35. Я трапляю ў лагер

Не палохайцеся, у піянерскі. У канцы мая 1945 года я закончыў першы клас з Пахвальнай граматай. Загад аб гэтым зачытаў дырэктар школы Шылоў. Але тую грамату мне не ўручылі. Шылоў сказаў, што ён адвязе ведамасць паспяховасці ў раённы аддзел народнай адукацыі, а пасля я атрымаю Пахвальную грамату на рукі. Але дырэктара забілі, было не да граматы, пра яе забылі.

На пачатку летніх школьных канікул у нашу вёску на некалькі дзён завітала жанчына праведаць сваіх сваякоў. Гэта была малодшая сястра Марылі Кузьміч, жонкі старшыні калгаса. Яна дзесьці працавала настаўніцай, а на час летніх канікул яе прызначылі на пасаду начальніка піянерскага лагера. Яна сустрэлася з маёй мамай і сказала, што забярэ мяне ў лагер на першую змену. Зірнуўшы на мяне, яна параіла, каб я змяніў гэтыя «фрыцаўскія» штаны на іншыя. Але іншых штаноў у мяне не было. Я адразу пабег да сваёй хроснай мамы і расказаў ёй пра праблему. Яна хутка адшукала прыдатны кавалак тканіны, з якога атрымаліся кароткія штанішкі на лямках. Калі падышоў да заканчэння тэрмін пабыўкі ў нашай вёсцы начальніка піянерскага лагера, раніцай мы пакінулі Нябышына. Да лагера было 30 км. Першыя 15 км да Бягомля мы пераадолелі лёгка і хутка. Дарэчы, наш раённы цэнтр да вайны людзі называлі па-рознаму: хто — Бягамля, хто — Бягомля. Пасля вайны гэта ўжо быў Бягомль. Далей я буду карыстацца новай назвай.

Пасля Бягомля мы павярнулі па шашы на Лепель. Другая частка дарогі далася цяжэй. Прыпякала сонца. Аўтобусы ў той час не хадзілі. Папутныя машыны нас не падабралі. Адлегласць у 30 км мы прайшлі за 7–8 гадзін. Трэба адзначыць, што я быў босы, падэшва ног смылела. Летняга абутку ў мяне ўвогуле не было. У той час мы ўсе як толькі сыходзіў снег і да восеньскіх маразоў хадзілі басанож.

Лагер мне не надта спадабаўся. Размясцілі нас у актавай зале школы. Там ужо былі расстаўлены жалезныя салдацкія ложкі. Пасцельны камплект быў такі: сяннік, напханы саломай, такая ж падушка, старая байкавая коўдра, вафельны ручнік. Прасцін і навалачак не было. Спалі мы ў верхняй вопратцы, паколькі на нас не было сподняй бялізны — ні маек, ні трусоў. Усе мы былі босыя, ногі нашы былі каравыя. За тры тыдні нас ні разу не вадзілі ў лазню, ні разу не вадзілі на рэчку. У нас не было ні мыла, ні зубных шчотак, ні зубнога парашку. На плоце вісела некалькі рукамыйнікаў. Вось і ўся гігіена. У адным і тым жа памяшканні спалі і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Паколькі мы спалі ў верхнім адзенні, то не бачылі палавых адрозненняў і не праяўлялі цікаўнасці да іншага полу. Пра іншыя забавы і казаць няма чаго: ні кіно, ні радыё, ні кніг, ні гульняў, ні спаборніцтваў. Праўда, адзін раз нас звадзілі на экскурсію на мясцовы піваварны завод.

Кармілі нас кожны дзень аднолькава: раніцай і вечарам манная каша, прыгатаваная на вадзе, гарбата, кавалачак чорнага і кавалачак белага хлеба, два кавалачкі цукру. На полуднік бацвінне, каша ячная, кампот ці кісель, два кавалачкі хлеба. Мы з’ядалі ўсё, на талерках нічога не заставалася. Харчаваліся мы ў звычайнай вясковай хаце ў тры змены. Вёска даваенная, вайна яе не закранула. Магчыма, гэта была зона, свабодная ад партызан. Абслугоўвала нас гаспадыня хаты. Сам гаспадар быў хворы, ён не размаўляў, а мычаў. Калі нас прыводзілі на прыём ежы, ён заўсёды стаяў у двары, трымаючыся за тын, сустракаў нас. Ён быў апрануты ў сподняе адзенне. З яго рота на кашулю цякла сліна. Гэта нам вельмі моцна «падымала» апетыт. З цягам часу мы да яго прызвычаіліся.

Арганізацыйна мы былі раздзелены на тры атрады. Атрад складаўся з трох звён. На чале звяна стаяў звеннявы, на чале атрада — камандзір і начальнік штаба. Мая зямлячка (начальнік лагера) надзяліла пасадай начальніка штаба і мяне. Але я гэтаму не абрадаваўся. У мае абавязкі ўваходзіла строіць атрад, раніцай далажыць піянерважатай або начальніку лагера, што ўсе дзеці на месцы, у страі, здарэнняў не адбылося. Акрамя гэтага мы штодзённа па чарзе падымалі сцяг на флагшток.

Складанасць была ў тым, што ў нас, дзяцей з аслабленымі вайной арганізмамі, амаль ва ўсіх назіралася начное нетрыманне мачы. Так як мы спалі не распранаючыся, то раніцай на нашых штанах красаваліся мокрыя плямы. Я і мой камандзір атрада спалі побач, і мы дамовіліся, што свае няхітрыя абавязкі, такія, як пастраенне атрада, даклад, пад’ём сцяга будзе выконваць той з нас, каму пашчасціць прачнуцца раніцай сухім. Але часцей выбару не было, мы абодва прачыналіся мокрымі. Было сорамна, але што зробіш. У такім жа становішчы былі і дзяўчынкі.

Трэба адзначыць, што за ўвесь час лагернага жыцця паміж намі, дзецьмі, ніводнага разу не ўзнікалі канфлікты. Мы мірна суіснавалі. Не было насмешак над тымі, хто па начах мачыўся пад сябе.

Нарэшце лагерны тэрмін закончыўся. Успаміны ад лагера засталіся адмоўнымі. Трэба было неяк дабірацца дадому.