Новыя допыты
Новыя допыты
— Аляхновiч, на дапрос!
Вось табе маеш! Дык-жа Пятроў сказаў, што справа закончана. А тут вось табе: новыя допыты.
Значыцца, прадчуваньнi зьдзейсьнiлiся.
Але. Значыцца, гэта ў справе Кавэрды. Ня йнакш!
За гэткае знаёмства мяне не пагладзяць па галаве
Пэрспэктыва: грузавiк, тры залатнiкi, падарожжа на месяц…
Не вясёла.
Ну, Бог бацька!..
— Аляхновiч! Скарэй вылятай! Iдзем наверх!
— Ужо, ужо! Iду!
О, як-жа-ж ацяжалi мае ногi! Як цяжка было ўзьбiрацца на трэйцi паверх! Каплi поту выступiлi на лоб.
Пятроў надзiва спакойна мяне спаткаў, нават ветла.
— А, Аляхновiч! Калi ласка… Сядайце вось там, пры гэтым стале… Вось папера, чарнiла… Пiшэце ўсё, што ведаеце аб Кавэрду.
Значыцца, няма ўжо нiякага сумлеву: хлапец, якi страляў у Варшаве ў савецкага паўпрэда — гэта той самы Барыс Кавэрда, экспэдытар часапiсу «Беларускай Рады», мiлы, цiхi, ветлы хлапчук.
Гэта, значыцца, ён!
Аляхновiч узяў паслухмяна пяро ў рукi й пачаў:
«Я знаў у Вiльнi Барыса Кавэрду як сымпатычнага…»
Божа мой! Што я пiшу
Старанна замазаў «сымпатычнага» йна гэтае месца напiсаў: «недаразьвiтага, дэгэнэратыўнага тыпа…»
Задумаўся.
Што далей?
Падыйшоў Пятроў.
— Ну як-жа там iдзе?
— Пiшу, пiшы!
— Добра. Пiшэце ўсё, што ведаеце. Курыце?
— О! Куру!
— Вось для вас папяросы.
3 гэтымi словамi палажыў на стале цэлую пачку добрых папяросаў.
Я пiсаў i перачыркаваў. Думаў, прыпамiнаў, сушыў сабе галаву й нiчога ня выходзiла.
Праз нейкi час Пятроў зьявiўся iзноў.
— Ну, пакажэце, што вы тут напiсалi?
Глянуў i зароў:
— Што гэта?! Жарты? Ну, паглядзiмо!.. Пашкадуеце!.. Краснаармеец! Узяць яго назад у камару!
Аляхновiч iзноў у сваей камары.
— Ну, што там у вас было? Навошта вас клiкалi? Аб чым пыталiся? — сыпалiся навакол пытаньнi камратаў.
— Дрэнна, — прахрыпеў толькi адно слова знаёмы Кавэрды.
* * *
Увечары, у той самы дзень, iзноў паклiкалi мяне на гару.
Апрача Пятрова, сядзела яшчэ двох чэкiстых: таварыш
Эстрым i яшчэ нейкi тып у ваеннай вопратцы.
Пачаў Пятроў:
— Так-с, грамадзянiн!.. Вашыя справы дрэнь… Ня хочаце нiчога казаць, упорна маўчыцё…
— Але-ж я ўжо гэтулькi казаў, што ня ведаю, аб чым яшчэ мог-бы гаварыць… Кажэце, пытайцеся, я на ўсё буду адказваць…
— Скажэце, аб якiх вы яшчэ ведаеце тэрорыстычных актах, выкананых «Беларускай Радай»?
— Я? Аб тэрорыстычных актах? Першы раз чую.
— Ну, ну, ну! Толькi бяз гэтага дуракаваляньня. Дык-жа ведама, што вы тэрорысты?
— Я тэрорысты?
— Ну, ведама, вы ня йшлi з рэвольвэрам у руцэ, як Кавэрда, але былi галоўным iнсьпiратарам, завадатаем усяго. Го-го, вiцэ-старшыня й нiчога ня ведае!
— О, Божа! Дык-жа-ж я, дальбог, нiчога ня ведаю!
— He чапайце лепш свайго Бога, ён усё роўна нiчога вам не паможа, а адказвайце на пытаньне. Бо ведаеце хiба, што вас чакае: тры залатнiчкi, вось тут!.. — i з гэтымi сло-вамi стукнуў мяне ў патылiцу ў тое месца, куды страляюць з нагана.
Я ужо ня меў нiякага сумлеву датычна таго, што буду расстраляны.
Гэтыя крыжаваныя допыты, якiя вялi сьледчыя, трывалi каля трох гадзiн. Чаго яны ад мяне дамагалiся, я так i цяпер ня ведаю. Калi я сказаў, што, колькi мне ведама, «Беларуская Рада» нiякiх тэрорыстычных актаў на сваiм сумленьнi ня мела, а забойства Войкава магло быць справаю рук тэрорыстых расейскiх, Пятроў хiтра прыплюшчыў адно вока й заявiў:
— А я вось што вам скажу, грамадзянiн! У той час, як Кавэрда страляў, на вакзале быў там i Паўлюкевiч. Ну? Што вы на гэта?..
Што-ж я меў сказаць на гэта? Нiчога[10].