4. Роспуск калгаса
Фронт адсунуўся далёка на ўсход, а ў глыбокім тыле ў немцаў засталася наша вёска і некрануты, неразрабаваны калгас «Чырвоны расцвет», і старшынёй гэтага калгаса заставаўся мой бацька — Піліп Гіляравіч Копыл. Трэба адзначыць, што афіцыйна яго прозвішча па бацьку было Іларыёнавіч. Калі расейскія акупанты ў XIX стагоддзі перапісвалі нашу вёску, то іх чыноўнікам не падабалася імя майго дзеда — Гілярый і яго перайменавалі ў Іларёна. Відаць, гэта быў пачатак русіфікацыі ў нашай вёсцы, такіх перайменаванняў было шмат. Але новыя імёны не прыжыліся, яны засталіся толькі на афіцыйных паперах.
На пачатку вайны калгаснікі па-ранейшаму хадзілі на працу. Трэба было даглядаць скаціну. У калгасе былі коні, каровы, авечкі, свінні. Малако здаваць не было куды, ім кармілі парасят, цялят, раздавалі калгаснікам. Ураджай у 1941 годзе урадзіўся небывалы, жыта шугала вышэй чалавечага росту.
Напрыканцы чэрвеня (а можа, на пачатку ліпеня) нарэшце ў нашу вёску завіталі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі: валасны стараста і нямецкі афіцэр з перакладчыкам. Яны прыехалі на легкавой машыне. Іх суправаждала ахова з 6 чалавек на двух матацыклах з каляскамі. Валасны стараста выклікаў майго бацьку і загадаў сабраць людзей на сход. Вёска Нябышына ў той час налічвала 120 двароў і была падзелена на дзве часткі шашой Бягомль — Докшыцы. Бацька адразу паслаў некалькі юнакоў у абодва бакі вёскі, каб заклікаць людзей на сход. Праз хвілін 15–20 усе вяскоўцы былі ў зборы, прыйшлі сем’ямі, нават з дзецьмі. І мяне, сямігадовага хлапчука, бацька ўзяў з сабой. Сход адбыўся на вуліцы, клуба ў вёсцы не было, а школа згарэла перад вайной.
Спачатку нямецкі афіцэр давёў да нас ваеннае становішча. Ён сказаў, што Мінск вызвалены ад камуністаў, нямецкая армія пад Смаленскам. Ён павіншаваў і нас з вызваленнем. Людзі стаялі моўчкі. Потым дайшоў да пытання прызначэння старасты. Хосьці з натоўпу крыкнуў: «Няхай старастай будзе старшыня калгаса Піліп Гіляронак. Кіраваць людзьмі — для яго справа звыклая». Я з гонарам паглядзеў на бацьку, але на яго твары ўбачыў жах і разгубленасць. Нямецкі афіцэр і валасны стараста параіліся паміж сабой і аб’явілі, што старшыню калгаса прызначаць старастай немэтазгодна і для яго самога — небяспечна.
Потым мой бацька казаў, што ён перажыў самы крытычны, самы небяспечны, самы жахлівы момант у сваім жыцці. Ён з цеплынёй успамінаў таго нямецкага афіцэра, які ўратаваў яго ад немінулай смерці, не прызначыўшы старастам. Праз нейкі час па беларускіх вёсках пачалі шастаць карнікі атрадаў асобага прызначэння НКУС СССР. Адным з такіх атрадаў камандаваў Ваўпшасаў.[3] Яны расстрэльвалі ўсіх, хто, каб пракарміць свае сем’і, уладкаваліся на працу да немцаў. Гэта былі медработнікі, настаўнікі, інжэнеры, журналісты, артысты, кухары і вялікі шэраг іншых. Галоўнай жа мішэнню з’яўляліся старасты.
А старастам нашай вёскі на тым сходзе празначылі Кастуся Шульгата. Гэта быў статны, высокі, шыракаплечы мужчына, які выдзяляўся ў натоўпе. Таму, відаць, немцы і звярнулі на яго ўвагу. Гэта быў вельмі сціплы, бяскрыўдны чалавек. Адказацца ад пасады было немагчыма, перад намі былі акупанты, хоць і паводзілі яны сябе міралюбна, але чакаць можна было ўсяго.
Прызначыўшы старасту, немец абвясціў аб роспуску калгаса. Коні, інвентар, зямля вярталіся іх уладальнікам — сялянам. Калгас распаўся на 120 індывідуальных гаспадарак. Нягледзячы на тое, што ўжо быў прызначаны стараста, дзяліць калгас загадалі майму бацьку. Я не буду апісваць, як адбывалася гэта складаная справа. Яна працягвалася шмат дзён. Трэба было ўсё ўлічыць, нікога не пакрыўдзіць. З гэтай задачай мой бацька справіўся паспяхова, бо ніхто з вяскоўцаў не паскардзіўся на яго новай уладзе.
Куды падзяваліся каровы, свінні, авечкі, не памятаю, прашляпіў. Хутчэй за ўсё цалкам забралі немцы. Калі надышоў час дзяліць калгасных коней, бацька ўзяў з сабой і мяне. Дзялілі па жэрабі. Спачатку ўсталявалі чаргу. Калі падышла чарга майго бацькі цягнуць жэрабя, ён даручыў гэта мне. Бацька разгарнуў скручаную паперку, якую я выцягнуў, і з радасці пачаў скакаць.
Нам выпаў самы лепшы калгасны конь. Ён быў малады, але ўжо аб’езджаны, белай масці. Нам зайздросцілі, а я вельмі ганарыўся. Бацька адзеў на Бялька аброць, перадаў павадок у мае рукі і прамовіў: «Ну, гаспадар, вядзі каня дадому». У вёсцы той выпадак памятаюць і зараз. У лютым месяцы 1942 года ў нас каня ўкралі. Бацька аднёс заяву ў нямецкую камендатуру ў Докшыцы. Праз два дні немцы каня знайшлі і вярнулі яго нам.