Матчына роспач

Матчына роспач

Мацi мая, хаця ня мела ад мяне лiстоў, была спакойна.

Думала, што я жыву ў Вiцебску i, маючы шмат працы, ня маю часу на лiставаньне.

Дык калi атрымала мой кароткi вастрожны лiст, упала ў роспач. Старалася разабраць замазаны Пятровам працяг лiста, але нiчога ня выйшла. Гэтая чорная пятроўская замазка на лiсьце яшчэ болей узмагала яе неспакой.

I пачалося абiваньне парогаў розных савецкiх установаў — то сюды, то туды, усюды нi с чым. Бяз вынiкаў. Сама ведала, што трэба пагутарыць з Ульянавым. Апрача таго, трэба пабачыцца з сынам.

Неўзабаве даведалася, што дыплёмат затрымаўся праездам у Менску. Дык пайшла да яго ў гасьцiнiцу.

Ён зьдзiвiўся, пабачыўшы сярод сваiх звычайных iнтэрэсантаў — маладых жыдкоў i жыдовачак — нейкую старую са сьлязьмi на ваччу.

— У чым справа, грамадзянка? Чаго вы да мяне прыйшлi?

— Паночку?.. Таварыш… Грамадзянiн… Я мацi Аляхновiча…

— Ааа…

— Я матка ягоная. Прыйшла да вас прасiць дапамагчы майму сыну… Майго сына арыштавалi… Ён бязьвiнны… Грамадзянiн! Вы адзiн толькi можаце яго выратаваць… Я прыйшла да вас, як да адзiнага выбаўцы майго сына…

— Ха, xa, xa! А гэта мне падабаецца… Дык значыцца я павiнен яго вызвалiць? Дзеля чаго? Чаму?

— Дык-жа вы ведаеце, што мой сын ня мае нiякае вiны… Прыехаў сюды, паверыўшы вам… Без благiх думак…

— Добра яму гэтак! Няхай пасядзiць! Ён сеў ужо надоўга. Ужо не захочацца яму контррэвалюцыi!

— Але-ж мой сын ня быў контррэвалюцыянэрам! Вы гэта добра ведаеце. Вы-жа далi яму вiзу…

— Годзi ўжо! Ня маю часу даўжэй з вамi гутарыць, грамадзянка! Ды й гэта не падлягае маёй кампэтэнцыi. Iдзеце ў ГПУ.

— Грамадзянiн…

— Годзi, сказаў я ўжо раз. Прашу больш мне не дакучаць!

Аблiваючыся сьлязьмi, пакiнула мацi пакой дыплёмата.

Трэба йсьцi ў ГПУ, трэба прасiць, каб далi дазвол пабачыцца з сынам.

Можа, яму нечага трэба? Ну, ведама, што трэба. Дык-жа ў вастрозе блага кормяць. Трэба прынесьцi яму ежы. Ён гэтак любiў пiражкi з грыбамi. Трэба сьпячы яму пiражкоў. Ён-жа там ня мае нiякае пасьцелi. Можа, дазволяць перадаць яму хаця маленечкую падушачку i коўдру. Мусiць, ня мае й папярос. Ён гэтак шмат курыў. Як ён у гэтакiх абставiнах вытрывае без папярос?

А можа, ён хворы? Дык-жа там, у гэтых падвалах ГПУ, мусiць, страшэнная сырасьць. Яшчэ дастане рэуматызму…

Ах, Божа, Божа… зьлiтуйся над iм…