хацеў вас пачаставаць…
— Ну, гэтак-бы адразу й казаў! — праясьнiўся камандант. — Ну, давай свае сала!
Я ўжо сядзеў побач каманданта пры зялезнай печцы, адразаючы кусок сала.
— Хочаш чаю? — запрапанаваў iз свайго боку камандант. — Бо кiпяток ня хутка будзе. Тут вады няма. Прывозяць цягнiком зь мястэчка, дзесяць кiлёмэтраў адсюль… Колькi маеш гадоў?
— Сорак пяць.
— Што?! Дурны! Я пытаюся, колькi маеш гадоў для адседкi? На сколькi цябе засудзiлi?
— На дзесяць.
— Шпiён.
— He.
— Фальшываманэтчык?
— He.
— Спэкулянт?
— Таксама не.
— Ну хiба-ж ня злодзей?
— Участие в организации или содействие организации, действующей в направлении помощи международной буржуазии.
— Ага! Международнай… ага… содействие буржуазии… Гм… Нядобрая штука. Быў у якой контррэвалюцыйнай арганiзацыi?
— Я прыехаў з-за гранiцы.
— З-за гранiцы? — зьдзiвiўся мой начальнiк. — Вось як. Дык чаго-ж ты сюды прыехаў?
— Думаў, што тут добра.
Камандант глянуў на мяне, як на здурэлага. Пасьля, думаючы, што я, мусiць, не хачу сказаць аб сабе праўды, пакiнуў пытацца й пачаў расказваць аб сабе.
— А я, браток, таксама маю дзесяць гадоў… Перажыў плямiсты тыфус, але нiчога, вылiзаўся… Дужы быў… Ужо адседзеў сем гадоў… Прыслалi мяне з Саловак… Магчыма, што кары скасуюць… Вышлюць, мусiць, кудысьцi ў Сiбiр, у нейкую тундру… Але гэта горшае за концлягер… Вось паскудная рэч — гэта цынга! Бачыш? Усе зубы высыпалiся! Нiводнага! Рот як… На нагах раны яшчэ дагэтуль не загаiлiся… Але глупства! Галоўнае, што яшчэ не падох… Вось яно як!
Цяпер я толькi ўцямiў, чаму камандант гэтак дзiўна перажоўваець ежу. Сала рэзаў на маленькiя кусочкi, жваў яго бяззубымi дзёснамi й пасьля глытаў, як птушка.
Гэта быў мой першы ў лягеры «блат» (пратэкцыя).