У Воршы

У Воршы

Затрымалiся ў Воршы.

Таксама, як у Менску, перад адыходам з вакзалу ў вастрог, строгая прамова «начканвоя»:

— Партия, слушай!..

I гэтак далей.

Зноў iз сваiмi клункамi на сьпiнах пайшлi мы няроўным местачковым брукам у вастрог, перароблены з былога манастыра.

Ладная бальшыня аршанскiх вязьняў быў элемэнт крымiнальны. Але нашыя новыя таварышы прынялi нас ветла, асаблiва калi даведалiся, што мы едзем на Салоўкi.

Стараста камары загадаў малодшым уступiць нам месца. Мы разьмясьцiлiся даволi добра на нарах.

Аршанскiя злодзеi разьмясьцiлiся пад нарамi… маючы магчымасьць пароцца ў нашых, кiнутых пад нары клунках.

3 вывезеных iз Менску харчоў у мяне засталося яшчэ крыху цукру, кусочак сала й гаршчэчак масла.

3 цукрам i салам не бяда, я схаваў сабе пад галаву, але куды падзець масла? Я аддаў пад апеку камарнага старасты, якi меў пад нарамi прыладжаную палiчку. Над галавой у старасты нiхто-ж не паважыцца красьцi!

Назаўтра масла ня было. Застаўся толькi пусты гаршчок. Стараста дзiвiўся, хто-б мог украсьцi. Але загадка хутка разгадалася. Стараста праз увесь дзень, мала што ня кожную гадзiну стукаўся ў дзьверы:

— Таварыш дзяжурны! Таварыш дзяжурны! Пусцеце мяне ў уборную! Ой-ой, хутчэй, таварыш дзяжурны!

Масла, зьедзенае бяз хлеба, мела для яго рэзультат, мацнейшы за здаравенную порцыю рыцыны.

Пасля двох тыдняў група тых, што выпраўлялiся на Салоўкi, паехала далей.