Як беларускія таварышы выкрылі таджыцкіх трацкістаў на мове ідыш
Як беларускія таварышы выкрылі таджыцкіх трацкістаў на мове ідыш
Галоўліт штомесяц дасылаў у аддзел друку ЦК КП(б)Б зьвесткі пра зробленыя выкрэсьліваньні і правакацыі, спыненыя ягонымі супрацоўнікамі, прычым прыводзілася аргумэнтацыя дзеяньняў цэнзара. У цэнзуры працавалі паліглоты — у першыя дзесяцігодзьдзі савецкай улады у Беларусі выдаваліся газэты і часопісы на нямецкай, польскай, літоўскай мовах, на ідышы. Дасьведчанасьць цэнзараў сягала так далёка, што калі ў жніўні 1937 году габрэйская газэта «Юнгер Ленінец», якая выдавалася ў Менску, хацела надрукаваць таджыцкую народную легенду «Чалавечае шчасьце», Галоўліт выкрэсьліў легенду як ідэалагічна нявытрыманую. Цэнзары даслоўна пераклалі тэкст і накіравалі яго са сваім камэнтаром у ЦК.
«Калі Цімур (Тамерлан) нарадзіўся, сустрэліся Месяц з Сонцам над Памірам, прыляцела птушка і прынесла бацьку радасную вестку: нарадзіўся Саіб І-Кран, вялікі чалавек… Прайшлі гады. Цімур стаў вялікім кіраўніком і пераможцам.
Ён перамог шмат краінаў і зьнішчыў цэлыя народы, і чалавечая кроў лілася ракой, а сьлёзы — вялікімі морамі.
Ніколі людзі да Цімура ня бачылі такога крыважэрнага разбойніка. Цімур зьбіраў лепшыя творы чалавечай думкі — кнігі і хаваў іх. Пра адну кнігу, аб чалавечым шчасьці ён думаў доўга-доўга. Там было напісана, што шчасьце чалавецтва наступіць толькі тады, калі такія як Цімур будуць зьнішчаныя. Тады вырашыў Цімур украсьці ў чалавецтва кнігу шчасьця. Адным ударам шаблі расьсёк ён скалу, уклаў кнігу, скала зачынілася і схавала яе…
Мінулі стагодзьдзі… Зноў сустрэўся Месяц з Сонцам, але не над Памірам, а над сьнежнымі вяршынямі Каўкаскіх гор, і нарадзіўся новы вялікі чалавек… Новая срэбная птушка вярнула кнігу шчасьця людзям і стала расьпяваць аб новым Саіб І-Кране, які прагнаў памешчыкаў, абвадніў сухую зямлю ў Баршы, стварыў калгасы, будуе школы, вызваляе жанчын…»
Каб ня ўзьніклі сумневы, аўтары легенды зь ліку таджыцкіх прагандыстаў у канцы растлумачвалі: «Новы Саіб І-Кран быў Сталін».
Сумневы, аднак, ўзьніклі. У тлумачэньнях для ЦК цэнзары зрабілі аналіз, пасьля якога сумневаў не выклікала ўжо рэакцыйнасць легенды, якую, верагодна, прыдумалі таджыцкія трацкісты.
«Легенда ставіць побач як два Саіб І-Краны тав. Сталіна і разбойніка Цімура, прычым у самой легендзе не адзначана, хто зь іх быў найвялікшы чалавек. Сама думка аб параўнаньні тав. Сталіна хаця і з буйнейшымі асобамі сусьветнай гісторыі (хаця мы зусім не адмаўляем ролю асобы ў гісторыі) зьяўляецца палітычна шкоднай, тым больш, калі падаецца дзецям дашкольнага ўзросту.
Таксама палітычна няправільная думка аб тым, што ў Цімура была кніга аб чалавечым шчасьці, што ён яе ўкраў, а птушка вярнула тав. Сталіну. Гэтыя думкі няправільныя, бо кніга аб чалавечым шчасьці, інакш, навука аб вызваленьні чалавецтва, не магла існаваць тады, калі яшчэ не было пралетарыяту і гаворкі не магло быць аб дыктатуры пралетарыяту. Сама легенда зводзіць сутнасьць вучэньня гэтай кнігі да «зьнішчэньня людзей, такіх як Цімур», інакш кажучы, гэта ня што іншае, як рэакцыйная тэорыя расейскіх народнікаў аб тым, што грамадзтва можна перабудаваць шляхам тэрору супраць рэакцыйных правіцеляў, адмаўляючы неабходнасьць масавай палітычнай барацьбы.
Адсюль і палітычная шкоднасьць тэзысу аб тым, што названая кніга была знойдзеная і дастаўленая тав. Сталіну і ён на яе падставе пабудаваў чалавечае шчасьце. Вучэньне Маркса-Леніна-Сталіна нічога агульнага ня мае з вучэньнем усякіх народнікаў і да іх падобных, а наадварот, яно вырасла і ўзмацнілася ў барацьбе з гэтымі вучэннямі. Гэты тэзыс зводзіць ролю тав. Сталіна да вузкай ролі рэвалюцыянэра-практыка, думка яўна трацкісцкая.
Таксама палітычна шкодная думка аб тым, што існуючае вучэньне аб шчасьці народным магло быць выкрадзена ў чалавецтва. Пераводзячы гэты тэзыс на палітычную мову, значыць, могуць быць такія выпадкі, калі якія-небудзь прайдзісветы: Гітлер, Мусаліні і іншыя могуць шляхам рэпрэсіяў супраць рабочае класы і камуністычнай партыі зьнішчыць марксісцка-ленінскае вучэньне. Такі тэзыс супярэчыць выказванню тав. Сталіна на XVII зьезьдзе партыі».
Трацкісцкая легенда не прайшла. Газэту «Юнгер Ленінец» неўзабаве закрылі. Мэтадалёгія палітаналізу засталася…