Лiст да прыяцеляў
Лiст да прыяцеляў
Я сядзеў на нарах i пiсаў. Пiсаў лiст да сваiх уплывовых прыяцеляў у Менску. Пiсаў зусiм шчыра. Пiсаў аб сваiм энтузiязьме, зь якiм ехаў у БССР, аб сваiм жаданьнi прылажыць сваю цэглiну да агульнага будаўнiцтва, аб незаслужанай кары, якая мяне спаткала — аб усiм. He ўспамiнаў толькi, што ўжо ў душы маёй пачуўся працэс выцьверазеньня. Таксама напiсаў заяву да тав. А. Чарвякова.
Легальным спосабам нельга было пераслаць гэтай карэспандэнцыi. Я ўжо абдумаў на гэта спосаб. Зраблю гэта праз мацi.
Лiст i заяву злажыў i ўцiснуў у пушачку ад сярнiчкаў.
Хутка паклiкалi мяне на гутарку з маткай. Тут, таксама як у ГПУ, пабачаньне адбывалася пры вастрожным дазоры, але тут ужо так строга не сачылi. Мацi яшчэ ня ведала, што я ўжо засуджаны.
— Ну? ну? i што? — пыталася з трывогай.
— Толькi будзьце зусiм спакойныя. Вы-жа бачыце, што я зусiм гэтым не праймаюся…
— Ну, кажы-ж хутчэй! Што табе далi?
— Глупства!.. Нiчога страшнога…
— Мусiць, пяць гадоў?
— Дзесяць гадоў салавецкага лягеру.
— О Божа! Божа! Дзесяць гадоў!.. I бедная старэнькая апусьцiлася зьняможана на лаву, залiваючыся сьлязьмi.
— Супакойцеся… Яшчэ нiчога ня ведама… Можа, будзе амнiстыя…
— Божа! Божа! — стагнала мацi. — Дзесяць гадоў! Гэтулькi часу! Дык я ўжо цябе больш не пабачу!
— Мо мама мае папяросы й сярнiчкi?
— Маю, маю! Вось закуры сабе.
I ў гэты час, запаляючы папяросу, я ёмкiм манэўрам запалiў сярнiчкi, аддаючы матцы пушачку, у якой была ўпiхнутая мая карэспандэнцыя.
Матка заўважыла гэта й прагавiта хапiлася за пушачку. Мы паразумелiся вачыма. Варта нiчога не заўважыла.