Новы «лягавы»

Новы «лягавы»

У нашую камару далi новых вязьняў.

Разлучылi мяне з маiм першым вастрожным таварышом: перавялi яго ў iншую камару. Ягонае месца, як iнфарматара «верхнiх паверхаў» аб тым, што ў нас дзеецца i гаворыцца, заняў iншы «лягавы»[9] нейкi К. Гэта быў чалавек ужо каля 60-ёх гадоў, засуджаны за шпiянаж на карысьць Польшчы на дзесяць гадоў вастрогу. Сядзеў спачатку ў Полацку.

ГПУ пастанавiла выкарыстаць яго дзеля сваiх мэтаў. За паслугi дакляравалi яму… волю. У хуткiм часе. На працягу ня больш як трох месяцаў.

Перавялi яго ў Менск. Давалi яму лепшы паёк. На абед ён атрымоўваў кусочак мяса, трынаццаць папярос у дзень, большую за iншых колькасьць цукру й да г. п.

Ад часу да часу К. атрымоўваў i грошы на купляньне харчоў. Наiўны стары чалавек глыбака верыў у дакляраваную яму волю, пiльна сачыў нас, прыслухоўваўся ў камары, а калi iншыя выходзiлi «на прагулку», рэвiзаваў нашы рэчы — i страшэнна быў зьдзiўлены, калi прамiнулi тры месяцы, калi прамiнула й шмат больш, а дакляраванай яму волi ня ўбачыў.

Перад намi матываваў свае надзеi, ведама, нейкiмi новымi акалiчнасьцямi, што выясьнiлiся ў ягонай справе, i на падставе якiх ГПУ быццам мелася звольнiць яго раней.

Бедны, верыў у свой хуткi выхад на волю i ў iмя волi працаваў на загубу iншых зьняволеных.

Аднак, у 1932 г. убачыў волю, але, праўда, не дзякуючы ГПУ. Польскi ўрад абмяняў яго разам з iншымi на зьняволеных камунiстых.