Вясна

Вясна

Плывуць днi, месяцы, гады…

Здавалася-б, што шмат ёсьць пераменаў: адны памiраюць, другiх расстрэльваюць, iншых па сканчэньнi кары ў лягеры вывозяць некуды — у пячорскую тундру, Нарымскi край або сiбiрскую тайгу. Мяняюцца начальнiкi лягеру. Але не мяняецца самае галоўнае: няволя…

Што вясны, калi мора стаiць яшчэ скаванае лёдам, прылятаюць першыя зьвястуны вясны — кiгаўкi (чайкi) i сваiм дзiкiм крыкам напаўняюць паветра. Што вясны, калi цёплы подзьмух Гольфштрому пачынае кiдаць морскiя хвалi на лёд, якi залягае навакол нашага абтоку, мацней пачынаюць бiцца сэрцы людзкiя.

Але веснавыя надзеi манлiвыя, i новы навiгацыйны год ня прыносiць нiчога лепшага.

— Кiгаўкi ўжо прыляцелi!..

— Гэта толькi iхны вывед. Палятуць назад, як пабачаць, што навакол яшчэ стаiць лёд.

Гэтак сама палятуць i надзеi.

А ўсё-ж надзеi аджываюць штогоду. Бязь iх жыцьцё было-б зусiм немагчымае. Кажны мае на нешта надзею, кажны верыць у лепшую будучыню па-свойму. Аднаму сьнiцца амнiстыя, другi лятуцiць аб новым кодэксе, iншы прарочыць хуткi ўпадак Саветаў.

— Ня вытрываць… На Украiне голад… Мой сусед на нарах украiнец, меў нядаўна з хаты лiст… Пачынаецца зноў людаедзтва… Ня вытрываюць! Гэта ўжо апошнiя натугi.

— А ўсё-ж «пяцiгодка»…

— Што пяцiгодка!.. Найдалей праз тры месяцы ўсяму гэтаму прыйдуць канцы.

— Даў-бы Бог, каб гэта скончылася праз тры гады… I то было-б добра.

— Але-ж я вам кажу…

— Цс… толькi ня гэтак голасна!

— Нiхто ня чуе… То-ж здаровы розум кажа, што даўжэй гэтак быць ня можа… Я вам кажу, што хутка паедзем ужо…

— Ох, цiшэй, калi ласка!.. Ня гэтак голасна…

* * *

У «капцёрцы» пануе ўжо рух. Ведама, як усюды, гэтак i тут чарады людзей. Выдаюць летнюю вопратку. Забiраюць ватаваныя порткi ды гэткiя-ж курткi й замiж гэтага даюць летнiя палатняныя порткi i палатняныя кашулi. Праўда, яшчэ сьцюдзёна, яшчэ час ад часу сiвер ганяе туманы сьнегу на абтоку, але прыйшла каляндарная пара зьмены вопраткi, — i гэтак мусiць быць.

У капцёрцы крыкi, спрэчкi, нараканьнi.

— Што мне даеш нейкiя лахманы!

— Ды гэта-ж страшэнна бруднае! Дай мне iншае нешта!

— Мае порткi ня маюць нiводнага гузiка!

— Гэтая кашуля зацесная для мяне! Ня лезе… Давай другую!

— Бяры, што даюць, i пайшоў вон!

На вастрожнай плошчы сустракаюцца нейкiя дзьве жанчыны. Твары падмазаныя, вусны памаляваныя кармiнам. Адна мае на нагах выкрыўленыя вастрожныя боты, другая — латаныя зiмовыя валенкi, якiх яшчэ не пасьпела здаць у капцёрку.

— Ах, якi ў вас, панiчка, харошы бушлацiк! Як добра ляжыць на вас! Якiм парадкам ён гэтак добра падагнаны?

— Перароблены.

— Самi перараблялi? сваймi рукамi?

— Не. Маю краўчыху. Мая суседка, сьпiць на суседнiх нарах.

— А! Трэба будзе зь ёю пазнаёмiцца. Цi шмат бярэ?

— Не, ня дорага. Я дакляравала ёй чвэртку кiлё цукру, як будзе пасылка ад мужа.

— О, гэта запраўды ня дорага. Даражэнькая! Пазнаём мяне зь ёю.

Дзьве падмазаныя жанчыны ў шэрых вастрожных вопратках вядуць гутарку, як быццам дзьве сьвецкiя дамы, якiя раяцца, якой краўчысе даць шыць веснавы касьцюм…

Праходзiць мiма нехта ў даўгой шынэлi.

— Гэта што за гутаркi! Чаму не на рабоце? Хто звольнiў?

«Дамы», нiчога не адказваючы, бягуць да працы: адна — бульбу перабiраць у лягернай кухнi, другая — у прачкарню.