8. Прымакі
«Пайшоў у прымы», — так у нашай вёсцы казалі пра мужчыну, які пасля шлюбу ішоў жыць у хату жонкі, ці ў хату бацькоў жонкі. Але я хачу расказаць зусім пра іншы, нечаканы выпадак.
У жніўні 1941 года праз нашу вёску ў бок Докшыц немцы гналі невялікую калону палонных чырвонаармейцаў, чалавек сто. У вёсцы яны прыпыніліся на гадзіну, каб адпачыць. Палонныя і канваіры размясціліся на зялёным лужку школьнай тэрыторыі. Навіна гэта абляцела вёску, і хутка сюды сабралася шмат вяскоўцаў, прынеслі з сабой ежу, у каго што было на той момант. Людзі спакойна раздавалі палонным хлеб, вараную бульбу, сала, сыр, малако, яйкі, гародніну. Хтосьці прынёс вядро вады і конаўку. Гэтым жа самым частавалі і немцаў-канваіраў. Што цікава, немцы нікога не штурхалі, не праганялі, не крычалі, як гэта я неаднойчы бачыў у савецкіх пасляваенных кінастужках. У канваіраў нават аўчарак не было.
Калі адпачынак закончыўся, палонных пастроілі, нямецкі афіцэр звярнуўся да жыхароў вёскі: «Каму для ўласнай гаспадаркі патрэбны работнікі, можаце браць палонных у свае сем’і». Але мае аднавяскоўцы не рынуліся ратаваць палонных. Я не ведаю, як гэта патлумачыць. Магчыма, у першы год вайны мы яшчэ не ўбачылі, не адчулі яе жахаў і лічылі, што палонным нічога не пагражае. Гэтаксама лічылі і самі палонныя. А можа, людзі не забыліся, як пры савецкай уладзе тых, хто карыстаўся працай батракоў, выслалі ў Сібір, і таму зараз праявілі асцярожнасць?
І толькі тры ці чатыры незамужнія, а можа, удовыя жанчыны спрактыкаваным вокам выбралі сабе мужыкоў. Прывяла да сябе ў хату мужыка-прымака і наша суседка Наста Калматая. Ён быў прыгожы, статны мужчына. Яго звалі Фёдарам, родам з Украіны. Я пабег з ім знаёміцца, ён размаўляў са мной, як з дарослым. Адзін раз на месяц Федзя хадзіў у воласць адзначацца. У вёсцы прымакі пражылі да 1943 года. Калі партызаны зрабілі наша жыццё нязносным, усе яны пайшлі ў партызаны, а затым — у Чырвоную Армію.
Пасля вайны яны вярнуліся ў Нябышына, каб забраць на Украіну сваіх выратавальніц. Але толькі Фёдар увёз з сабой нашу суседку Насту. Яна прыслала з Украіны некалькі пісем. Фёдар пабудаваў для яе хату побач са сваёй. Сам ён быў жанаты, але яго жонка прыняла нашу зямлячку сардэчна, яны сталі сяброўкамі.