Рэлiгiйныя справы
Рэлiгiйныя справы
Да 1928 г. на Салоўках былi два памешчаньнi, дзе раз на тыдзень дазвалялi адпраўляць набажэнствы: у вадным праваслаўным сьвяшчэньнiкам, у другiм — каталiцкiм ксяндзом. Гэты быццам-бы касьцёльчык каталiцкi прадстаўляў невялiкую будынiну ў лесе, у вадлежнасьцi аднаго кiлёмэтра ад цэнтралi лягеру — Крамля, i ня мог зьмясьцiць усiх, хто жадаў памалiцца.
Старыя-ж салавецкiя цэрквы былi пераробленыя на вязьнiцы. Замiж дакляраваных школаў[16] — салавецкiя вастрожныя кашары, у якiх жыцьцё вучыла нас вялiкае праўды, што бальшавiкi ўмеюць абяшчэсьцiць усё сьвятое, Нават самае слова «таварыш», якое заклiкае да брацтва i навязвае сардэчнасьць памiж людзьмi аднае iдэi, аднае працы, аднае долi, — i яно будзiць сяньня ў кажнага, хто не заражаны камунiзмам, прыкрае пачуцьцё агiды. Так гэтае прыгожае слова апаганена, збэшчана вуснамi бальшавiкоў.
У 1928 г. набажэнствы былi забароненыя. Мала таго. Усiх каталiцкiх ксяндзоў i праваслаўных сьвяшчэньнiкаў перавялi ў 14-ю карную роту: i гэтага мала. У iх зрабiлi рэвiзiю i адабралi малiтоўнiкi, сьвятыя абразкi, крыжы. Раней папоў i ксяндзоў прызначалi на лягчэйшыя работы: за старажоў, кiраўнiкоў вастрожнае гаспадаркi, — наагул, на такiя становiшчы, дзе патрэбны людзi сумленныя, якiм сьмела можна даверыць лягерную маемасьць.
Цяпер, сканцэнтраваўшы iх у карнай роце, выслалi на абток Анзэр, дзе пасадзiлi ў фiлii «Галгофа». Назоў добра адпавядаў iхнай долi. Анзэрская «Галгофа» была для iх запраўднай Галгофай. Тутака прымушалi iх працаваць непасiльна, адначасна зьмяншаючы паёк. Тут зьдзеквалiся над iмi i наругалiся на ўсе лады.
Толькi ў 1932 г. камандыроўка «Галгофа» была зьлiквiдавана, i ксяндзоў з папамi парасьцярушвалi па iншых аддзелах лягеру.
На Салоўках сярод палiтычных вязьняў (контррэвалюцыянэраў) быў надта вялiкi працэнт людзей рэлiгiйных.
Крымiнальны элемэнт — зладзеi, душагубы, бандыты, прастытуткi — блiзу ўсе былi бязбожнiкi. Iхная гутарка ўсьцяж перасыпаецца асаблiвай маскоўскай лаянкай, у якой зневажаецца памяць маткi. Кажучы, быццам гэтая лаянка сягае часоў татарскае няволi i была ўжываная наезьнiкамi. Тады яна мела, прынамсi, нейкi сэнс, бо калi й не адпавядала запраўднасьцi, дык мела на мэце зьняважыць нявольнiка. Цяпер гэтая агiдная лаянка мае гэткi агульны й асаблiвы характар, што часта два прыяцелi, доўга ня бачыўшыся, лаюцца пры спатканьнi ад радасьцi. Бо ўся справа ў тоне. Калi лаюцца з пагрозай, тонам зачэпным — дык гэта знявага. Калi-ж тон прыязны ды яшчэ зь мiлай усьмешкай, лаянка гэтая можа быць выяўленьнем радасьцi, i зьдзiўленьня, i захапленьня.
Рэвалюцыя перарабiла гэтую лаянку на агiдную абразу Бога. Нават форма яе вельмi хутка прышчапiлася й блiзу ня зыходзе з вуснаў савецкага зброду[17]. У гэткiм асяродзьдзi, сярод бязбожнiцкiх выкрыкаў, шапочуць свае малiтвы тыя, хто верыць у Бога.