24. Зноў блакада
Чырвоная Армія наступала вельмі марудна. Толькі на пачатку 1944 года да нас дайшлі чуткі, што яна ўступіла на тэрыторыю Беларусі.
Я і мой брат Андрэй пайшлі на папраўку, хвароба адступала сама па сабе. Я ўжо самастойна выходзіў на вуліцу, садзіўся на прызбу і грэўся на сонцы. Але і ў Забар’і стала жыць неспакойна. Немцы пачалі дзейнічаць больш актыўна, каб засцерагчы ад партызан свае тылы ў прыфрантавой паласе, бамбілі навакольныя лясы. Дзякуй Богу, вёску яны не чапалі. Калі і прылятаў над вёскай самалёт, то не вельмі часта.
Аднойчы я сядзеў на прызбе сваёй хаты, калі над вёскай з’явіўся нямецкі самалёт. Ён ляцеў не надта высока, таму што неба было хмарнае. Зрабіўшы над вёскай круг, на другім заходзе ён скінуў бомбу. Я бачыў, як яна падала, не вертыкальна ўніз, а пад нахілам у напрамку палёта самалёта. Бомба ўдарыла ў прасценак паміж вокнаў суседняй хаты і ўпала побач на зямлю. Выбух не адбыўся. Партызаны тую бомбу адвезлі кудысьці за вёску. Гаспадарамі пацярпелай, і ў той жа час шчаслівай (бомба не выбухнула), хаты былі Фаміны. Яны прытулілі ў сябе сям’ю Сідара Маскалейчыка з нашай вёскі Нябышына, неразлучнага сябра майго бацькі. З яго сынам Мішам сябраваў і я, але хадзіць да Фаміных баяўся. У іх хаце быў на пастоі нейкі партызанскі чын, па прозвішчы Аксючык. Ён меў вельмі непрыемны выгляд, заўсёды быў п’яны, да ўсіх чапляўся, пагражаў пісталетам. Усе насельнікі хаты жылі ў страху і небяспецы. Асабліва пакутавалі дачка Фаміных і старэйшая дачка дзядзькі Сідара. Таму не я да Мішы, а Міша да мяне прыходзіў гуляць. Калі я захварэў, Мішу да мяне перасталі пускаць, каб не заразіўся тыфам. Зараз мне падумалася, што калі б тая бомба выбухнула, маглі б загінуць адразу дзве сям’і і ў тым ліку мой сябра Міша.
Мае бацькі некалькі разоў таемнымі сцежкамі хадзілі ў Нябышына, каб пасадзіць агарод. Мяне і Андрэя яны адводзілі ў лес за Забар’е і там астаўлялі на ўвесь дзень. Вярталіся яны позна вечарам і забіралі нас. Нашы бацькі маглі не вярнуцца назад, маглі апынуцца ў руках немцаў ці паліцаяў, маглі загінуць. Я з жахам думаю, што было б тады з намі — са мной і Андрэем. Аднойчы той лес, у якім нас пакінулі бацькі, сталі бамбіць нямецкія самалёты. Мы схаваліся ў яму, якая на шчасце была побач. Калі бамбёжка скончылася, мы не здолелі выбрацца з той ямы, не хапіла моцы. Сцямнела. З ямы мы бачылі кавалак неба, на якім ужо ззялі зоркі. Нарэшце з’явіўся бацька і выцягнуў нас. У вёсцы было бяспечней, але бацькі нас адводзілі ў лес на выпадак, калі раптам у іх адсутнасць вёску Забар’е займуць немцы.
Сталі распаўсюджвацца слухі, што немцы рыхтуюць чарговую блакаду. Аднойчы мы заўважылі, што з вёскі Забар’е зніклі апошнія партызаны. Мясцовыя жыхары адчулі палёгку, а мы, бежанцы, наадварот, адчулі небяспеку: раз партызаны ўцяклі, то гэта прамы сігнал, што вельмі хутка тут будуць немцы. Як звычайна, партызаны нас пра небяспеку не папярэдзілі. Мой бацька вырашыў перажыць чарговую блакаду ў лесе і на балоце. Мясцовыя ж жыхары не прыдалі значэння небяспецы, засталіся ў вёсцы, угаворвалі і нас застацца. Але ў нас ужо быў вопыт: у першую блакаду ўсе, хто пакінуў вёску, засталіся ў жывых, а хто застаўся ў ей — загінулі.
У адзін з дзён мы пакінулі Забар’е, а на наступны дзень прыйшлі немцы. Не знайшоўшы ў вёсцы партызан, яны пайшлі далей, вяскоўцаў не чапалі, ніхто не пацярпеў, і вёску не спалілі. А мы забраліся ў глыб балота, спадзеючыся, што там нас ніхто не знойдзе. Усяго ў нашай групе было 15–20 чалавек. Магчыма, на трэці дзень нашага блукання мы сядзелі на балотных купінах, адпачывалі, як раптам убачылі немцаў. Мужчыны і старэйшыя падлеткі непрыкметна кінуліся ў непралазны хмызняк. Немцы гэтага не заўважылі. Жанчыны і дзеці засталіся на месцы. Мы сядзелі ціха без мітусні, чакалі, што будзе. Немцы рухаліся ў калонах па аднаму, між калонамі была шарэнга. Колькі было тых калон — не злічыць. Калі немцы дайшлі да нас, то прыпыніліся. Яны паводзілі сябе спакойна. Цераз перакладчыка афіцэр запытаўся ў жанчын, дзе зараз іх мужы? Усе дружна адказалі, што мужчыны на вайне. Потым ён паказаў на майго брата Андрэя і запытаўся, колькі яму гадоў. Мама адказала, што яму споўнілася 11. Насамрэч яму было 15 гадоў, але пасля хваробы ён меў выгляд, варты жалю. Як выглядаў я — не ведаю, не было люстэрка, каб паглядзецца. Потым перакладчык сказаў, каб мы вярталіся ў сваю вёску, ніхто там нас не кране, там больш бяспечна, там няма страляніны. Перакладчык быў у чырвонаармейскай форме без пагон.
Разам з немцамі ў калоне быў каржакаваты мужчына, апрануты па-вясковаму. На яго спіне была вялікая скрынка. У наш бок ён прамовіў: «Усыпаць бы вам па спіне бізуном». «За што?» — не ўстрымалася цётка Анэта. «А каб не ўцякалі, не блыталіся на лясах і балотах», — адказаў ён на нашай беларускай мове. Немцы пайшлі далей, а мы засталіся сядзець на балотных купінах. Нас неяк раптам пакінуў страх, я ў сваім целе адчуў расслабленасць і спакой. Не надта далёка страляў нямецкі 6-ствольны мінамёт. Мы яго называлі «шараваркай» за своеасаблівы працяглы гук выстрала. Калі вярнуліся мой бацька, дзядзька Сідар і ўсе астатнія, мы, паверыўшы немцам, вярнуліся ў Забар’е. Нас сустрэла гаспадыня хаты. У вёсцы панаваў спакой. Больш мы ўжо не бачылі ні немцаў, ні партызан, не чуваць было страляніны, перасталі лётаць самалёты.