29. Я адмовіўся помсціць
Праз некалькі тыдняў, калі фронт быў ужо далёка на захадзе, праз нашу вёску рухалася невялікае армейскае падраздзяленне, чалавек 20–25 на 8–10 павозках. У кожную павозку было запрэжана па два кані. На нашым гумне яны спыніліся на прывал, распалілі паходную кухню і сталі рыхтаваць сабе абед. Я тут жа падключыўся да іх, стаў збіраць і падносіць дровы. За гэта атрымаў кавалак хлеба, чарпак супу, які налілі ў салдацкі кацялок, а ў накрыўку ад кацялка паклалі кашу. Ежа была смачная, з мясной тушонкай.
Сярод салдат быў палонны немец. Ён атрымаў на абед такую ж порцыю, як і ўсе. Пасля абеду камандзір стаў са мной размаўляць — колькі мне гадоў, дзе мой бацька. Потым запытаўся, ці ёсць у нашай сям’і загінуўшыя ў часы акупацыі. Я адказаў: «Так, ёсць», — і пералічыў усіх загінуўшых сваякоў. Ён сказаў, што наша сям’я моцна пацярпела ад акупантаў. Запытаўся, ці ўмею я страляць. Я адказаў, што ўмею, і мне прыпомнілася, як я пацэліў у каршуна. Афіцэр даў мне карабін і сказаў, што я за ўсё магу адпомсціць, магу застрэліць палоннага немца. Немец насцярожыўся, магчыма, ён зразумеў, аб чым ідзе гаворка. Я зірнуў на яго, а ён глядзеў на мяне шырока расплюшчанымі вачыма. Мне не хацелася помсціць ні гэтаму немцу, ні любому іншаму. Я сказаў афіцэру, што маіх сваякоў забілі паліцаі. Я хацеў яшчэ дадаць, што брата Мікалая забілі партызаны, але ён мяне спыніў і ўдакладніў, што немцы і паліцаі — усе яны фашысты. Я адчуў жахлівасць моманту, мне стала не па сабе, заныла пад лыжачкай. Дрыжачымі рукамі я паклаў карабін на зямлю і кінуўся на ўцёкі.
Прыйшлося прасядзець шмат часу ў кустах, пакуль салдаты не пакінулі наша гумно. Я пра гэта нікому не расказваў. І калі зараз прыпамінаю той выпадак, то с павагай стаўлюся да сябе. Я ўспамінаю таго немца і думаю, ці ўдалося яму выжыць і вярнуцца на сваю Радзіму ў Нямеччыну. І яшчэ, я ўспамінаю таго савецкага афіцэра, які паспрабаваў укласці зброю ў рукі 10-гадовага падлетка і скалечыць яго дзіцячую душу. Дзякуй Богу, мая мараль аказалася вышэй за мараль таго афіцэра, хоць слова «мараль» я тады яшчэ не ведаў.