Няўдалыя ўцёкi

Няўдалыя ўцёкi

Ноч. На нiжнiх i верхнiх нарах тырчаць рады босых ног. Брудных, сьмярдзючых, выкрыўленых, пераблытаных з нагамi суседзяў. У паветры кiслы дух ад людзкога поту й iншых яшчэ агiднейшых пахаў. Пад стольлю курыць маленькая газьнiчка. Шкла ў газьнiчцы даўно ўжо няма, бо яго пабiлi, дык адкрыты кнот заражае паветра смуродам паленае газы.

Цiшыню парушае храп спрацаваных людзей, часам стогн вырвецца з грудзей, якiя гняце кашмарны сон.

Спынiлiся праклёны, лаянкi, нараканьнi. Сон усiх пагадзiў i злучыў у братнiх абоймах. Узбэк сваёй бруднай, даўно нямытай рукой абняў праз сон шыю якута. Украiнец з-пад Палтавы закiнуў сваю сьмярдзячую ад поту нагу на бруха грузiна з Каўказу. Ад часу да часу нехта прачнецца, злазiць з нараў, нацягвае на сябе свае вастрожнае рызьзё й бяжыць на двор дзеля свае натуральнае патрэбы…

Ня сьпiць толькi адзiн «днявальны» («дзяжурны»).

Недалужныя, iнвалiды, людзi, якiя сваймi сiламi не маглi-б дацягнуцца да лесу на работу, былi пакiнены ў лягеры й выконвалi тут абавязкi слугаў у бараках. Яны пасьля выхаду ўсiх на работу прыбiралi баракi, калi работнiкi вярталiся зь лесу, адносiлi ў сушарню iхную прамочаную вопратку, палiлi ў печах, насiлi вар i да г. п.

Уначы — яны мусiлi глядзець за тым, каб усе вязьнi былi ў бараках, каб нiхто ня ўцёк.

Называлiся яны «днявальнымi».

Днявальны пiльна сочыць кажнага, хто ўначы выходзiць i варочаецца. Ад часу да часу абходзiць нары й лiчыць ногi вязьняў. Падзялiўшы лiк ног на два, ведае, колькi людзей ёсьць у бараку.

Вось ён лiчыць. Памылiўся. Нешта ня так. Ногi паблыталiся. На адных нарах ёсьць лiшняя нага, на другiх — аднае не стае. Днявальны здымае з крука лямпачку i, асьвятляючы найцямнейшыя куты, пачынае рахунак нанова.

Раптам расчыняюцца з трэскам дзьверы. Хваля марознага паветра ўрываецца праз расчыненыя дзьверы, у якiх паказалася постаць у ваеннай вопратцы.

Гэта — ночная праверка.

Уваходзiць з лiхтарняй канвойны жаўнер. Пачынаецца зноў лiчэньне тырчачых ног.

Аднае пары ног не стае — аднаго вязьня няма ў бараку!

Лiчыць яшчэ раз.

Аднаго вязьня няма!

Дзе падзеўся? У патрэбнай каморцы няма. На нарах, анi пад нарамi няма. Днявальны спалохаўся. Будзе адказваць за недагляд.

Яшчэ раз лiчаць, шукаюць, заглядаюць пад нiжнiя нары.

Няма!

Уцёк!

Трывога.

У вартаўнiчых кашарах пачынаецца рух. Усхоплiваюцца з тапчаноў заспаныя салдаты. Клянуць. Хапаюць вiнтоўкi й лыжы. Ужо разбудзiлi начальнiка. Той злуе. Загадаў: ня браць жывым, а застрэлiць. Страляць у сьпiну, каб выглядала, што стралялi ў часе ўцёкаў. Заданьне няцяжкае: усе гоняцца на лыжах, а гэны, што ўцякае, прэцца пехатой праз глыбокi сьнег.

Дарожка-ж у яго адна: лёдам праз мора на Колежму.

Iншай няма.

Праз колькi гадзiнаў яго здагналi, паводле загаду, застрэлiлi. Праз ранiцу паехалi санi забраць труп. Назаўтрае непадалёк ад лягеру, на ўскраi лесу, пахавалi няўдалага ўцекача. Хаўтуры кiравалi адзiн салдат i «лекпом» — фэльчар, найвялiкшая ў нас мэдыцынская павага. Ён вызначыў глыбiню ямы.

Магiлу капалi днявальныя.

Hi слова спогаду да нябожчыка, нi сьледу таго паважнага настрою, якi звычайна бывае пры праводзiнах чалавека на вечны супачынак. Зьдзекi, кпiнкi, лаянка, праклёны — быццам клалi ў дамавiну не свайго таварыша, а нейкага заклятага ворага…

Прозьвiшча забiтага: Шульц.