Перад аблiччам сьмерцi
Перад аблiччам сьмерцi
Як розна трымаюцца людзi перад аблiччам сьмерцi!
Iндывiдуальнасьць кажнага выяўляецца ў гэты мамэнт найбольш яскрава.
Адзiн кiдаецца на калены, скуголiць, хапае сваiх катаў за ногi: «Таварышы! Пачакайце! Яшчэ часiнку!» i да г. п. Iншы iз страшнымi праклёнамi, з вачыма, набраклымi крывёй, кiдаецца на канвой, але хутка — пасьля моцнага ўдару кулаком па галаве — цiшэе. Яшчэ iншы галёкае, пяе распусныя песьнi, як быццам сваiм крыкам хоча заглушыць у сабе страх сьмерцi.
Але бальшыня йдзе пакорна, як жывёла на бойню. Hori ня слухаюцца, млеюць, чалавека цягнуць пад рукi, падганяюць ударамi ў сьпiну, каб не аставаўся, не затрымлiваўся, не спыняў паходу сьмерцi…
Раней, як ужо гаварылася, расстрэльвалi на могiльнiку. Засуджаныя станавiлiся на краi выкапанай ямы, i тутака адзiн iз супрацоўнiкаў ИСО, часта сам начальнiк, тав. Дехтерев, страляў iм ззаду ў галаву з нагану.
Пазьней месца расстрэлау было зьменена.
Дык-жа тут блiзка была «женрота». Улада, мусiць, прызнала, што жанкам ня гожа прыглядацца да расстрэлаў, i перанесьлi экзэкуцыi ў дызэнфэкцыйную камару — у межах крамлёўскiх муроў. У лёхах камары ня было чуваць стрэлаў, да таго-ж туды было блiзка ад iзалятара — колькi дзесяткаў мэтраў цераз плошчу.
Па сканчэньнi экзэкуцыi прыяжджалi вазы iз «сельхозу», i трупы адвозiлi на могiльнiк — да загадзя нарыхтаванай ямы.
Яшчэ пазьней расстрэлы былi перанесеныя за 10 вёрст ад Крамля — у мясцовасьць Савацьцёва. Там-жа была зарганiзавана карная рота, у якой зачынялi кандыдатаў на той сьвет.
* * *
У вадзiн веснавы дзень 1929 году разышлася ў лягеры шаптаная вестка, што заарыштавалi больш за 70 асоб. Арышт адбыўся быццам iз прычыны абвiнавачаньня ў змове, якая мела на мэце захапiць адзiн з параплаваў.
Праз пару месяцаў каля 30 асобаў звольнiлi.
Нiчога даведацца ад iх ня было нiякае магчымасьцi, бо яны зацята маўчалi. Выдаваць таямнiцы сьледства было станоўка забаронена. Усё гэта будзе пахавана ў кучах спраў ИСО ды кашмарных успамiнаў таго, хто выйшаў жывым зь цяжкое прыгоды.
Мiналi месяцы, i мы ўжо забылiся на замкнёных у iзалятары сваiх таварышоў.
У вадзiн восеньскi вечар у канцэрт чаек, якiя варочалiся з жыраваньня над морам, уварваўся новы, гэтаксама непрыемны голас. Перад iзалятарам стаяў сабака i, выцягнуўшы морду ў кiрунку аднаго з закрытых шчытамi вакон, дзiка выў.
Яго пазналi: гэта быў сабака аднаго з замкнёных у iзалятары вязьняў, Г-скага.
Быў яшчэ пэрыяд Нэпу, голаду ў лягеры яшчэ ня было, i тыя, што жылi не ў вагульных бараках, маглi сабе дазволiць на такую раскошу, як утрыманьне сабакi.
Г-скi быў кiраўнiком аднаго з салавецкiх прадпрыёмстваў, меў свой асобны куток для жыльля на месцы свае працы i гадаваў сабаку.
На гэнае выцьцё ўзялi адно гэтулькi ўвагi, што сабаку адагналi. Нехта навязаў яму шнур на шыю i пацягнуў за сабой.
У той самы вечар — праз некалькi гадзiнаў — жыцьцё ў лягеры замерла. Каманданты пiльнавалi сваiх ротаў, каб нiхто анi носу на вулiцу не паказаў. Ля прадпрыёмстваў, дзе шчэ ня была закончаная праца, стаяла варта.
А праз пустыя вулiцы салавецкага Крамля вялi з iзалятара вязьняў на расстрэл.
Сабака дзякуючы свайму шостаму пачуцьцю, загадзя ведаў аб лёсе свайго гаспадара i прыбег на апошняе зь iм разьвiтаньне…