Першая лыжка дзегцю

Першая лыжка дзегцю

На ўрачыстасьцi меўся прамаўляць i Попутчiк.

Але перад пачаткам спэктаклю падыйшоў да яго дырэктар тэатру, ягоны прыяцель Красiнскi, i заклапочаны сказаў:

— Даражэнькi мой… як-бы гэта сказаць?.. Ну, пастанавiлi, ведаеце, што вы, як чалавек, якi прыехаў з Заходняе Беларусi… ну, што наагул будуць прамаўляць толькi людзi тутэйшыя. Вам пакуль што не выпадае… Вы мяне разумееце? Будзе нейкi дысананс… цi як сказаць… ня будзе тое, як… Адным словам… ляпей можа будзе, каб вы паднялi тост у часе банкету, пасьля спэктаклю, або… як самi ўважаеце?.. мо ня варта?.. Можа, будзе неадпаведны настрой. Як вам здаецца?..

Попутчiк не прамаўляў i на банкеце. Мала таго. У часе банкету, нiхто iм не цiкавiўся, нiхто да яго не зварачаўся, нiхто ня гутарыў з iм. Попутчiк быў як iзаляваны ад усяго асяродзiшча.

Пасьля вiцебскiх урачыстасьцяў вярнуўся ў Менск.