Iнсцэнiзацыi
Iнсцэнiзацыi
Здаралася, што з вязьнем, якi не хацеў прызнавацца да пастаўленых яму абвiнавачаньняў або ня выконваў нейкiх iншых дамаганьняў сьледчага, калi нават карцэр не памагаў, разыгрывалi вось якую штуку: выклiкалi з камары, зьвязвалi рукi, везьлi ў камароўскi лес i тамака, над выкапанай ямай, прылажыўшы рэвальвэр да галавы, дамагалiся прызнаньня, дакляруючы тады дараваць жыцьцё.
Сядзеў з намi нейкi Воўк-Мiхайлаў, малады хлапец, контррэвалюцыянэр.
Ён няраз бравурна фiлёзафаваў:
— Праўду кажучы, што ёсьць расстрэл? Што ёсьць сьмерць? Глупства! Цi ня ўсё роўна? Дык-жа ўсе мы засуджаныя на сьмерць. I на волi, таксама як у ГПУ, мы ня ведаем анi дня, анi гадзiны… Адзiн памрэ, скажам, праз дваццаць гадоў, другi праз дзесяць, нехта iншы, можа, праз год… Цi ня ўсё роўна, цi раней, цi пазьней? На ложку ў сваей хаце цi ў камароўскiм лесе?..
Аднойчы паклiкалi яго «с вещами»…
Вярнуўся ў нашу камару праз пару гадзiн зьбялеўшы як палатно, з няпрытомнымi вачыма, увесь дрыжучы.
У першыя часiны мы нiчога не маглi ад яго даведацца. Немагчыма было з iм гаварыць. I толькi на другi дзень ён расказаў нам аб iнсцэнiзацыi на Камароўцы.
Хутка пасьля гэтага паехаў другi раз у камароўскi лес. Гэтым разам паехаў, каб ужо болей не вяртацца…