Таварышы «работают»

Таварышы «работают»

Дзеля таго, што дакучаў яму страшэнны Katzen-jammer, Попутчiк устаў даволi позна. Калi, памыўшыся i выпiўшы шмат халоднай вады, выйшаў з хаты iзноў, як штодня, спаткаўся на ганку з вядомымi ўжо яму незнаёмымi тыпамi. Сядзелi на ўсходачках пад ганкам, чакаючы цярплiва на Попутчiка.

— Дзень добры, таварышы! — прывiтаўся з iмi, як са знаёмымi.

— Добры дзень.

— «Работаете», товарищи?

— Хэ, хэ, работаем, товарищ! — адказалi, канфузьлiва ўсьмiхаючыся.

Наагул, далейшая кансьпiрацыя, далейшае «валяньне дурака», ня мела ўжо сэнсу. Шпiёны добра ведалi, што iхная ахвяра пазнаець iх i далей вялi сваю работу ўжо адкрыта, не хаваючыся.

Попутчiк пайшоў Вясёлай вулiцаю ў кiрунку да цэнтра гораду, а таварышы шпiёны ў нязначнай адлежнасьцi назiркам за iм.

Попутчiк iшоў i лаяўся:

— На якога чорта гэтыя гады пруцца за мной?!. Там учора былi гэткiя прыемныя, гэткiя мiлыя людзi… здаецца, што нават пiлi на брудэршафт, а тут… маеш табе!.. iзноў гэтыя два лезуць за мной, як ценi… Што за чорт!.. Нiчога не разумею… Трэба хiба пайсьцi пагаварыць аб гэтым з Iгнатоўскiм[5].

Памыляўся, думаючы, што Iгнатоўскi спаткае яго з адкрытымi рукамi. Старшыня Iнбелкульту[6] прыняў цяпер Попутчiка халодна, як звычайнага нуднага iнтэрэсанта. Попутчiк пачаў жалiцца:

— Што за чартаўня, таварыш! Дык-жа я прыехаў легальна, атрымаўшы савецкую вiзу… Дык-жа «Грамада» мяне добра ведае, могуць за мяне паручыцца… А за мной усьцяж ходзяць. Двох ходзiць… Сяньня выходжу з хаты — ужо сядзяць на ганку i чакаюць… У чым справа? Дзеля чаго гэта? Ажно злосьць бярэ! Парайце мне, што рабiць?

— Цi вы ўжо былi… там… ну, у ГПУ? — спытаўся Iгнатоўскi, паглядаючы пiльна праз акуляры на Попутчiка.

— Але… нядаўна… — адказаў зьдзiўлены Попутчiк.

Няўжо-ж усе, якiя прыяжджаюць у гэтую краiну свабоды, павiнны прайсьцi праз вагонь допытаў ГПУ!

— Ну i што?.. — пытаўся далей старшыня Iнбелкульту.

Памятаючы аб засьцярозе: «совершенно секретно», Попутчiк абмежаваўся толькi агульнымi словамi, ня кажучы таксама нiчога аб учарашняй «товарищеской чашке чаю».

— Нiчога… Усё добра… Я iм усё расказаў…

— Ну? I як да вас паставiлiся?

— Надта добра… Прынялi мяне вельмi добра. Iгнатоўскi задумаўся. Моў разважаў нешта, моў яшчэ хацеў нешта спытацца. Попутчiк дакiнуў:

— Але-ж я прыехаў з багаславенста «Грамады», а Ульянаў маець аба мне вельмi прыхiльныя iнфармацыi…

— Гм… Ульянаў?.. Чакайце!.. Ведаеце што? Учора акурат прыехаў з Варшавы Ульянаў… Едзе ў службовых справах у Маскву… Зайдзецеся да яго. Ён жыве ў «Эўропе»…

— Што кажаце!? Ульянаў у Менску! Ах, як гэта добра! Iду да яго!

— Iдзеце!.. Гасьцiнiца «Эўропа»… Ведаеце, дзе гэта?

— Ведаю… Бывайце!.. Дзякую.

3 Iнбелкульту да «Эўропы» было недалёчка. Як ужо Попутчiк быў на месцы i пастукаў у дзьверы пакою Ульянава.