Лiсты
Лiсты
Зiма. Даўгая паўночная зiма. У сухiя марозныя ночы сьвецiць на небе паўночнае зiхаценьне. Навiчкi, калi нехта, увайшоўшы ў камару, скажа: i сяньня на небе «северное сiянiе», — выбягаюць вонкi i зь цiкавасьцю ўзiраюцца на нябачную праяву. А стары салаўчанiн ужо абыякава глядзiць на гэтыя сьветлыя хмарынкi, што мiгцяць на небе, на слупы сьвятла, што вырываюцца з-за небасхiлу, або на шчэ больш эфэктную адмену: на вялiзарнае паўкола iз шчарбатымi зубамi, якiя паланеюць, мiгаючы, быццам нейкае блядое таёмнае полымя, прыкрытае шчытом…
Лiсты!.. Лiсты прыйшлi!.. Кажны сьпяшаецца да свае роты, дзе ў днявальнага на столiку ляжыць ужо куча лiстоў. Творыцца чарга. Выклiкаюць прозьвiшчы адрысатаў.
Лiсты! Якая-ж гэта невымоўная радасьць, якое бязьмернае шчасьце — узiмку, на гэтым выклятым, адрэзаным ад сьвету абтоку — мець лiст ад кагосьцi, хто па табе тужыць, бясьсiльна спагадае тваёй долi, стараецца дадаць табе сiлы вытрываньня, асаладзiць тваё жыцьцё надзеяй…
Але як-жа бедны той, каго сустракае расчараваньне — хто лiста не атрымаў!..
Iншыя чытаюць ды перачытваюць атрыманыя лiсты колькi разоў i ня могуць насыцiцца словамi, якiя пiсала дарагая рука. Праз ляды, праз снягi й шугу атрымалi яны гэты кавалак паперыны, пакрыты словамi, якiя, стараючыся ашукаць цэнзуру, падаюць весткi аб падзеях пад роднай страхой. Салавецкi вязень навучыўся чытаць памiж радкоў. Ён ведае, што калi яму пiшуць: «сястра твая хворая, ляжыць у больнiцы» — дык разумей: сядзiць у вастрозе. Калi пiшуць: «здароўе твайго брата вымагае даўжэйшае бытнасьцi ў санаторыi» — дык гэта значыць: брата твайго спаткала твая доля, i ён павандраваў таксама да нейкага канцэнтрацыйнага лягеру. Калi напiсана: «дактары прызналi, што наш клiмат шкодны дзеля здароўя бацькi» — чытай: твайго бацьку заслалi некуды ў Нарымскi край i ў Пячорскую тайгу…
Але той, хто ня меў нiякiх вестак, — запраўды варты спогаду. Вусны ў яго зацiскаюцца, каб мускуламi твару ўстрымаць сьлязу, якая блiснула на ваччу… Нiчога! Нiякае весткi! Што зь iмi?.. Лепш ужо благая вестка, чымся гэтая праклятая няпэўнасьць…
Што зь iмi сталася? Чаму ня пiшуць?..