Манлiвыя спадзяваньнi
Манлiвыя спадзяваньнi
Здавалася-б, што ў такiх абставiнах людзi павiнны былi масава канчаць самагубствам. Зьняможаны, аддадзены на ласку й няласку катаў, чалавек мае толькi адзiн выхад, толькi адзiны спосаб пратэсту: узьдзець сабе пятлю на шыю. Але гэтак ня дзеецца. За час майго блiзу сямёхгадовага быцьця ў вастрогах i на катарзе я ведаю толькi аб трох выпадках самагубства. Двох павесiлася, адзiн у Салоўках кiнуўся пад цягнiк вузкакалейкi.
Найстрашнэйшае, найбольш жудаснае жыцьцё мае шчэ свае прывабнасьцi. Найгоршае жыцьцё — лепш за сьмерць. Бо тут заўсёды ёсьць яшчэ нейкая надзея, а там — надзеi ўжо няма. Усё скончана. Ужо ня вызвалiшся.
I жывуць гэтак людзi надзеяй, часта дзiцячай, манлiвай, якая ўжо неаднокраць ашуквала iх — вераць у вызваленьне.
Вераць у амнiстыi, якiя нiколi не датычаць да тых, хто найбольш на iх спадзяецца. Вераць у зьмену кодэксу. Вераць наагул у зьмену карнае палiтыкi Саветаў.
А тымчасам, з году ў год, плыве бясконцая хваля зьняволеных, канчаецца адна пяцёхгодка й пачынаецца другая. Адбываецца лiквiдацыя клясаў — i ўсё новыя й новыя грамады едуць у канцэнтрацыйныя лягеры, на высылку, запаўняюць вастрогi…
А наiўныя вераць манлiвым спадзяваньням…