Госьць з Менску
Госьць з Менску
Адзiн раз, у жнiўнi 1926 году, у нядзелю ў кiно «Helios» пры Вiленскай вул. адбываўся мiтынг. Гаварыў кiраўнiк «Грамады» Тарашкевiч. Пасьля яго меўся прамаўляць Рак-Мiхайлоўскi ды iншыя грамадаўцы.
Аднак, iм ужо не ўдалося выйсьцi на трыбуну, дзеля таго што прадстаўнiк польскае ўлады, якi быў на мiтынгу, спынiўшы пару разоў першага прамоўцу, распусьцiў мiтынг.
Кiно было перапоўненае. Настрой панаваў гарачы. Ад часу да часу адна частка публiкi перашкаджала прамоўцы варожым крыкам, другая — бiла шалёнае брава.
Калi-б зборка ня была разагнаная, дайшло-б да бойкi. Па Вiленскай вулiцы разьяжджалi конныя палiцыянты. На гэтым мiтынгу быў i Попутчiк. Разам з iншымi глядзеў на прамоўца Тарашкевiча, прагавiта глытаючы кожнае ягонае слова, разам з iншымi скрыгатаў зубамi i сьцiскаў кулакi, калi мiтынг быў распушчаны.
Выйшаў на вулiцу разам з iншымi. На рагу Вiленскай i вул. Мiцкевiча падыйшоў да яго нейкi незнаёмы ў шэрым палiце i гэткай-жа шапцы.
— Добры дзень! Не пазнаяцё?
— Выбачайце… не прыпамiнаю, — адказаў Попутчiк.
— Я — Селях з Менску. Мы калiсьцi спатыкалiся.
— У Менску? Дзе? Мо ў «Беларускай Хатцы»?
— I ў «Беларускай Хатцы».
— На Конскай Плошчы?
— Але.
— Што-ж вы тут робiце? Скуль вы ўзялiся?
— Учора я прыехаў з Менску.
— 3 Менску?
Попутчiк расьцiкавiўся:
— 3 Менску, кажаце? Ну, як там? Кажэце-ж, калi ласка! Я хацеў-бы пагаварыць з Вамi аб Менску… Вы надоўга прыехалi?
— Сам ня ведаю. Я дастаў водпуск. Думаю сабе: куды-ж паехаць? Хацеў паглядзець, як жывуць у капiталiстычных краёх. Ну й выбраў Вiльню.
— Вы былi на мiтынгу? Як-жа-ж Вам спадабалася Тарашкевiчава прамова?
— Добра казаў… Вельмi добра… А можа-б, мы пайшлi кудысьцi паабедалi? — раптам запрапанаваў незнаёмы. — I тады пагаворым аб усiм…
— На жаль, я… як-бы гэта сказаць… Ну, кажучы шчыра, ня маю пры сабе грошай…
— Вось глупства, — сказаў Селях. — Я маю крыху даляраў… Дзе тут можна добра закусiць?.. Я ня тутэйшы, ня ведаю…
— Недалёка адсюль «Зацiшэ». Там нiчога сабе… Толькi мне надта прыкра… бо як я ўжо казаў…
— Ах, ня будзем аб гэтым казаць! Вось яшчэ якiя цырымонii… Мы-ж старыя прыяцелi!..
Прыяцелi пайшлi ў рэстаран. Неяк адразу завязалася памiж iмi гарачая сымпатыя.
Няма дзiва. Адзiн прыехаў з савецкага раю, а другi ў гэты рай iмкнецца ўсёй душой.
Першай тэмай гутаркi пры чарцы гарэлкi быў, ведама, Менск. 3 гэтай гутаркi Попутчiк даведаўся, што ягоныя менскiя прыяцелi добра яго ўспамiнаюць i ахвотна бачылi б у сваей грамадзе; што яму, Селяху, даручана пасулiць Попутчiку, каб ён хутчэй перабiраўся ў Менск. Далейшая гутарка перайшла на палiтычныя тэмы. Гаварылася аб палажэньнi беларусаў пад Польшчай, аб «Грамадзе», аб «Беларускай Радзе». Новы знаёмы з асаблiвым зацiкаўленьнем распытваўся аб гэту апошнюю. Попутчiк расказваў. Казаў, як ён нездаволены, што ў свой час зьвязаўся з гэтай арганiзацыяй, казаў аб сваей дзiўнай тут ролi, калi духова будучы з «Грамадой», фiзычна быў сябром «Рады». Злаваўся на сябе самога i пляваў на «Раду».
Прыяцельская гутарка, падлiваная значнай колькасьцю алькагольных напiткаў, зацягнулася да ночы. Пасьля — таксi. Антокаль, падмястовы начны рэстаранчык, дансiнг. Новы прыяцель Попутчiка меў дужы арганiзм. Ня гледзячы на вялiзарную колькасьць выпiтай гарэлкi, каньяку, лiкёраў i пiва, быў цьвярозы.