Кiно

Кiно

Апрача тэатру было й кiно — пару разоў на тыдзень. Найцiкавейшы быў у кiно сэанс у 1928 годзе, калi мы пабачылi на экране «самiх сябе».

Памятаю, як рабiлiся здымкi да гэтага фiльму.

Перад нашай ротай быў садочак, у якiм улетку прабавалi красаваць нейкiя рахiтычныя кветкi. У садку стаяла драўляная каплiца, аберненая ў чытальню часопiсаў.

Вось раз — на вялiкi наш дзiў — пачулiся ў садочку гукi нашае вастрожнае аркестры. Камандант абходзiў нашыя камары, выбiраў спасярод нас тых, якiя вонкава выглядалi больш прыстойна, i пасылаў у садок. Тамака былi расстаўленыя сталы, за якiмi сядзелi вязьнi, гуляючы ў шахматы або пераглядаючы часапiсы. Нагналi сюды таксама й жанок iз «женроты» i дазволiлi iм сядзець разам iз мужчынамi…

А воддаль стаяў маханiк з апаратам i накручваў фiльм. Ведама, палажэньне было такое нязвычайнае, што сьмеху й жартам ня было меры й фiльм удаўся, як мае быць: даў абраз салавецкае радасьцi…

…А от разных ударных работ

«Веселеет» рабочий народ…

Пасьля мы аглядалi свае радасныя твары, бачылi, як ахвоча выходзiм на работу, як вясёла працуем, як адпачываем пасьля працы, займаючыся «культурнымi гульнямi»…

Фiльм свайго дасягнуў: разыйшоўся па СССР. Мацi мая пiсала зь Менску: «Я бачыла ў кiно вашае жыцьцё на Салаўкох. Значна супакоiлася. Бачу, што там ня гэтак блага, як я думала…»

Я пэўне-ж адказау ёй, што мне вельмi добра, бо iнакш цэнзура не прапусьцiла-б лiста.