З. Расклад сіл на акупаванай тэрыторыі Беларусі
Немцы
У часы акупацыі гэта была самая моцная ўзброеная сіла на нашай тэрыторыі. Колькі іх было, дакладнай лічбы я не знайшоў. Хутчэй за ўсё іх колькасць вагалася з цягам часу. Трэба ўлічваць і тое, што Беларусь у часы акупацыі не была адзінай адміністрацыйнай тэрыторыяй, яна была падзелена на некалькі частак.
У цэнтры вакол Мінска была створана Генеральная акруга «Беларусь». Генеральным камісарам акругі быў прызначаны Вільгельм Кубэ. У яе склад увайшло 68 з 200 раёнаў даваеннай Беларусі з насельніцтвам 3,1 млн. чалавек. Генеральная акруга «Беларусь» была падзелена на 9 больш дробных акруг — гэбітаў: Баранавіцкая, Вілейская, Ганцавіцкая, Глубоцкая, Лідская, Мінская, Наваградская, Слонімская, Слуцкая. Горад Мінск быў выдзелены як 10-я акруга.
У Тылавы раён групы армій «Цэнтр» увайшлі Віцебская і Магілёўская вобласці, большая частка Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і некалькі раёнаў Палескай вобласці.
У склад Беластоцкай акругі ўвайшлі Беластоцкая вобласць і Паўночная частка Брэсцкай вобласці.
Паўднёвыя раёны Брэсцкай, Гомельскай, Пінскай і Палескай абласцей апынуліся ў складзе Рэйхскамісарыята «Украіна».
Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці і частка Баранавіцкай увайшлі ў Генеральную акругу «Літва».
Усё трагічнае, што адбывалася на акупаванай Беларусі, шмат якія гісторыкі—даследчыкі Другой сусветнай вайны, пісьменнікі, прапагандысты ды іншыя звязваюць з асобай Вільгельма Кубэ. Але як я сказаў вышэй, у Генеральную акругу «Беларусь», дзе ён быў Генеральным камісарам, уваходзіла ўсяго 68 раёнаў даваеннай Беларусі, што складала ўсяго 34 % ад агульнай іх колькасці. Трэба адзначыць і тое, што Генеральны камісарыят Беларусь на чале з Вільгельмам Кубэ быў органам грамадзянскай адміністрацыі. І гэты орган не яўляўся такім усёмагутным, як нам спрабавала прадставіць савецкая прапаганда.
На акупаванай Беларусі існаваў самастойны ваенны апарат групы арміяў «Центр», які не падпарадкоўваўся Генеральнаму камісарыяту. У яго склад уваходзілі вайсковыя часці вермахта і СС, а таксама паліцыя і абвер.
Паралельна з ваеннымі ўладамі на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі і самастойныя органы СС, куды ўваходзілі вайсковыя часці СС, паліцыя бяспекі, жандармерыя, нямецкія паліцэйскія фарміраванні ды іншыя.
Як бачна з усяго сказанага, становішча на Беларусі было складанае. На яе тэрыторыі размяшчаліся разнашэрсныя фарміраванні, перад якімі стаялі свае задачы: ахова чыгункі, мастоў, складоў, бяспека руху эшалонаў з ваеннымі грузамі, падтрыманне парадку на акупаванай тэрыторыі ды шэраг іншых задач. Нямецкія гарнізоны і камендатуры размяшчаліся ў гарадах, раённых цэнтрах, на чыгуначных станцыях. Трымаць пад кантролем кожную вёску ў немцаў, магчыма, не хапала сіл і сродкаў. Ды і такой неабходнасці не было. Насельніцтва на акупаванай тэрыторыі ніякага супраціву не аказвала. Дробныя, адстаўшыя ад фронту, групы чырвонаармейцаў і групы партыйных функцыянераў і чыноўнікаў, якія хаваліся ў лясах, для немцаў ніякай пагрозы не складалі. Рэальная пагроза з іх боку была толькі нам, мірнаму насельніцтву.
Да 1943 года мы з немцамі суіснавалі мірна. Аб гэтым я сужу па становішчы, якое склалася ў маёй вёсцы Нябышына. Я магу пералічыць на пальцах адной рукі, колькі разоў я бачыў немцаў на працягу ўсёй акупацыі.
Партызаны прамаскоўскія
Пра іх досыць падрабязна я ўжо расказаў у папярэдніх раздзелах. Але гэта быў мой уласны досвед, які я атрымаў за часы нямецкай акупацыі. Таму, рыхтуючы 2-е выданне, я вырашыў пашукаць звесткі пра партызанскі рух у афіцыйных крыніцах. Пры знаёмстве са шматлікімі энцыклапедычнымі даведнікамі і сайтамі па гэтай тэматыцы, я ўсялякі раз натыкаўся на адну і тую ж фразу, што партызанскі рух на Беларусі з першых дзён вайны меў масавы агульнанародны характар. Пры гэтым прыводзіцца лічба, што к канцу 1941 года колькасць партызан дасягнула 12 тысяч. Дык якая тут масавасць? Дзе тут агульнародны рух? 12 тысяч чалавек — гэта партыйныя функцыянеры і чыноўнікі, якія не паспелі эвакуіравацца і хаваліся ў лясах, гэта купкі адстаўшых ад фронту чырвонаармейцаў, гэта групы і атрады дыверсантаў і так званых арганізатараў, якіх за 1941 год было падрыхтавана 7200 чалавек і перакінута праз лінію фронта на тэрыторыю акупаванай Беларусі. У асноўным гэта былі НКУСаўцы. Яны арганізоўвалі ў партызанскія атрады самі сябе.
Калі і назіраўся масавы рух у першы год вайны, дык гэта масавы рух здачы Чырвонай Арміі ў нямецкі палон. Так з 22 чэрвеня 1941 года па снежань 1941 года ў нямецкі палон пайшло 3 335 000 чалавек! Вось гэта масавасць! Тыя 12 тысяч партызан проста варты жалю. Прычым у сваёй большасці гэта былі не беларусы.
Гісторыкі, даследчыкі вайны, партызанскі рух у Беларусі падзяляюць на тры этапы.
Першы этап: чэрвень 1941 года — лістапад 1942 года. За гэты перыяд колькасць партызан з 12 тысяч узрасла да 56 тысяч. Прычына росту крыецца ў тым, што на тэрыторыі Беларусі праз лінію фронта працягвалася перакідка вайсковых частак і падраздзяленняў, падрыхтаваных для вядзення партызанскай вайны на акупаванай тэрыторыі. Вышэй я ўжо распавядаў, як стваралася партызанская брыгада «Жалязняк» на тэрыторыі Бягомльскага раёна. Такі ж малюнак назіраўся паўсюду. Так у красавіку 1942 года на тэрыторыі Уладзімірскай вобласці былі створаны спецыяльныя курсы, на якіх рыхтавалі дыверсантаў і арганізатараў партызанскіх дзеянняў. Праз курсы прайшло 3000 чалавек. З іх былі створаны 14 партызанскіх атрадаў і 92 арганізатарскія групы. Усе яны былі перакінуты праз лінію фронту на тэрыторыю акупаванай Беларусі.
Другі этап партызанскага руху: лістапад 1942 года — снежань 1943 года. За гэты час колькасць партызан на тэрыторыі Беларусі павялічылася да 153 тысяч чалавек. Рост адбываўся па дзвух прычынах. Па-першае, працягвалася перакідка цераз лінію фронту на акупаваную тэрыторыю новых вайсковых частак. Па-другое, вясной — летам 1943 года немцы правялі шэраг карных аперацый супраць партызан, а цярпела ад гэтага насельніцтва. Для моладзі не было іншага выйсця, як папоўніць шэрагі партызан, інакш яе чакала адпраўка на працу ў Нямеччыну. Савецкія гісторыкі, ідэёлагі, прапагандысты, ды й сучасныя гэтак сама, любяць агучваць спрэчны факт, што к канцу 1943 года партызаны кантралявалі 108 тысяч кв. км, што складала 58,4 % тэрыторыі рэспублікі. Калі гэта было сапраўды так, тады ўзнікае законнае пытанне: чаму пры такой партызанскай моцы палалі вёскі, гінулі людзі, у тым ліку і на тэрыторыях, кантралюемых партызанамі? Прычым, трэба адзначыць, што масавае знішчэнне вёсак пачалося ўсё ў тым жа 1943 годзе, у самы бязмежны разгул партызаншчыны.
Трэці этап партызанскага руху: снежань 1943 — ліпень 1944 года. Колькасць партызан узрасла да 374 тысяч чалавек. За якіх-небудзь паўгода колькасць партызан у параўнанні з 2-м этапам узрасла больш чым у два разы. Адкуль жа такі бурны рост? За кошт насельніцтва зрабіць гэта ўжо было немагчыма. Засталіся толькі жанчыны, дзеці ды састарэлыя мужчыны. Дык адкуль рост? Адказ вельмі просты. Чырвоная Армія ад Сталінграда і Масквы чарапашымі крокамі нарэшце дапаўзла да межаў Беларусі. Рыхтавалася так званая аперацыя «Баграціён». Праз лінію фронту на тэрыторыю Беларусі ў нямецкі тыл масава перапраўляліся рэгулярныя вайсковыя часткі. Называць іх партызанамі — вялікая памылка.
А зараз давайце пазнаёмімся бліжэй з партызанскімі камандзірамі, паглядзім, якія яны беларусы… Вышэй я ўжо ўзгадваў пра Ціткова Івана Піліпавіча, камандзіра партызанскай брыгады «Жалязняк», якая базіравалася на тэрыторыі Бягомльскага раёна.
Ціткоў І. П. — ураджэнец Тульскай вобласці. Па нацыянальнасці — рускі. У 1936 годзе закончыў Тамбоўскае ваенна-інжынернае вучылішча. У чэрвені 1942 года капітан Ціткоў адкліканы з фронту і накіраваны ў распараджэнне Штаба партызанскага руху Заходняга фронту. Закончыў курсы партызанскай вайны ў Барысаве і перапраўлены цераз лінію фронту на тэрыторыю Беларусі. Так што называць яго беларускім партызанам не даводзіцца. Ціткоў І. П. даслужыўся да палкоўніка. Пасля вайны служыў у КДБ, пражываў у Маскве. У яго біяграфіі ёсць цікавы момант — ён выступіў супраць уводу савецкіх войск на тэрыторыю Венгрыі ў 1956 годзе, за што быў звольнены з шэрагаў КДБ.
Яшчэ адзін «беларускі» партызан — Данукалаў Аляксей Фёдаравіч. Ураджэнец Саратаўскай вобласці, па нацыянальнасці ўкраінец. Яго бацькі — запарожскія казакі-перасяленцы. У 1936 годзе закончыў тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Быў накіраваны ў горад Омск на пасаду начальніка майстэрань МТС. У 1937 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, займаў пасаду памочніка палітрука. У часы службы ўзнікла жаданне стаць кадравым ваенным. У сакавіку 1940 года накіраваны на курсы ў Іркуцкае ваенна-палітычнае вучылішча. Пасля вучобы быў прызначаны палітруком палка ў Забайкальскай ваеннай акрузе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дывізію, у якой служыў Данукалаў, перакінулі на Заходні фронт. Удзельнічаў у баях пад Лепелем, Воршай. Пад Смаленскам папаў у акружэнне. Змог аб’яднаць некалькі груп салдат і стварыць з іх партызанскі атрад «Родина», які сам і ўзначаліў. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі Смаленскай вобласці. У сакавіку 1942 года кіраўніцтва Заходняга фронту пераправіла атрад Данукалава на тэрыторыю Ліозненскага раёна Віцебскай вобласці. Вось так палітрук Данукалаў зрабіўся «беларускім» партызанам, вось так павялічвалася колькасць партызан на тэрыторыі Беларусі.
Яшчэ адзін прыклад таго, хто партызаніў на тэрыторыі Беларусі. Гэта Флегантаў Аляксей Кандзіевіч, ураджэнец Чыцінскай вобласці, казак. Удзельнік грамадзянскай вайны, камандаваў дывізіяй. Пасля падзення Далёкаўсходняй рэспублікі ўдзельнічаў у партызанскай вайне. У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны камандаваў партызанскім атрадам у Падмаскоўі. У 1942 годзе генерала Флегантава прызначылі камандаваць атрадам НКУС СССР, які пераправілі на тэрыторыю Беларусі. Вось як апісаў гэты атрад Лівенцаў, які ў той час ужо быў камандзірам іншага партызанскага атрада:
«Без малого полтораста конников в армейской форме, с положенными знаками различия — рейдовый кавалерийский отряд».
Атрад меў у сваім складзе 127 добраўзброеных вершнікаў. Ён здзяйсняў рэйды па Чэрвенскаму, Пухавіцкаму, Асіповіцкаму, Бабруйскаму, Маларыцкаму, Дзвінскаму раёнах Беларусі і па некаторых раёнам Украіны. Які крывавы, разбуральны след аставіў за сабой гэты атрад — справа даследчыкаў.
Толькі што я ўпамінаў Лівенцава, камандзіра партызанскага атрада. Падумалася, што, можа, з ім мне пашанцуе, што, можа, ён сапраўдны беларускі партызан. Стаў шукаць звесткі пра яго, і вось што ўдалося знайсці. Лівенцаў Віктар Ілліч, 1918 года нараджэння, рускі, ураджэнец Варонежскай вобласці, па прафесіі настаўнік. У 1938 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, служыў на тэрыторыі Беларусі. У 1941 годзе закончыў Гродзенскае ваенна-палітычнае вучылішча. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з першага дня. Папаў у акружэнне ў горадзе Бабруйску. З акружэнцаў арганізаваў партызанскі атрад, які ў 1943 годзе быў пераўтвораны ў 1-ю Бабруйскую партызанскую брыгаду.
Калі ў ліпені 1944 года Беларусь была вызвалена ад нямецкай акупацыі, беларусаў у масавым парадку мабілізавалі і адправілі на фронт. А вось для кадравага ваеннага 26-гадовага Віктара Лівенцава знайшлася праца больш важная. Для Беларусі тэрмінова патрабаваліся спецыялісты па русіфікацыі. На Беларусі трэба было тэрмінова ліквідаваць спадчыну, якую пакінуў тут «кат» беларускага народа гаўляйтар Вільгельм Кубэ. Галоўнае яго злачынства заключалася ў тым, што ён усяляк спрыяў беларусізацыі Беларусі. І, дзякуючы гэтаму, за часы акупацыі ўдалося шмат чаго зрабіць. Навучанне ў школах вялося на роднай беларускай мове, людзі размаўлялі па-беларуску, выпускаліся беларускія газеты і часопісы і шмат чаго іншага. Для маскоўскіх акупантаў, якія вярнуліся на змену нямецкім, такое становішча было недапушчальным. Таму пасля вызвалення ў Беларусі ўсе кіруючыя пасады ад верху да самага нізу занялі партызанскія камандзіры і камісары, беларусаў сярод якіх было няшмат. Што тычыцца Лівенцава, то з 1944 года ён займаў пасаду 2-га сакратара ЦК ЛКСМ Беларусі.
Прывяду яшчэ некалькі прыкладаў, хто ж партызаніў на тэрыторыі Беларусі.
Няклюдаў Валянцін Леанідавіч, ураджэнец горада Омска, супрацоўнік органаў бяспекі. Напрыканцы чэрвеня 1941 года капітана Няклюдава залічылі ў Брыгаду асобага прызначэння НКУС СССР. Пасля спецыяльнай падрыхтоўкі быў сфарміраваны атрад, які ў лютым 1942 года цераз лінію фронта быў перапраўлены на тэрыторыю Беларусі для вядзення дыверсійнай, разведвальнай і спецыяльнай дзейнасці на акупаванай тэрыторыі. Ужо маёр Няклюдаў быў камісарам атрада, а з ліпеня 1942 года — яго камандзірам. Атрад здзяйсняў рэйды па Віцебскай вобласці і па Літве. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе гэтага бясцэннага кадра безумоўна на фронт не накіравалі, яго прызначылі ў органы дзяржбяспекі БССР. Не беларусам жа даручаць «бяспеку» БССР. Ураджэнец Омска для Крамля больш надзейны, чым беларус. Трэба адзначыць, што атрад фарміраваўся ў Маскве і першым яго камандзірам быў ст. лейтэнант Гаранаў. Але камісар атрада Няклюдаў зрабіў на яго данос, а потым заняў яго месца.
Галушкін Барыс — камандзір снецатрада НКДБ СССР, дзейнічаў на тэрыторыі Мінскай і Віцебскай абласцей. Галушкін Барыс Лаўрэнцьевіч — ураджэнец горада Шахты Растоўскай вобласці. Потым пражываў у горадзе Грозным. Па нацыянальнасці рускі. З 1937 па 1941 год навучаўся ў Маскоўскім інстытуце фізкультуры і спорту. Ваяваў на Ленінградскім фронце. І вось у 1942 годзе перакінуты на тэрыторыю акупаванай Беларусі для выканання спецыяльнага задання. Спецатрад НКДБ, які ён узначальваў, называўся «Помощь». Якія ён выконваў спецыяльныя заданні на нашай тэрыторыі і якую і каму аказваў «помощь», можна толькі здагадвацца.
Яшчэ адзін прадстаўнік «партызанскага руху» ў Беларусі — Булат Барыс Адамавіч. Ураджэнец горада Тулы, рускі. Закончыў Ваенную школу «ВЦИК РСФСР». Стаяў у каравуле ў Маўзалея на Чырвонай плошчы Масквы. У 1940 годзе закончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ і быў накіраваны на службу ў Беларускую ваенную акругу. Калі пачалася вайна, Барыс Булат знаходзіўся пад Беластокам. На пяты дзень вайны ён быў паранены і папаў у нямецкі палон. Праз нейкі час яму і яшчэ двум палонным удалося збегчы.
У часы вайны і асабліва пасля вайны савецкім ідэолагам і прапагандыстам вельмі хацелася паказаць, што на акупаванай Беларусі з першых дзён вайны сталі стыхійна ўзнікаць партызанскія атрады і што партызанскі рух пачынаўся знізу. І вось гэту тройцу (Булата Барыса і яго двух спадарожнікаў) гучна назвалі партызанскім атрадам. Як яны маглі выжыць — загадка. Ну не маглі ж яны, абяссіленыя, без зброі нападаць на нямецкія харчовыя сховішчы, абозы ці палявыя кухні, каб дабыць харчаванне? Але група выжыла. Калі на пачатку 1942 года на тэрыторыю акупаванай Беларусі для арганізацыі партызанскага руху і іншых мэт сталі сотнямі закідваць спецыяльныя групы і атрады НКУС і НКДБ СССР, то Барыса Булата заўважылі. Яго як кадравага афіцэра з ваеннай акадэмічнай адукацыяй прызначылі камандзірам створанай партызанскай брыгады «Вперёд». Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Мінскай і Баранавіцкай абласцей. У 1944 годзе ён быў паранены і эвакуіраваны на лячэнне ў Маскву. Пасля лячэння кадравага афіцэра на фронт не накіравалі. Гэта чарговы каштоўны кадр на кіруючую пасаду для Беларусі. Як толькі Мінск быў вызвалены з-пад акупацыі, Барыса Булата прызначылі на пасаду намесніка старшыні Мінскага гарадскога савета.
Вось так у партызанскіх атрадах, якія былі перапраўлены на тэрыторыю акупаванай Беларусі, рыхтаваліся кадры для пасляваеннай Беларусі. Камандзіры, камісары, начальнікі штабаў партызанскіх брыгад і атрадаў пасля вызвалення Беларусі сталі першымі і найлепшымі кандыдатурамі на кіруючыя пасады. Па афіцыйных звестках, на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 1256 партызанскіх атрадаў, якія часткова былі аб’яднаны ў 213 брыгад і палкоў. Гэта атрымліваецца 4407 кандыдатур. А калі сюды дабавіць сакратароў партыйных і камсамольскіх арганізацый? Колькі ж гэта атрымліваецца? І вось гэтыя партызанскія начальнікі, якія на працягу акупацыі, тры гады мардавалі мірнае насельніцтва, размаўлялі з насельніцтвам пры дапамозе маўзера, ППШ і кулака, пасля вызвалення засталіся тут кіраўнікамі. Я не згушчаю фарбы, гэта мой уласны досвід. Я ўсё гэта перажыў, бачыў уласнымі вачыма. Вышэй я ўжо прыпамінаў камісара 1-га атрада брыгады «Жалязняк» Спірыдона Барздыку.
Я прывёў некалькі прыкладаў, хто партызаніў на тэрыторыі Беларусі. Пакуль што ніводнага беларуса я не знайшоў. Так, я згодзен, ёсць шэраг прозвішчаў партыйных функцыянераў-беларусаў, якія ці не паспелі эвакуіравацца, ці былі пакінуты для працы ў нямецкім тыле. Яны ж пасля вызвалення занялі вядучыя пасады. Хоць гэта і беларусы, але яны людзі Масквы. Прыйшлося звярнуцца за дапамогай да знаёмых. Першы тэлефонны званок я атрымаў з Гомеля. Мне сказалі, што ў Гомельскай вобласці з першых дзён вайны ўжо дзейнічаў мясцовы партызанскі атрад. Яго камандзірам быў Емяльян Барыкін. Шукаю звесткі, і вось што я пра яго знайшоў:
Барыкін Емяльян Ігнатавіч, ураджэнец Бранскай вобласці, рускі. Служыў у чыгуначным палку Чырвонай Арміі ў горадзе Гомеле. Пасля службы закончыў курсы памочніка начальніка станцыі ў горадзе Курску. З 1937 года Барыкін на партыйнай працы, яго прызначылі сакратаром парткама Беларускай чыгункі. З сакавіка 1941 года ён — сакратар Гомельскага гаркама партыі. Калі пачалася вайна, ён становіцца камісарам партызанскага атрада «Бальшавік». І тут я не знайшоў нічога беларускага. Барыкін, па нацыянальнасці рускі, у Беларусі пражываў часова, яго сюды прызначылі на працу. Яго прызначэнне прыпадае на 1937 год. Магчыма, беларускія кадры былі расстраляны бальшавікамі, а на іх месца прыбывалі кадры з Расіі. Гэта адна з форм русіфікацыі.
Адзін мой знаёмы нагадаў мне пра Варанянскага, што ён наш, беларус, і вуліца ў Мінску носіць яго імя. Насамрэч, як жа я яго выпусціў з віду? Шукаю звесткі пра яго. І вось што я знайшоў: Васіль Трафімавіч Варанянскі нарадзіўся ў вёсцы Дзіканькі Палтаўскай вобласці. Да гэтага часу я лічыў, што «Дзіканькі» — гэта прыдумка Гогаля, а яны існуюць на самай справе. У Чырвонай Арміі Варанянскі з 1919 года. Напярэдадні вайны камандаваў батальёнам сувязі ў горадзе Магілёве. Калі пачалася вайна, ён з групай салдат папаў у акружэнне. Паспрабавалі дагнаць фронт, але фронт каціўся к Смаленску і к Маскве значна хутчэй за іх, таму што карыстаўся дарогамі. Акружэнцы ж ішлі лясамі. К верасню дайшлі да Лагойска. Ісці далей не было ні сэнсу ні сіл. Хаваліся ў мясцовых лясах. Як яны выжывалі, судзіце самі. Як я ўжо вышэй сказаў, на пачатку 1942 года на акупаваную Беларусь было перакінута безліч груп і атрадаў НКУС СССР. Адной з іх задач было аб’яднанне акружэнцаў у партызанскія атрады. Так і з групы Варанянскага быў створаны партызанскі атрад «Мститель», а яго прызначылі камандзірам. Толькі вось каму яны помсцілі? Як бачыце, і Варанянскі не беларус. Па волі лёсу ён часова апынуўся на тэрыторыі Беларусі.
У мяне апусціліся рукі. Няўжо я не змагу знайсці камандзіра партызанскага атрада, беларуса? Не партыйнага функцыянера, а простага, кемлівага беларуса. І зноў мяне выручыў мой знаёмы, ён нагадаў мне пра Заслонава. Як жа я сам не здагадаўся? Я чытаў тоўсты раман пра Заслонава, які напісаў знакаміты беларускі пісьменнік. Твор напісаны таленавіта. Адчуваецца, што пісьменнік ставіцца да свайго героя з цеплынёй і павагай, як да сапраўднага сына сваёй Айчыны. Стаў шукаць звесткі пра Заслонава і я. Вось што ўдалося знайсці. Заслонаў Канстанцін Сяргеевіч — ураджэнец горада Астаткаў Цвярской вобласці. Яго бацька Сяргей Гаўрылавіч з горада Невеля Пскоўскай вобласці, маці Ганна з горада Асташкава. У 1924 годзе Канстанцін Заслонаў закончыў школу у горадзе Невелі. У 1927 годзе паступіў у прафцехшколу чыгуначнага транспарту ў Вялікіх Луках, якую закончыў у сакавіку 1930 года. Прызначаны на працу ў дэпо чыгуначнага вакзала горада Віцебска. Тут ён у 1933 годзе ажаніўся на дачцэ гаспадыні, у якой ён кватараваў. У 1935 годзе Заслонава накіравалі ў Новасібірск на пасаду памочніка начальніка паравознага дэпо чыгуначнай станцыі. Хто ж ён такі — гэты Канстанцін Заслонаў? Чаму менавіта яго з Віцебска накіравалі за 3960 км у Новасібірск? Прычым на такую нязначную пасаду. Магчыма, яму было дадзена нейкае заданне, выканаўшы якое, ён вярнуўся ў Віцебск.
З 1937 года ён працуе начальнікам паравознага дэпо чыгуначнай станцыі Раслаўль Смаленскай вобласці, а з 1939 года — начальнікам дэпо чыгуначнай станцыі Орша. Пры набліжэнні немцаў да Оршы Канстанцін Заслонаў эвакуіраваўся ў Маскву, дзе працаваў у адным з маскоўскіх чыгуначных дэпо. У верасні 1941 года ў Маскве быў сфарміраваны спецыяльны атрад з чыгуначнікаў і НКУСаўцаў колькасцю 41 чалавек. Камадзірам атрада прызначаны Канстанцін Заслонаў. У кастрычніку цераз лінію фронта атрад пераправілі на тэрыторыю акупаванай Беларусі для арганізацыі дыверсій. У лістападзе 1941 года Заслонаў паступіў на працу ў аршанскае чыгуначнае дэпо начальнікам рускіх паравозных брыгад. Была створана падпольная група.
Далей ва ўсіх крыніцах, якія я змог знайсці, дадзены звесткі проста непраўдападобныя. Падпольная група дзейнічала ўсяго тры месяцы. Але за гэты час, калі верыць афіцыйным крыніцам, група ажыццявіла каля сотні крушэнняў цягнікоў, падарвала 93 паравозы, вывела са строю сотні вагонаў і цыстэрнаў. І ўсё гэта здзейснена пры дапамозе самаробных мін, замаскіраваных пад вугаль. Трэба дадаць, што Заслонаў прывёў з сабой у Оршу ўсяго 7 чалавек з 41. Астатнія загінулі, памерлі ад хвароб, ці адсталі абяссіленыя. Каб здзейсніць столькі дыверсій, колькі іх здзейсніла група Заслонава за тры месяцы, трэба было кожную ноч рабіць па 4–6 дыверсій, што немагчыма фізічна. Па-першае, і чыгуначнае дэпо і персанал, які там працаваў, знаходзіліся пад пільным наглядам нямецкіх спецслужб. Па-другое, падпольная група Заслонава была малаколькаснай. Па-трэцяе, самаробныя, замаскіраваныя пад вугаль міны хутчэй за ўсё былі маламоцнымі. Магчыма, феномен Заслонава — гэта міт, створаны партызанскім кіраўніцтвам, ваеннымі журналістамі, пісьменнікамі, кінематографам, прапагандыстамі.
Хачу нагадаць яшчэ пра адну дэталь, пра якую распавядаецца ў некаторых крыніцах. Справа вось у чым: група Заслонава дзейнічала ў начны час, калі адбываліся налёты савецкай авіяцыі на чыгуначную станцыю Орша. У такое можа паверыць толькі наіўнае дзіця. Налёт авіяцыі, бамбёжка — гэта адзін з самых жахлівых відаў бою. Падчас яго любы чалавек, у тым ліку і салдат і камандзір забывае пра ўсё, толькі б знайсці любое месца, каб укрыцца. А вось для падпольшчыкаў групы Заслонава налёт авіяцыі, выбухі бомб — гэта як святочны феерверк. Не ведаючы страху, яны кідаюцца ў самае пекла. У кішэні самаробная вугальная міна велічынёй з бульбіну, пры дапамозе якой быццам бы можна падарваць паравоз. А раніцай пасля такой цяжкай і небяспечнай ночы падпольшчыкі, як ні ў чым не бывала, прыбывалі к акупантам на працу і рыхтавалі паравозы для адпраўкі к фронту цягнікоў з тэхнікай і папаўненнем для нямецкіх дывізій.
А зараз давайце на хвіліну ўявім сабе, што тыя «каля сотні цягнікоў і 93 паравозы» на самай справе былі пушчаны пад адхон ці ўзарваны. Узнікае пытанне, які лёс напаткаў паравозныя брыгады? Я не чыгуначнік, магу памыляцца, але мяркую, што ў склад паравознай брыгады ўваходзіла 5–6 чалавек: машыніст, яго памочнікі, качагары, слесары… А гэта азначае, што ў выніку дыверсій, здзейсненых падпольнай групай Заслонава, загінула каля тысячы, а можа і больш, ні ў чым не павінных людзей, пераважна беларусаў, вопытных чыгуначнікаў, якіх так не хапала пасля вайны. Трэба дадаць, што, магчыма, пасля кожнай дыверсіі акупацыйная адміністрацыя шукала вінаватых і расстрэльвала людзей, якія да гэтага не мелі ніякага дачынення. Хтосьці лічыць, што вось такія дыверсіі — гэта подзвіг, геройства падпольшчыкаў. А на маю думку, мякка кажучы, — гэта неабдуманыя дзеянні. Калі сказаць прама, гэта злачынства супраць мірнага насельніцтва. Дзень вызвалення не наблізілі, а людзей пагубілі.
Падпольная група Заслонава дзейнічала нядоўга. На пачатку сакавіка 1942 года з-за пагрозы арышту падпольшчыкі ўцяклі ў лес. Гэта і было пачаткам стварэння партызанскага атрада. 14 лістапада 1942 года Канстанцін Заслонаў загінуў. 7 сакавіка 1943 года яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.
Канстанцін Заслонаў — адзін з самых вядомых падпольшчыкаў, камандзіраў партызанскіх атрадаў. Адразу пасля вайны пра яго напісаны раманы, аповесці, п’есы. У 1949 годзе на экраны кінатэатраў выйшаў мастацкі фільм «Канстанцін Заслонаў», у галоўнай ролі якога здымаўся папулярны кінаартыст Уладзімір Дружнікаў. Савецкія людзі вывучалі гісторыю Вялікай Айчыннай вайны па мастацкіх творах. Фантазіі пісьменнікаў, журналістаў, кінарэжысёраў яны ўспрымалі як рэальныя падзеі. Імя Героя Савецкага Саюза і кінагероя Канстанціна Заслонава стала масава прысвойвацца чыгуначным станцыям, навучальным установам, вуліцам. Так, я знайшоў 26 гарадоў Расіі, 17 гарадоў Украіны, 9 гарадоў Беларусі, у якіх вуліцам прысвоена імя, Канстанціна Заслонава. І гэта добра. Сваімі героямі трэба ганарыцца. Але трэба памятаць, што адна і тая асоба для адной часткі насельніцтва можа быць героем, для другой злачынцам.
Вышэй я назваў некалькі прозвішчаў камандзіраў партызанскіх атрадаў. Я іх не выбіраў спецыяльна, браў адвольна. І сярод іх ніводнага беларуса. Амаль усе яны і іх атрады закінуты на тэрыторыю акупаванай Беларусі па аднаму і таму сцэнарыю. Партызанскі рух на Беларусі — гэта з’ява не беларуская, яна навязана звонку. У кнізе Марка Бартушкі «Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941–1944 гг.» я знайшоў такія звесткі:
«Савецкія партызаны дзейнічалі таксама і за межамі тэрыторыі СССР. Каля 25 тысяч іх змагалася ў Польшчы і Чэхаславацкай Рэспубліцы, дзе яны падтрымлівалі камуністычнае падполле…»
Я не думаю, што палякі, чэхі, славакі гэтых савецкіх партызан лічылі польскімі, чэшскімі, славацкімі. Так і ў нас маюцца ўсе падставы, каб не лічыць савецкіх партызан беларускімі.
Сяргей Захарэвіч у сваёй кнізе «Партызаны СССР. Ад мітаў да рэальнасці» паставіў тры галоўных пытанні і даў адказы на іх: «Пытанне 1-е. Ці з’яўляецца партызанскі рух усенароднай з’явай? Адказ: не». Я поўнасцю згодзен з гэтым. І гэта добра разумеюць нават тыя, хто спрабуе даказаць адваротнае. Але яны не здольны адмовіцца ад мітаў, якія самі для сябе стварылі.
«Пытанне 2-е. Ці быў партызанскі рух эфектыўным з ваенна-стратэгічнага пункту гледжання? Адказ: не». Тут я хацеў бы паспрачацца з Сяргеем Захарэвічам. Мой адказ на яго 2-е пытанне: «І не і так». Каб адказаць адназначна, трэба ўдакладніць, якая задача ставілася Крамлём перад савецкімі партызанамі. Калі дапусціць, што перад імі стаяла задача змагацца з акупантамі, то я згодзен з Сяргеем Захарэвічам — гэтая мэта не дасягнута. А калі дапусціць, што перад партызанамі была пастаўлена задача змагацца супраць мірнага насельніцтва, то тут яны дасягнулі вялікіх поспехаў. Гэта падцвярджае і сам Сяргей Захарэвіч сваім 3-м пытаннем: «Чым увогуле быў партызанскі рух для акупаваных рэгіёнаў?» І ён жа дае адказ: «Працягам даваеннай рэпрэсіўнай палітыкі савецкай улады».
Так ці інакш, ніжэй я яшчэ буду вяртацца да партызанскай тэмы. У сваіх разважаннях я не асвятляю падзеі, я выказваю свае меркаванні пра падзеі Другой сусветнай вайны, якія закранулі мяне, маю душу. Пагаджацца са мной ці не — гэта справа чытачоў. Кожны мае права на сваю думку. Хтосьці скажа, што я злоснічаю, прыніжаю вялікі подзвіг савецкага народа. Менш за ўсё я хачу кагосьці пакрыўдзіць. Я проста хачу, каб гісторыя вайны была праўдзівай. Зараз мы маем замест гісторыі вайны прымітыўныя міты.
Партызаны Арміі Краёвай
Гэта з’ява больш польская, чым беларуская, хаця шчыльна датыкнулася да Беларусі. Усім вядома, што ў верасні 1939 года на Польшчу напалі два крыважэрных агрэсары — Германія і СССР. Немцы перайшлі польскую мяжу 1-га верасня. Калі пачалася вайна, насельніцтва Заходняй Беларусі (Крэсы Всходне) адсунула на потым свае прэтэнзіі да Польшчы, паводзіла сябе мірна да палякаў. Беларусы не ўхіляліся ад прызыва ў Польскае войска і нават ішлі ў яго ахвотна. Яны разам з палякамі змагаліся за Польшчу.
Савецкая прапаганда распаўсюджвала чуткі, быццам бы Польшча не аказвала немцам ніякага супраціву. Я не згодзен з гэтым. Польская армія аказала мужны супраціў захопнікам. Простыя салдаты і афіцэры, — палякі, украінцы і беларусы праяўлялі на палях бітвы гераізм. Так, ужо 9-га верасня немцы паспрабавалі авалодаць Варшавай, але спроба была безпаспяховай. Было праведзена яшчэ некалькі штурмаў сталіцы Польшчы, апошні адбыўся 27 верасня. І на гэты раз у немцаў нічога не атрымалася. Але з-за адсутнасці забеспячэння горада боепрыпасамі, харчаваннем штаб абароны Варшавы прыняў пастанову капітуляваць. Гэта адбылося 28–29 верасня 1939 года. Вось яшчэ прыклад гераізму: 7 верасня нямецкая 40-тысячная групіроўка пад камандаваннем Гудэрыяна пачала атаку польскіх умацаванняў пад Візнай. Жменька польскіх салдат і афіцэраў, усяго 720 чалавек, трымалі абарону да 10 верасня.
Польшча яшчэ змагалася, баі працягваліся да 6-га кастрычніка, а ў Маскве яе ўжо падзялілі — 28 верасня была падпісана дамова «Аб сяброўстве і межах паміж СССР і Германіяй».
Безумоўна, нямецкая армія была мацней за польскую, але, як бачым, не настолькі моцная. Немцам патрэбна была перадышка, каб перагрупіраваць сілы, падцягнуць сілы. Яны панеслі адчувальныя страты: 8400 салдат і афіцэраў забітымі, 4500 зніклых бяз вестак, 30 000 параненых. Палякі нанеслі немцам значны ўрон і ў тэхніцы: знішчана 993 танкі і бронемашыны, 400 гармат, 900 самалётаў. Польшча магла яшчэ нейкі час пратрымацца і дачакацца дапамогі ад Францыі і Англіі. Але тут руку дапамогі працягнуў СССР. Рука дапамогі была працягнута не заходнім беларусам і заходнім украінцам, СССР працягнуў руку дапамогі свайму хаўрусніку — фашысцкай Германіі. Гэта адбылося 17 верасня 1939 года. СССР груба парушыў Рыжскі мірны дагавор ад 18 сакавіка 1921 года.
Ужо з першых дзён акупацыі ў Заходняй Беларусі пачаўся супраціў савецкім акупантам, а ў Польшчы — нямецкім. Можна лічыць, што гэта і стала пачаткам узнікнення Арміі Краёвай. Афіцыйна АК і партызаны АК былі створаны загадам польскага эміграцыйнага Урада ў Лондане 14 лютага 1942 года. Перад гэтымі ваеннымі ўтварэннямі стаяла задача — аднаўленне Польскай дзяржавы ў даваенных межах. Да 1943 года партызаны савецкія і польскія між сабой захоўвалі нейтралітэт. Напачатку 1943 года сітуацыя змянілася. У лютым месяцы ўсяму свету стала вядома пра Катынскую трагедыю. Жыхары акупаванай Смаленшчыны паказалі немцам месца, дзе былі пахаваны польскія палонныя афіцэры, расстраляныя савецкімі органамі НКУС. Немцы стварылі міжнародную камісію і правялі эксгумацыю астанкаў цел. Злачынствы, здзейсненыя савецкім рэжымам, былі пацверджаны. Адносіны паміж польскім і савецкім урадамі пагоршыліся. На тэрыторыі Заходняй Беларусі прамаскоўскіх партызан было няшмат. Але калі на свет з’явілася Катынская справа, партызанскае кіраўніцтва стала тэрмінова перакідваць туды новыя атрады. Вышэй я ўжо казаў, што і цераз маю вёску Нябышына напачатку 1943 года прайшлі на захад партызанскія брыгады Шляхтунова і Мядзьведзева. Калі ў Заходніх абласцях сілы былі накоплены, выйшаў загад Цэнтральнага штаба партызанскага руху ад 22.06.1943 года за подпісам Панамарэнкі, які прадугледжваў разрыў адносін з партызанамі АК і іх раззбраенне. Па сваёй сутнасці загад быў злачынным, ён прадугледжваў нават ліквідацыю тых палякаў, якія былі ў складзе прамаскоўскіх партызанскіх атрадаў. З гэтага часу на тэрыторыі Заходняй Беларусі паміж партызанамі АК і прамаскоўскімі партызанамі пачаліся сапраўдныя баі. Гэта быў сапраўдны падарунак немцам. Хачу адзначыць, што ў маю вёску Нябышына партызаны АК ні разу не заходзілі. Таму ў мяне пра іх няма асабістага ўражання. Але зараз пра гэта можна прачытаць — на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пра Армію Краёву і партызан АК напісана шмат кніг і ў СМІ з’явіўся шэраг публікацый. Так у 1994 годзе ўбачыла свет кніга Яўгена Сямашкі «Армія Краёва на Беларусі». Перакладзена з польскай на рускую мову кніга Уладзіслава Андэрса «Без последней главы». З’явілася шмат публікацый у друкаваных СМІ. Так газета «Звязда» на сваіх старонках змясціла артыкулы ў нумарах:
— за 11.02.1993 г. Сланеўскі А. «Армія Краёва: Стрэл з мінулага»;
— за 30.01.1993 г. Хацкевіч А. «Армія Краёва: што мы пра яе ведаем»;
— за 23.10.1993 г. Корсак А. «Страсці вакол Арміі Краёвай разгараюцца».
У «Беларускім гістарычным часопісе» ў нумарах 1–2 за 1994 год змешчаны артыкул А. Хацкевіча «Арышты і дэпартацыя ў Заходніх абласцях Беларусі (1939–1941)».
Шмат артыкулаў на гэту тэму можна знайсці і ў іншых выданнях. З высновамі аўтараў артыкулаў можна пагаджацца, можна не пагаджацца. Гэта залежыць ад таго, якое ў каго стаўленне да гэтага перыяду гісторыі Беларусі і Польшчы. Адны лічаць, што 17 верасня 1939 года СССР працягнуў руку братняй дапамогі заходнім беларусам, якія марылі ўз’яднацца з БССР. Другія лічаць, што 17 верасня СССР здзейсніў акт агрэсіі супраць Польшчы, што заходнія беларусы замест польскага прыгнёту атрымалі больш жорсткую савецкую акупацыю. І першыя і другія маюць рацыю. Асабіста я на баку апошніх.
Паліцэйскія фарміраванні
За ўвесь час нямецкай акупацыі мне давялося бачыць толькі аднаго паліцая — нашага аднавяскоўца. Нічога кепскага пра яго я сказаць не магу, таму што ў сваёй вёсцы ён нікому шкоды не нарабіў. А вось у час блакады ў маі 1943 года паліцаі, якія прыбылі з боку Докшыц, абрабавалі нашу вёску і забілі чалавек 25–30. Аб гэтым вышэй я ўжо расказаў. Пасля вайны, калі я вучыўся ў школе, на афіцыйным узроўні не ўспаміналі ні пра вайну, ні пра партызан, ні пра немцаў, ні пра паліцаяў. Наступіла зацішша. Так, паявіліся літаратурныя творы, кінафільмы, але, мякка кажучы, яны былі далёкія ад праўды. Памятаю, у 1952 годзе ў Бягомлі адбыўся суд над былым паліцаем, але ён прайшоў без асаблівай агалоскі.
З беларускіх пісьменнікаў, на маю думку, сама яскрава вывеў вобраз паліцая Алесь Адамовіч у сваёй аповесці «Карнікі». Ён паказаў, што гэта з’ява інтэрнацыянальная. У яго аповесці ёсць паліцаі-беларусы Карасёў, Дабраскок, Сілін. Ёсць украінская рота, у складзе якой «галісійцы, бандэраўцы». Яе камандзір — Мельнічэнка. Камандзір рускай роты — былы камадзір узвода Чырвонай Арміі малодшы лейтэнант Белы, ураджэнец Краснаярскага края. «Змрочны ён, гэты сібірак Белы…», — такую характарыстыку дае яму Алесь Адамовіч. Руская рота складаецца з паліцаяў-«маскалёў». Сказаць такое, што паліцаі маскалі, ці маскалі паліцаі — гэта смелы ўчынак пісьменніка, бо кніга выйшла ў «застойным» 1981 годзе. Упамінаецца паліцай па нацыянальнасці француз. Ён больш гуманны, чым свае «савецкія паліцаі», адчувае на сваёй душы цяжар, калі яму загадваюць расстрэльваць мірных людзей. Ён звяртаецца да паліцая, па прозвішчу Тупіга, каб той зрабіў гэтую справу за яго. Тупіга — ураджэнец Днепрапятроўскай вобласці, але з 1933 года пражываў у Беларусі. Мне здаецца, што гэта галоўны персанаж аповесці, яе стрыжань. Не было б Тупігі, не атрымалася б і аповесці. У сваіх думках ён часта размаўляе сам з сабой. Аўтар шмат разоў карыстаецца гэтым прыёмам. Але ж як ён мог прачытаць думкі Тупігі? Для гэтага трэба паставіць сябе на месца паліцая і ўявіць, як бы ты сам паступіў у тых абставінах. Хутчэй за ўсё аўтар вось так змадэліраваў тыя думкі і ўклаў іх у галаву і ў вусны «героя» ці «антыгероя» аповесці.
Чытаючы аповесць Алеся Адамовіча «Карнікі», можна прыйсці да высновы, што ў пэўных умовах чалавек можа стаць і партызанам і паліцаем, і патрыётам і здраднікам. Мы ж бачым, што сярод паліцаеў шмат ваеннапалонных — былых чырвонаармейцаў. І ў ролі камандзіраў паліцэйскіх падраздзяленняў выступаюць былыя афіцэры Чырвонай Арміі. Мне не надта падабаецца слова «здраднік». Тут трэба разбірацца, што прымушае чалавека станавіцца на такі шлях. Бывае і так, што для адной часткі насельніцтва — гэта здраднік, а для іншай — гэта герой. Слова «злачынец» больш універсальнае. Паліцай Тупіга — кулямётчык. Ён не расстаецца з кулямётам, але ў яго ёсць і пісталет. Часам у глыбіні яго душы прачынаецца «спачуванне» да чарговай ахвяры. Так ён двума стрэламі з пісталета забівае гадавалае дзіця, каб не паліць яго жывым. Згарэць у агні — смерць больш пакутлівая.
Алесь Адамовіч сцвярджае, што сярод паліцаяў былі людзі рознай веры — «католікі, лютэране, праваслаўныя, атэісты, магаметане…» Як я вышэй ужо казаў, у паліцыі былі людзі рознай нацыянальнасці. Аповесць «Карнікі» я чытаў даўно, дзесьці ў 1985 годзе, таму не памятаю, хто быў па нацыянальнасці Тупіга, — ці то ўкраінец, ці то беларус. Часцей за ўсіх у аповесці ўпамінаюцца паліцаі-ўкраінцы. Гэта Грабоўскі — Вінніцкая вобласць, Мураўёў — Днепрапятроўская вобласць, Мельнічэнка — ураджэнец горада Кіева, Багрый — Палтаўская вобласць, Сіротка з Адэсы, Хільчанка — Чэркаская вобласць. Гэта не азначае тое, што паліцаі-бсларусы лепшыя за іншых. Проста, магчыма, беларускія паліцэйскія фарміраванні ў той самы час дзейнічалі ва Украіне, у Літве, у Латвіі ды ў іншых месцах. Немцы па савецкаму ўзору ладзілі абмен «спецыялістамі» паміж акупаванымі тэрыторыямі. Не пашанцавала Украіне і са спаленай беларускай вёскай Хатынь. Савецкая прапаганда запэўнівала нас, што і Хатынь і ўсе іншыя вёскі спалілі непасрэдна немцы. Калі ў сакавіку 1965 года Першым сакратаром стаў Машэраў, перад ім, як і перад любым кіраўніком, паўстала пытанне, што б такое грандыёзнае зрабіць, пабудаваць, каб гэта надоўга запомнілася людзям. Ідэя ўзнікла хутка. Як былому партызану тэма акупацыі была яму блізкай. Так усплыла на паверхню забытая, як і ўсе спаленыя вёскі, Хатынь. Праз два гады пасля заступлення на пасаду, у сакавіку 1967 года было аб’яўлена аб будаўніцтве мемарыяла, а 5 ліпеня 1969 года адбылося адкрыццё гэтай дзіўнай пабудовы. Але, як высветлілася, пад мемарыялам была закладзена міна запаволеннага дзеяння. У любы момант магла адкрыцца праўда пра Хатынь, што яе разам з людзьмі спалілі не немцы, а 118-ты карны паліцэйскі ўкраінскі батальён. Ён фарміраваўся пад Кіевам, а потым перакінуты на сталае месца дыслакацыі ў беларускі горад Навагрудак. Партыйным уладам Украіны і Беларусі ўдалося дамовіцца, каб скрыць праўду пра Хатынь. Але калі наступіла Гарбачоўская перабудова і галоснасць, праўда адкрылася. Галоўным злачынцам і віноўнікам у знішчэнні Хатыні аб’яўлены Рыгор Васюра, былы старшы лейтэнант Чырвонай Арміі, хоць ён быў начальнікам штаба батальёна, а не камандзірам. Як жа склаўся далейшы лёс Рыгора Васюры? У 1952 годзе ён быў асуджаны трыбуналам да 25 гадоў пазбаўлення волі, але праз З гады ў верасні 1955 года па амністыі выйшаў на свабоду. Пасля гэтага ён доўгі час працаваў намеснікам дырэктара саўгаса на Кіеўшчыне. У красавіку 1984 года ўзнагароджаны медалём «Ветэран працы». Часта выступаў у школах перад піянерамі, расказваў, як ваяваў на фронце. Нават быў ганаровым курсантам Кіеўскага вышэйшага ваенна-інжынернага вучылішча сувязі. Але КДБ знайшоў новыя ўлікі. Рыгора Васюру арыштавалі і ў снежні 1986 года асудзілі да расстрэлу. Суд адбыўся ў Мінску. Яшчэ адзін фігурант тых падзей, камандзір узвода 118-га паліцэйскага ўкраінскага батальёна, былы лейтэнант Чырвонай Арміі Васіль Мялешка ў 1975 годзе быў асуджаны да расстрэлу.
Савецкай уладзе не надта хацелася прызнаваць той факт, што на акупаванай немцамі тэрыторыі СССР існавалі паліцэйскія роты, батальёны, эскадроны, палкі, брыгады і складаліся яны з савецкіх грамадзян. Таму ў пасляваенны час савецкая прапаганда распаўсюджвала інфармацыю, што паліцаямі, здраднікамі, нямецкімі прыслужнікамі былі адзінкі — гэта крымінальнікі і дэградзіраваныя элементы. Я асабіста сам прысутнічаў на такіх прапагандысцкіх лекцыях, слухаў выступы, чытаў такія артыкулы і мастацкія творы, глядзеў фільмы пра вайну. Але я, як чалавек, перажыўшы акупацыю, ведаў, што гэта не зусім так. На тэрыторыі акупаванай Беларусі акрамя 118-га паліцэйскага ўкраінскага батальёна дыслацыраваліся: 51-ты паліцэйскі ўкраінскі батальён у мястэчку Валожыне, 54-ты і 102-гі паліцэйскія ўкраінскія батальёны ў горадзе Барысаве, 57-мы паліцэйскі ўкраінскі батальён у горадзе Баранавічы, 115-ты ўкраінскі паліцэйскі батальён у Слоніме. Акрамя ўкраінцаў у Слоніме размяшчаўся 3-ці літоўскі паліцэйскі батальён. 12-ты і 15-ты літоўскія паліцэйскія батальёны дыслацыраваліся ў горадзе Ліда. У горадзе Слуцку размяшчаўся 271-шы латышскі паліцэйскі батальён. І гэта яшчэ не ўсё. На тэрыторыі Беларусі дзейнічаў 633-ці Усходні батальён, які камплектаваўся з палонных чырвонаармейцаў — выхадцаў з сярэднеазіяцкіх рэспублік СССР. Быў яшчэ 600-ты казацкі полк. Пра брыгаду палкоўніка Гіля-Радзіёнава я падрабязна расказаў вышэй у сваіх успамінах. Трэба дадаць, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 2-гі і 31-шы паліцэйскія палкі, у складзе якіх былі нямецкія, аўстрыйскія, французскія, венгерскія ды іншыя роты. Вось такі расклад. Але з гэтай колькасці паліцэйскіх фарміраванняў на слыху былі толькі 118-ты ўкраінскі паліцэйскі батальён, яго начальнік штаба Рыгор Васюра і батальён Дзірлевангера. Усе яны засвяціліся пры знішчэнні вёскі Хатынь. Калі на месцы спаленай вёскі ўзнік мемарыял, то нават пасля гэтага савецкая ўлада не адважылася назваць сапраўдных злачынцаў. Вышэй я ўжо казаў, што аб гэтым стала вядома толькі ў часы Гарбачоўскай перабудовы і галоснасці. Адной з прычын, што ўсё гэта трымалася ў тайне, было тое, каб не нашкодзіць «дружбе» народаў СССР.
Але што гэта я ўсё пра ўкраінцаў, літоўцаў, латышоў… Пара сказаць і пра нашых землякоў — беларусаў. Летам 1942 года пачалося фарміраванне 49-га беларускага паліцэйскага батальёна ў Астрашыцкім Гарадку. Батальён дасягнуў колькасці да 2000 чалавек. Спачатку камандзірамі былі немцы. Беларусы не ведалі нямецкай мовы, таму паявіліся непаразуменні. На гэтай глебе пачалося дэзерцірства. Тады нямецкіх камандзіраў замянілі эстонцамі, якія ведалі рускую мову. Але для беларусаў эстонцы, як і немцы, былі чужынцамі, і руская мова была чужой. Тады сталі шукаць афіцэраў-беларусаў. Іх вельмі хутка знайшлі і дэзерцірства спынілася. У 1943 годзе пачалося фарміраванне яшчэ некалькіх батальёнаў. Так у вёсцы Урэчча Слуцкага раёна быў сфарміраваны 36-ты паліцэйскі беларускі полк. Потым яго перавялі ў мястэчка Валожын. У Баранавічах у той жа самы час быў сфарміраваны 60-ты паліцэйскі батальён. Калі пачалося фарміраванне 48-га паліцэйскага беларускага батальёна ў Слоніме, то за кароткі тэрмін прыбыло 5 тысяч добраахвотнікаў. Нават немцы былі здзіўлены такой актыўнасцю. Акрамя гэтага ў Баранавічах быў сфарміраваны ахоўны паліцэйскі беларускі батальён.
На пачатку 1943 года пачалося фарміраванне ў горадзе Мінску 13-га беларускага паліцэйскага батальёна СД. Яго фарміраваннем займаўся Францішак Кушэль. Ён адразу паставіў перад немцамі шэраг умоў:
— Камандны склад батальёна павінен быць беларускім.
— Каманды павінны давацца на беларускай мове.
— Бытавая мова зносін — беларуская.
— Выхаванне і прапаганду праводзяць беларускія спецыялісты.
— Узбраенне, форма, забеспячэнне па нямецкім ваенным нормам.
— Знакі адрознення на мундзірах — беларускія.
— Батальён павінен дзейнічаць толькі ў Беларусі і толькі супраць савецкіх партызан.
За кароткі тэрмін з добраахвотнікаў было сфарміравана дзве роты па 200 чалавек. Людзі прыбывалі, і хутка ў батальёне налічвалася каля 1000 чалавек, усяго пяць рот. Праз нейкі час батальён перавялі ў Вілейку. Не ведаю, усе ці не, але ўмовы, высунутыя Кушэлем, немцы выконвалі. Так, прапагандыстам батальёна быў беларус лейтэнант Чабатарэвіч. Беларусы Бураўка, Мазур, Орсіч, Хмяльніцкі, Якубёнак былі камандзірамі рот. Дарэчы, камандзіры-беларусы клапаціліся аб сваіх падначаленых, адстойвалі іх правы. Напрыклад, камандзір 2-й роты Мазур паводзіў сябе настолькі смела і незалежна, што немцы вымушаны былі яго арыштаваць. Ён загінуў у засценках СД. Дык хто ён? Здраднік ці герой? Пытанне спрэчнае.
Акрамя гэтага на тэрыторыі Беларусі быў створаны паліцэйскі батальён чыгуначнай аховы. Роты батальёна былі размешчаны ў Мінску, Полацку, Баранавічах, Лідзе, Круляўшчызне, Стоўбцах і нават на тэрыторыі Расіі. Беларускія паліцэйскія батальёны на баку немцаў змагаліся ўсюды. Так, 100-ты паліцэйскі беларускі батальён вёў баявыя дзеянні ў Італіі. У Аўстрыі гэтаксама была створана беларуская брыгада. Адзін батальён брыгады прымаў удзел у баявых дзеяннях пад Монтэ-Касіна. Там жа змагаліся жаўнеры Слонімскага беларускага паліцэйскага батальёна. Так што пад Монтэ-Касіна беларусы змагаліся супраць беларусаў. Трэба дадаць, што ў Еўропе дзейнічала Грэнадзёрская штурмавая брыгада СС «Беларусь». Колькі загінула беларусаў, якія змагаліся на баку немцаў, невядома. Але на нямецкіх могілках у Італіі на помніках шмат беларускіх прозвішчаў.
Мірнае насельніцтва на акупаванай тэрыторыі
У мяне няма даных, якая колькасць насельніцтва Беларусі была эвакуіравана ва ўсходнія раёны СССР. Я думаю, няшмат. Беларусь была акупавана немцамі маланкава. Сталіца рэспублікі горад Мінск быў заняты немцамі на шосты дзень вайны. Ва ўмовах такой скарацечнасці падзей аб эвакуацыі не магло быць нават гаворкі. Кіраўніцтва рэспублікі і абласцей так мітусліва ўцякала, што на сталах іх кабінетаў засталіся ляжаць сакрэтныя, зусім сакрэтныя, асобай і дзяржаўнай важнасці дакументы, якія вельмі дапамаглі немцам усталяваць на захопленай тэрыторыі свой, з элементамі савецкага, парадак. Магчыма, гарадское насельніцтва з усходніх абласцей рэспублікі часткова было эвакуіравана. Напрыклад, сям’я майго будучага цесця, жыхара горада Оршы, была эвакуіравана ва Ульянаўскую вобласць. Стыхійныя гурты бежанцаў, якія рухаліся па дарогах на ўсход, вымушаны былі вяртацца назад, паколькі нямецкая армія наступала значна хутчэй і абганяла іх. Сельскае насельніцтва хутчэй за ўсё цалкам засталося на акупаванай тэрыторыі.
У сваіх успамінах і разважаннях я кіруюся досведам са сваёй вёскі Нябышына. На пачатку вайны, апынуўшыся ў акупацыі, мы і ў думках не мелі, каб уцякаць са сваёй вёскі, са сваёй хаты, дзесьці хавацца. Мы не адчувалі небяспекі. Тым больш, мы і ў думках не мелі змагацца з акупантамі. У нас не было зброі, і ніхто не імкнуўся, каб яе набыць. Гэтым можна было наклікаць бяду не толькі на сваю сям’ю, але і на ўсю вёску. У нас было адзінае памкненне — выжыць. Мая вёска Нябышына была звычайнай вёскай, як і ўсе вёскі Беларусі, у якіх пражывалі такія ж самыя мірныя людзі. Я не чуў, каб хоць у адной з навакольных вёсак людзі ўзялі ў рукі зброю і выступілі адкрыта супраць акупантаў. Калі з’явілася чужая для нас партызанская навала, мая маці малілася Богу, каб у гэтую ноч партызаны абмінулі нашу хату. Выжыць ва ўмовах акупацыі было вельмі цяжка. На маю думку, кожны чалавек, які выжыў ва ўмовах акупацыі — гэта больш, чым герой. Шукаючы інфармацыю, я натыкнуўся на дакумент — «Партызанскую прысягу». Вось адзін пункт прысягі:
«Я клянусь, што хутчэй загіну ў жорсткім баі з ворагам, чым аддам сябе, сваю сям’ю і беларускі народ у рабства крываваму фашызму».
Сказана моцна, але гэта пустыя словы. Насамрэч, нічога не рабілася для абароны насельніцтва.
Яскравы прыклад — дзеянні невялікага партызанскага атрада «Бацькі Міная», камандзірам якога быў Мінай Шмыроў. Дарэчы, гэта быў прыроджаны баец. Ён служыў у царскай арміі, удзельнік Першай сусветнай вайны, узнагароджаны 3-ма Георгіеўскімі крыжамі. З 1918 па 1920 год — удзельнік Грамадзянскай вайны. З 1921 года па 1923 год Мінай Шмыроў — камандзір атрада па барацьбе з «бандытызмам» на Віцебшчыне. Слова бандытызм я ўзяў у двукоссе таму, што, на маю думку, тыя «бандыты» — гэта нашы землякі, гэта тыя беларусы, якія першымі зразумелі, што нясе нам бальшавіцкая савецкая ўлада. Яны змагаліся з ёй, як маглі. Яны — патрыёты нашай Айчыны. А Мінай Шмыроў арганізоўваў і ўзначальваў асабіста сам карныя аперацыі супраць нашых землякоў, жорстка распраўляўся з імі, забіваў. І вось гэты былы карнік, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, клянецца, што хутчэй загіне «ў жорсткім баі з ворагамі, чым аддасць сябе, сваю сям’ю і беларускі народ у рабства крываваму фашызму». Трэба адзначыць, што ён адзін з першых, ужо ў ліпені 1941 года, стварыў партызанскі атрад. У склад атрада ўваходзілі партыйныя актывісты і службоўцы кардоннай фабрыкі, дырэктарам якой перад вайной і з’яўляўся Мінай Шмыроў. Таму стварыць партызанскі атрад у яго складанасці не было, гэтыя людзі залежалі ад яго. Усяго ў атрадзе было 25 чалавек. З цягам часу колькасць вагалася — адны людзі атрад пакідалі, іншыя далучаліся. Атрад «Бацькі Міная» нападаў на невялікія групы немцаў, разбураў нязначныя драўляныя масты. Памятаецца, тое ж самае адбывалася вакол маёй вёскі Нябышына. Урон немцам быў нанесены нязначны. Але сваімі неабдуманымі правакацыйнымі дзеяннямі супраць немцаў Мінай Шмыроў стварыў нязносныя ўмовы для выжывання, смяротную небяспеку для мясцовага насельніцтва.
Зразумела, што людзі не ўспрымалі і нават ненавідзелі партызан, шукалі паратунку ў немцаў. Пра гэта адкрыта сказана ў «Дзённіку атрада „Бацькі Міная“, ліпень 1941 г. — люты 1942 г». Вось запіс, зроблены 21 ліпеня 1941 года: «Правакатары, даведаўшыся пра партызан, даняслі аб гэтым у Сураж немцам». Вось яшчэ адзін запіс ад 20 жніўня 1941 года: «Правакатары дапамагаюць немцам шукаць стаянкі партызан». А як трэба паступаць з правакатарамі? Правільна, знішчаць. Гэта па-савецку. І Мінай Шмыроў прысвоіў сабе права вызначаць, хто правакатар, а хто не. У шэрагу «правакатараў» мог апынуцца любы чалавек з любой вёскі. Гэта тыя, да каго немцы ці паліцаі завіталі ў хату і пры гэтым не нарабілі ніякай шкоды; гэта тыя вяскоўцы, якіх немцы пры сустрэчы спынялі на вуліцы, каб штосьці высветліць, а потым мірна адпускалі; гэта тыя вяскоўцы, хто паслухмяна здаваў падаткі акупацыйнай адміністрацыі, і шмат іншых прычын. Мінай Шмыроў прысвоіў сабе права караць «правакатараў». Пачалося паляванне на людзей. Зноў падмацую гэта прыкладамі з «Дзённіка атрада „Бацькі Міная“, чэрвень 1941 г. — люты 1942 г.»:
10 жніўня 1941 года расстралялі правакатара Карабуліна з вёсчкі Мялыні.
23 жніўня 1941 г. партызаны здзейснілі налёт у Суражы на кватэру правакатара Фаменкова, кінулі некалькі гранат, разбурылі частку дома.
25 жніўня 1941 года быў затрыманы правакатар Фадзей Балыкаў і расстраляны.
13 верасня 1941 года пачалі дзейнічаць па знішчэнню правакатараў у Суражы.
22 верасня 1941 года расстралялі старшыню калгаса Марозава з вёскі Смолаўка.
Можна працягваць гэтыя дзённікавыя запісы. Але хопіць і гэтага, каб паставіць законнае пытанне: «Супраць каго ваявалі партызаны?» Адказ ляжыць на паверхні — супраць мірнага насельніцтва. Так, як я сказаў вышэй, партызаны з засад, часам, абстрэльвалі нешматлікія групы немцаў, псавалі ці разбуралі нейкія нязначныя аб’екты. Але і гэтыя іх правакацыі абарочваліся супраць насельніцтва. І гэту сваю выснову падмацую выпіскай з «Дзённіка…»:
14 жіўня 1941 года спалены мост у вёсцы Пудаць. Немцы за гэта спалілі некалькі дамоў.
28 кастрычніка 1941 года за сувязь з партызанамі немцы спалілі вёску Захаранкі.
А зараз прыкіньце ў сваіх галовах, колькі ў першыя месяцы вайны з’явілася на тэрыторыі акупаванай Беларусі вось такіх бяздумных і бяздушных «шмыровых»? Самае меншае, па аднаму на кожны раён, таму што ў кожным раёне быў райкам, і былі партыйныя актывісты, якія хаваліся ад акупантаў у навакольных лясах. Але гэта быў толькі пачатак. Як я ўжо казаў раней, пік партызанскага бязмежжа прыпаў на 1943 год. Як у тых умовах выжывала наша насельніцтва, гэта нават немагчыма ўявіць.
Памятаю, як падчас святкавання нейкай гадавіны з Дня Перамогі ў тэлеперадачы на адным з тэлеканалаў прагучалі радкі з верша Аркадзя Куляшова «Балада аб чатырох заложніках».
«Перад бацькам Мінаем
Станьце, усе бацькі, на калені.»
Магчыма, я выклікаю абурэнне ў свой адрас, але я выкажу сваю думку: я не стану на калені перад Бацькам Мінаем. Я зрабіў бы гэта і паклаў бы кветкі на яго магілу, калі б ён ратаваў сваіх дзяцей, сваякоў, насельніцтва нават коштам свайго жыцця. Ён гэтага не зрабіў і не паспрабаваў зрабіць. Потым ён скажа, што не меў права рызыкаваць жыццём партызан дзеля вызвалення сваіх дзяцей. Дзеці ўтрымліваліся ў раённым цэнтры Сураж. Але ж, калі не было ніякай патрэбы нападаць, ён нападаў на Сураж і нават 3 гадзіны трымаў яго ў сваіх руках. Тады ён пра жыццё партызан не думаў. 14 лютага 1942 года фашысты расстралялі ні ў чым непавінных чацвёра непаўналетніх дзяцей Міная Шмырова: 14-гадовую Лізу, 10-гадовага Сяргея, 7-гадовую Зіну, Зтадовага Мішу.
На прыкладзе атрада «Бацькі Міная» я імкнуўся паказаць, як няпроста было выжываць ва ўмовах акупацыі. Смяротная небяспека для насельніцтва існавала як з боку немцаў, так і з боку партызан.
Яўрэі Беларусі
Яўрэі складалі значную частку даваеннага насельніцтва Беларусі. Па дадзеным гісторыкаў Эмануіла Іофэ і Іллі Альтмана напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі пражывала каля 1 мільёна яўрэяў. Яўрэі апынуліся ў больш цяжкім становішчы, чым іншыя грамадзяне Беларусі. Я думаю, яны ведалі пра планы фашыстаў па іх пагалоўнаму знішчэнню. На тэрыторыі Германіі і ў акупаваных краінах Еўропы ўжо дзейнічалі канцлагеры. Той жа Асвенцым на тэрыторыі Польшчы быў адчынены 20 траўня 1940 года. Трэба адзначыць, што немцы свае канцлагеры стваралі па савецкаму ўзору. Яны былі дапушчаны ў савецкі ГУЛАГ для атрымання вопыту. Фашысты былі таленавітымі вучнямі савецкай карнай сістэмы.
Безумоўна, яўрэі маглі б эвакуіравацца, але падзеі развіваліся вельмі хутка. Як я вышэй ужо сказаў, Мінск быў заняты немцамі 28 чэрвеня 1941 года. А кіраўніцтва рэспублікі пакінула сталіцу вечарам 24-га чэрвеня 1941 года, моўчкі, без аб’яўлення эвакуацыі. Стыхійная эвакуацыя адбывалася, але безвынікова. Немцы наступалі хутчэй, чым рухаліся тоўпы ўцекачоў. Была створана яшчэ адна перашкода, якая зрабіла стыхійную эвакуацыю немагчымай. Падмацую гэта выказванне прыкладам. Прашу прабачэння за паўтор, але прыклад вельмі важны.
26.09.2004 г. на тэлеканале ТВЦ паказалі перадачу: «Вокзал Победы. Последний из гетто». Я запісаў расказ яўрэйкі, удзельніцы перадачы:
«На второй день войны мы хотели эвакуироваться, но все дороги с Беларуси на Восток были перекрыты отрядами НКВД. При попытке пройти или проехать отряды НКВД открывали стрельбу. НКВД нас вернуло в руки немцев».
Што гут можна сказаць? Магчыма, погляды па яўрэйскаму пытанню ў нямецка-фашыскага і савецкага кіраўніцтва супалі.
Калі я пачаў знаёміцца з матэрыяламі пра генацыд, Халакост яўрэйскага насельніцтва, то прыйшоў да высновы, што асабліва жорстка знішчалі яўрэяў на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Забойствы яўрэяў пачаліся з першых дзён акупацыі. Спачатку іх размяшчалі ў спецыяльна выдзеленых для пражывання месцах — гета. Былі ўведзены для іх спецыяльныя знакі адрознення — нашыўкі жоўтага колеру ў выглядзе шасціканцовай зоркі, якія размяшчаліся на адзенні спераду і ззаду. Ужо 28 чэрвеня 1941 года ў Беластоку было забіта 2000 яўрэяў. Расстрэлы працягваліся і ў наступныя дні. 10 ліпеня немцы расстралялі ад 5 да 10 тысяч яўрэяў у горадзе Брэсце. У Пінску з 5 па 7 жніўня было забіта 10 тысяч яўрэяў. Расстрэлы адбываліся ў Віцебску і ў іншых месцах па ўсёй тэрыторыі Беларусі. 8 кастрычніка 1941 года ў выніку ліквідацыі віцебскага гета было забіта 16 тысяч яўрэяў. 30 кастрычніка 1941 года расстраляны 4,5 тысячы яўрэяў у нясвіжскім гета. 8 снежня 1941 года ў Навагрудку з 7 тысяч яўрэяў, якія там пражывалі, забіта 4,5 тысячы. Расстрэлы працягваліся і ў 1942 годзе. Так на працягу студзеня ў Беларусі было расстраляна 33 200 яўрэяў. На працягу 1942 года былі расстраляны ўсе яўрэі ў гета мястэчак Клецка, Косава, Гарадзец, Ляхавічаў, Міра, Нясвіжа і ў іншых месцах. 8 лютага 1943 года было ліквідавана слуцкае гета, усіх, хто там утрымліваўся, расстралялі. 12 сакавіка 1943 года было цалкам знішчана яўрэйскае насельніцтва горада Гродна, гэта больш за 25 тысяч чалавек. Нават у «Дзённіку атрада „Бацькі Міная“» зафіксаваны выпадак расстрэлу яўрэяў. Вось дзённікавы запіс ад б жніўня 1941 года:
«Учора ў Суражы немцы расстрэльвалі яўрэяў. Яўрэяў групамі тапілі ў рацэ. Мужчын прымушалі пераплываць раку, калі яны падплывалі да берага, іх забівалі і тапілі. Дзяцей выкідвалі з вокан. Правакатары і марадзёры выдавалі яўрэяў. Крывавая расправа наводзіла жах, ад убачанага і пачутага кроў застывала ў жылах. Усяго за адзін дзень знішчана ў Суражы 670 яўрэяў…»
Вось гэта расправа немцаў над яўрэямі ў Суражы на партызан атрада «Бацькі Міная» навадзіла жах, кроў стыла ў жылах, але яны нават пальцам не кранулі, каб ратаваць яўрэяў. Проста яны дзесьці паблізу назіралі за працэсам — запіс у «Дзённіку…» дэталёвы.
Колькі ўсяго загінула яўрэяў у часы вайны на тэрыторыі Беларусі, звесткі разыходзяцца. Часцей за ўсё прыводзяцца лічбы ад 600 тысяч да 800 тысяч чалавек. А гэта складае 74–82 % ад агульнай колькасці яўрэйскага насельніцтва Беларусі. Доктар гістарычных навук прафесар Эмануіл Іофэ, даследчык гісторыі Халакосту, прыводзіць лічбы ахвяр на аснове ўласных даследаванняў. Ён сцвярджае, што «ў 1941–1944 гг. на беларускай зямлі на тэрыторыі 277 населеных пунктаў існавала 299 гета. Тут загінула 940 тысяч яўрэяў, дэпартаваных сюды з еўрапейскіх краін. У сучасных межах Беларусі гэта лічба складае 805 чалавек (715 тысяч + 90 тысяч)».
Самымі буйнымі канцлагерамі на тэрыторыі Беларусі былі адзін у раёне вуліцы Шырокай горада Мінска, другі ў вёсцы Малы Трасцянец. Гэты канцлагер быў створаны ўвосень 1941 года на тэрыторыі калгаса імя Карла Маркса. Тут адбывалася самае масавае знішчэнне яўрэяў. Акрамя Малога Трасцянца ў склад канцлагера ўваходзілі ўрочышчы Благоўшчына і ўрочышча Шашкова.
Што тычыцца дакладнай лічбы, колькі людзей знішчана ў гэтым канцлагеры, то вакол гэтага адбывалася нейкая гульня. У сумесным акце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі і Мінскай абласной камісіі ад 14 ліпеня — 13 жніўня 1944 года засведчана:
«Камісія, улічваючы паказанні сведак, колькасць і размеры магіл, колькасць трупаў і аб’ём попела і костак у магілах, лічыць, што па самых мінімальных падліках у межах лагера Трасцянец фашысцкімі людаедамі знішчана 546 тысяч чалавек».
Але потым аднекуль у канчатковым тэксце з’явілася лічба 206 500 чалавек знішчаных. Хачу заўважыць, што камісія па самых мінімальных падліках назвала лічбу знішчаных у 546 тысяч чалавек. З гэтага вынікае, што ў лагеры смерці Трасцянец знішчана людзей нашмат больш, і ў асноўным гэта былі яўрэі. Аднойчы ў складзе групы я наведаў месца масавага знішчэння людзей як фашысцкім гак і бальшавіцкім рэжымамі. У Трасцянцы адзін гісторык у сваім выступе расказаў, якім чынам з’явілася на свет лічба ў 206 500 чалавек, знішчаных на гэтым месцы: Надзвычайная дзяржаўная камісія прад’явіла свой выніковы акт Панцеляймону Панамарэнка. Азнаёміўшыся, ён сказаў, што 546 тысяч — гэта занадта вялікая лічба. Трэба яе перагледзець. І перагледзелі. Вось так абыякава кіраўніцтва рэспублікі паставілася да працы камісіі, да яе выніковага акта, да лічбаў, за якімі стаяць сотні тысяч ахвяраў вайны. Дарэчы, у складзе камісіі былі такія знакамітасці, як Міхась Лынькоў і Кандрат Крапіва.
А вось у надпісу на абеліску ў Трасцянцы зусім іншая лічба:
«Тут, в районе деревни Тростенец, немецко-фашистские захватчики расстреляли, замучили, сожгли 201 500 человек мирных граждан, партизан, военнопленных Советской Армии в 1941–1944 гг.»
Што, аўтары абеліску правялі дадатковыя даследаванні і ўдакладнілі лічбы, абвешчаныя камісіяй, а потым Панамарэнкам? Хутчэй за ўсё гэта памылка, якую не палічылі патрэбным выпраўляць. Панамарэнка паменшыў лічбу загінуўшых у Трасцянцы, прадстаўленую яму камісіяй, на 339 500 чалавек, а тут згубілі ўсяго 5 тысяч. Ці варта звяртаць увагу на такую дробязь? І заўважце, у надпісу на абеліску пра яўрэяў ні слова.
Для татальнага знішчэння яўрэяў, цыган і іншых, па вызначэнню фашыстаў, «расава непаўнацэнных» народаў, былі створаны спецыяльныя Айнзатцгрупы. Упершыню яны з’явіліся нават у 1938 годзе, калі Аўстрыя была далучана да Германіі. Гітлер, магчыма, лічыў, што аўстрыйцы — гэта тыя ж немцы і трэба было ачысціць новую тэрыторыю ад «расава непаўнацэнных». У самой Германіі нацысты пазбаўляліся ад яўрэяў больш-менш без вялікай крыві. Яшчэ ў верасні 1935 года яны прынялі «Закон аб грамадзянстве Рэйха». На аснове гэтага Закона яўрэі былі пазбаўлены права займаць шэраг пасад, пазбаўляліся маёмасці, уводзіліся іншыя абмежавані. Ім нічога не заставалася, як пакідаць краіну.
У 1939 годзе Айнзатцгрупа была створана для дзеянняў на тэрыторыі акупаванай Польшчы.
Перад нападам на СССР, у траўні 1941 года былі створаны яшчэ 4 новых групы. Айнзатцгрупа-В была прызначана для дзеянняў у Беларусі. Яе штаб у розны час размяшчаўся ў Ваўкавыску, Слоніме, Мінску, Смаленску. У складзе групы налічвалася 655 чалавек. Большасць складалі ваеннаслужачыя СС, якіх налічвалася не менш як 220 чалавек. Галоўным відам транспарту ў іх былі матацыклы, 100–110 адзінак. Акрамя гэтага ў склад айнзатцгрупы ўваходзіла каля 20 чалавек ад службы СД, 20–25 чалавек ад крымінальнай паліцыі, 60 чалавек ад гестапа, 50–60 — дапаможная паліцыя, 90–95 чалавек — паліцыя парадку. У склад групы ўваходзілі перакладчыкі, тэлеграфісты, радысты, ды іншыя спецыялісты. Айнзатцгрупа-В у сваю чаргу складалася з 7 больш дробных адзінак па 70–120 чалавек: З зондэркаманды і 2 айнзатцкаманды. Зондэркаманды дзейнічалі ў прыфрантавой паласе і рухаліся следам за наступаючай на Маскву групай арміі «Цэнтр». У верасні 1941 года яны ўжо былі за межамі Беларусі. Так, Зондэркаманда-7а размяшчалася ў Смаленскай вобласці, Зондэркаманда-7в — у горадзе Арле і Зондэркаманда-7с прызначалася для працы ў Маскве. Такім чынам, ад Айнзатцгрупы-В непасрэдна на тэрыторыі Беларусі заставалася ўсяго дзве каманды: Айнзатцкаманда-8 у горадзе Магілёве і Айнзатцкаманда-9 у горадзе Віцебску. Каманды, у сваю чаргу, падзяляліся на падкаманды па 20–30 чалавек. Чаму я столькі ўвагі ўдзяляю гэтым камандам? Як я сказаў вышэй, айнзатцгрупы былі створаны для татальнага знішчэння яўрэяў. Але на тэрыторыі Беларусі немцы пакінулі ўсяго дзве раздробленыя каманды агульнай колькасцю каля 200 чалавек. Знішчыць такую колькасць насельніцтва на тэрыторыі Беларусі, а гэта больш за два мільёны чалавек, у тым ліку ад 600 тысяч да 940 тысяч яўрэяў, яны проста фізічна не маглі. Яны, хутчэй за ўсё, дзейнічалі так, як зараз дзейнічае АМАП. Гэта мабільныя каманды, іх накіроўваюць туды, дзе штосьці здараецца. Я хачу, каб чытачы мяне зразумелі — я не абяляю нацыстаў, акупантаў. Я проста разважаю, імкнуся расставіць усё на свае месцы. Мне пашанцавала азнаёміцца з адным нямецкім дакументам таго часу. Яны добрасумленна фіксавалі ўсё, што рабілі, дзень за днём. Вось вытрымкі з «Данясення аб паліцэйскай дзейнасці Айнзатцгрупы-В з 9 па 16 ліпеня 1941 года для камандавання групы армій „Цэнтр“»:
«…у Беластоку былі арыштаваны і ліквідаваны 37 чалавек. Гэта былі: 4 камісары РККА, 7 рускіх за камуністычную агітацыю, 3 беларуса — члены кампартыі, 8 палякаў за камуністычную дзейнасць і марадзёрства, 12 яўрэяў за камуністычную дзейнасць і варожыя к немцам адносіны, З палякі беглыя зняволеныя за марадзёрства. У Гродна мясцовая айнзатцкаманда арыштавала 16 яўрэяў, якія пры саветах працавалі ў органах НКУС… Пошуку такіх асоб перашкаджае думка насельніцтва, што гарады, якія ў руках немцаў, могуць быць узяты назад Чырвонай Арміяй. Але насельніцтва агітуецца да супраціўніцтва. Даносы, якія паступілі, дэманструюць, што беларусы ўжо пачалі ўдзельнічаць у пошуку функцыянераў».
Як сказаў адзін «класік» палітычнага жанру: «Працэс пайшоў».
Можна меркаваць, што ўсе гэтыя затрыманні і ліквідацыі адбываліся па даносах нашых суайчыннікаў. Паспяхова сталі стварацца паліцэйскія роты і батальёны з мясцовых жыхароў. Яны і ўзялі на сябе галоўны цяжар па масаваму знішчэнню яўрэяў. Немцы ахвотна перадавалі ім свае крывавыя функцыі. Але знішчыць такую масу людзей адным беларускім паліцэйскім фарміраванням было не пад сілу. І тут своечасова на дапамогу прыйшлі рускія і ўкраінскія паліцэйскія батальёны. Яны ўшчыльную ўключыліся ў працэс знішчэння яўрэяў на тэрыторыі Беларусі. Таксама дапамагалі рабіць гэтую крывавую справу літоўскія і латышскія паліцэскія батальёны. Можна знайсці шмат крыніц, у якіх усё гэта задакументавана. Так, сотні беларускіх паліцэйскіх знішчалі яўрэяў у гета Баранавічаў, Мінска, Карэлічаў, Нароўлі, Зембіна і ў іншых месцах. Доктар гістарычных навук Л. Смілавіцкі адзначае, што роль беларускай паліцыі ў масавых забойствах стала асабліва заметнай з лютага-сакавіка 1942 года, калі паліцэйскія структуры былі ўкамплектаваны, а нямецкія фарміраванні былі адпраўлены на фронт.
У знішчэнні яўрэяў усходняй часткі Беларусі прымалі ўдзел рускія калабаранты з Рускай нацыянальнай народнай арміі (РННА). Яе штаб у сакавіку 1942 года знаходзіўся ў пасёлку Асінторф Дубровенскага раёна. Рота гэтай арміі, колькасцю 100–150 чалавек, 2 красавіка 1942 года ў мястэчку Ляды Дубровенскага раёна забіла каля 2000 яўрэяў. У пачатку 1942 года пад кіраўніцтвам начальніка рускай паліцыі Андрэя Сямёнава была праведзена акцыя па знішчэнні яўрэяў у вёсцы Палынкавічы Магілёўскай вобласці. З 20 па 22 кастрычніка 1941 года батальён рускіх паліцэйскіх колькасцю 200 чалавек расстраляў 7 тысяч яўрэяў Барысаўскага гета з 9 тысяч, якія тут утрымліваліся. Самым бязлітасным быў паліцай Канстанцін Панін, ленінградзец. Не адставалі ад яго Архіп Арлоў, Пётр Арцёмаў, Генадзь Васільеў, Леанід Глазаў, Уладзімір Гарбуноў, Уладзімір Карасёў, Рыгор Конанаў ды іншыя. Увогуле, рускае прозвішча Конанаў — нейкае злавеснае. Паліцай Рыгор Конанаў забіваў яўрэяў у горадзе Барысаве, а партызан Васіль Конанаў забіваў мірных людзей, у тым ліку і цяжарную жанчыну, у латвійскім хутары Малыя Баты.
Часта даводзіцца чуць меркаванне, што яўрэі ў час Другой сусветнай вайны не праяўлялі намаганняў, каб ратаваць сваё жыццё. Але гэта не зусім так. Беларусы таксама нічога не прадпрымалі, каб ратавацца, сядзелі ў сваіх хатах і чакалі, што будзе далей. Я гэта сцвярджаю, таму што маю досвед, як усё адбывалася ў маёй вёсцы Нябышына. Беларусам усё ж было лягчэй — іх не заганялі ў гета і не знішчалі, як гэта рабілі з яўрэямі. І ўсё ж яўрэйскі супраціў нацыстам існаваў, аб гэтым сведчыць шэраг дакументаў. І супраціў яўрэяў у Беларусі ўзнік раней, чым яўрэйскае паўстанне ў варшаўскім гета. У шмат якіх гета існавалі падпольныя арганізацыі.
У верасні 1942 года ў мястэчку Лахва Лунінецкага раёну адбылося першае выступленне яўрэяў у ходзе Другой сусветнай вайны. Яўрэяў прывялі да месца расстрэла, але па сігналу яны разам накінуліся на канвой і разбегліся. У выніку каля 600 чалавек схаваліся ў лесе, але каля 2000 чалавек загінула. Такое ж адбылося і ў мястэчку Радунь, якое знаходзіцца ў Воранаўскім раёне. У траўні 1943 года групу яўрэяў прывялі на расстрэл, але яны кінуліся на ўцёкі. Выратавалася 160 чалавек, 20 загінула. У жніўні 1943 года адбылося паўстанне ў Глыбоцкім гета, частка яўрэяў вырвалася на волю. Такія ж выступы адбыліся ў Клецкім, Нясвіжскім, Капыльскім гета і ў іншых месцах. Акрамя гэтага, на тэрыторыі Беларусі існавалі яўрэйскія партызанскія атрады, якія ня ўпісваліся ў сістэму прамаскоўскіх партызан. У той час, калі прамаскоўскія партызаны правакавалі немцаў на знішчэнне мірнага насельніцтва, яўрэйскія партызаны ратавалі людзей.
Адным з самых вядомых партызанскіх яўрэйскіх атрадаў быў атрад братоў Бельскіх. Калі пачаліся масавыя расстрэлы яўрэяў, браты Бельскія — Туўя, Асаэль і Зусь — сабралі сваіх сваякоў і ў снежні 1941 года скрытна вывелі іх у лес. Недалёка ад сваёй вёскі Станкевічы, што паміж Лідай і Навагрудкам, яны абсталявалі месца, дзе можна было б схавацца. Напачатку іх налічвалася ўсяго 17 чалавек, а зброя — адзін пісталет і некалькі патронаў. Гэта яшчэ нельга было назваць партызанскім атрадам. К жніўню 1942 года ў атрадзе налічвалася 250 чалавек, ён папоўніўся за кошт тых яўрэяў, якія вырваліся з Навагрудскага гета. Атрад пачаў дзейнічаць. Гэта адчулі немцы і заўважылі савецкія партызаны. Але галоўнай мэтай Туўя Бельскі лічыў не змаганне супраць немцаў, а ратаванне яўрэяў. У атрад прымаліся ўсе: і жанчыны, і дзеці, і старыкі, і хворыя. Туўя казаў, што лепш выратаваць адну бабульку-яўрэйку, чым забіць дзесяць нямецкіх салдат. Вось за гэта асабіста я з павагай стаўлюся да партызанаў — братоў Бельскіх.
На маю думку, толькі яўрэйскія атрады на тэрыторыі акупаванай Беларусі можна лічыць сапраўднымі партызанамі. Яны дзейнічалі на карысць беларускім яўрэям, а гэта азначае, на карысць Беларусі. Прамаскоўскія партызаны — гэта дыверсанты і правакатары, якія нанеслі Беларусі, беларускаму насельніцтву вялікую шкоду. У весну 1943 года атрад Бельскіх ужо налічваў 750 чалавек, а к чэрвеню 1944 года атрад дасягнуў 1230 чалавек. Але трэба заўважыць, што ўзброеных байцоў было ад 350 да 500 чалавек, а астатнія — мірнае насельніцтва. Галоўнай задачай узброеных байцоў была абарона мірнага насельніцтва, а не цкаванне немцаў.
Меў вядомасць і партызанскі яўрэйскі атрад, якім камандаваў Шалом Зорын. У ім налічвалася 600 чалавек, у тым ліку 137 узброеных байцоў. Існавалі і іншыя партызанскія яўрэйскія атрады. Становішча яўрэў на акупаванай немцамі тэрыторыі было значна горшым, чым у іншага насельніцтва, яшчэ і таму, што ў СССР, як і ў фашысцкай Германіі, квітнеў антысемітызм. Беларусь не была выключэннем. «Талерантныя», «гасцінныя» беларусы-паліцаі былі больш бязлітаснымі, чым немцы. На гэта іх падштурхоўваў шэраг прычын. Тут і той жа антысемітызм, і спроба паказаць немцам сваю ім адданасць, і ап’яненне ўладай, і жаданне атрымаць ад акупантаў матэрыяльную ўзнагароду за сумленную службу, і магчымасць злачынным шляхам прысвоіць маёмасць яўрэяў. Вельмі прыкра, што тыя паліцаі часам былі суседзямі яўрэяў, знаёмымі, даваеннымі сябрамі, нават сваякамі.
Мірнае мясцовае насельніцтва ў сваёй большасці таксама адвярнулася ад яўрэяў. І справа не ў тым, што акупанты выдалі загад расстрэльваць тых, хто паспрабуе хаваць яўрэяў. Хавалі ж у сябе чырвонаармейцаў, хоць гэта было яшчэ больш небяспечна. Прычына ў антысемітызме. Выдавалі немцам яўрэяў, якія спрабавалі эвакуіравацца, пакінулі месца жыхарства і апынуліся сярод чужых людзей. Але ж, як я сказаў вышэй, і ад сваіх знаёмых не было паратунку. Выдавалі і тых яўрэяў, якія ўцякалі з гета.
І ўсё ж былі і такія беларусы, якія, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі яўрэяў. Шмат беларусаў атрымала званне «Праведнік свету», якое прысвойваецца ізраільскім інстытутам «Яд вашэм». Колькі ўсяго такіх беларусаў, розныя крыніцы называюць розныя лічбы, але часцей сустракаецца — 569. Па гэтаму паказніку Беларусь займае 8-е месца пасля Польшчы, Галандыі, Францыі, Украіны, Бельгіі, Літвы, Венгрыі. Беларусы, «Праведнікі свету», асабліва пачалі выяўляцца пасля 1987 года. Справа ў тым, што тэма Халакосту ў СССР з 1948 года па 1987 год была пад забаронай. Баючыся за ўласную бяспеку, людзі хавалі сваю датычнасць да ратавання яўрэяў. Памятаю, як у 60-я гады мінулага стагоддзя мне пад вялікім сакрэтам далі перапісаць вершы Яўгена Еўтушэнкі «Бабій Яр». Верш быў забаронены, таму што ў ім распавядалася пра генацыд яўрэйскага насельніцтва, пра Халакост. Тэма была непрыемная для савецкага рэжыму. Чаму? Рабіце высновы самі.
Першымі беларусамі, якім было прысвоена званне «Праведнік свету», сталі ў 1965 годзе Андрэй Нікалаеў і яго жонка Наталля Станько, якія выратавалі сям’ю Казінца. Чаму раптам было дадзена паслабленне ў гэтым пытанні? Як я вышэй ужо казаў, у 1965 годзе з прыходам да ўлады Л. Брэжнева ўпершыню дзень 9-га мая быў аб’яўлены святочным — Днём Перамогі. А к новаму святу патрэбны і новыя героі. Крэмлёўскае кіраўніцтва падлічыла, колькі Героеў для гэтай мэты патрабуецца. У рэспублікі накіравалі разнарадку. Так як у БССР на кіруючых пасадах былі былыя кіраўнікі падпольных абкамаў КП(б)Б і партызанскія функцыянеры, то і героі павінны быць з гэтага асяроддзя. Так у гэты спіс папаў і Казінец. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 года яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імем названы плошча і вуліца ў горадзе Мінску. І хоць у героі яго высунула беларускае кіраўніцтва, але ў беларускім спісу Героеў Савецкага Саюза Казінца я не знайшоў. Тут нічога дзіўнага няма. Казінец на тэрыторыю Беларусі папаў, можна сказаць, выпадкова. Вось некалькі фактаў з яго біяграфіі.
Казінец Ісай Пінкусавіч нарадзіўся ў 1910 годзе ў Херсонскай вобласці. З 1922 года сям’я пражывала ў Батумі. У 1936 годзе закончыў Кіеўскі інстытут нафты. Працаваў у Калініне, а потым у Горкім. Член ВКП(б) з 1938 года. Пасля таго як 17 верасня 1939 года ў Заходняй Беларусі на змену польскай акупацыі прыйшла савецкая, Ісая Казінца перакінулі тэрмінова ў Беласток на пасаду галоўнага інжынера прадпрыемства «Нафтазбыт». Не давяраць жа такую адказную пасаду беларусу, ды яшчэ заходняму. Савецкі рэжым лічыў заходніх беларусаў польскімі, англійскімі, нямецкімі… шпіёнамі. Іх чакалі тры дарогі: у Курапаты, у Катынь, у савецкі ГУЛАГ. Ісай Казінец, калі наступіла 22 чэрвеня 1941 года, разам з адступаючай Чырвонай Арміяй спрабаваў эвакуіравацца, але змог дабрацца толькі да Мінска. Уцякаць далей не было магчымасці, таму што немцы абагналі і былі далёка наперадзе. Заблытаць свае сляды ў вялікім горадзе лягчэй, і Ісай Казінец застаўся ў Мінску. Падрабязнасцяў аб яго дзейнасці ў акупаваным Мінску адшукаць не давялося. У даведніках я знайшоў звесткі, што ён займаўся падпольнай працай і дыверсіямі. Якая канкрэтна была праца, колькі дыверсій ён здзейсніў, якую шкоду нанёс немцам, мне невядома. У сакавіку 1942 года нямецкія службы бяспекі арыштавалі яго. 7 траўня 1942 года Ісай Казінец быў павешаны, разам з ім было павешана яшчэ 28 чалавек.
Я адмоўна стаўлюся да дыверсій, нават калі яны маюць патрыятычную афарбоўку, у выніку якіх гінуць невінаватыя людзі. Вось і гэтыя 28 чалавек, якіх павесілі разам з Казінцом, хто яны? У чым была іх віна? Яны ўдзельнікі дыверсіі, ці проста апынуліся побач з тым месцам у тую самую ракавую хвіліну і папалі пад нямецкую аблаву? Узнікае пытанне, хто ж ён, Ісай Казінец, герой ці злачынца? Пытанні, пытанні… Я задаю іх сам сабе і сам сабе спрабую даць адказ на іх. І справа тут не ў Ісае Казінцу. Такіх дыверсантаў было закінута на тэрыторыю акупаванай Беларусі тысячы, дзесяткі тысяч. І яны, нараўне з акупантамі, неслі пакуты мясцоваму насельніцтву. Але я адхіліўся ад галоўнай тэмы, не закончыў свае разважанні пра антысемітызм. Як сцвярджаюць гісторыкі — даследчыкі Халакосту, антысемітызм існаваў не толькі на бытавым узроўні сярод насельніцтва, у партызанскіх атрадах, але і на ўзроўні партызанскага кіраўніцтва, на ўзроўні ўсіх эшалонаў савецкай улады. Аб гэтым сведчыць шэраг крыніц. Так доктар гістарычных навук прафесар Давід Мельцэр піша, што з ведама Сталіна напачатку лістапада 1942 года Масква накіравала радыёграму падпольным партыйным органам і камандзірам партызанскіх фарміраванняў, якая забараняла прымаць у атрады выратаваўшыхся яўрэяў. І гэта патрабаванне выконвалася. У дакладных запісках, якія пасылалі падпольшчыкі кіраўнікам падпольных абкамаў адзначалася, што партызанскія атрады не дапамагаюць яўрэям і не прымаюць іх у свой склад, а часам адымаюць зброю, вяртаюць назад у гета ці нават расстрэльваюць. З гэтага можна зрабіць выснову, што сустрэча з партызанамі паратунку яўрэям не абяцала.
Аб гэтым жа падрабязна распавядае ў сваёй працы «Катастрофа яўрэяў у Беларусі, 1941–1945 гг.» гісторык, даследчык генацыду яўрэяў Леанід Смілавіцкі. Ен канстатуе, што яўрэйскае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі было асуджана на гібель. Леанід Смілавіцкі прывёў шмат прыкладаў сустрэч яўрэяў з партызанамі — сустрэч, якія заканчваліся трагічна. Так нядаўні студэнт Якаў Рубенчык уцёк з Мінскага гета. Сустрэўшы партызан, палічыў, што нарэшце прыйшло выратаванне. Але як жа ён памыляўся, партызаны яго расстралялі. Вясной 1942 года сям’я Хаі Рабіновіч з гета Пінскай вобласці сустрэла партызан. Камандзір пагадзіўся ўзяць у атрад толькі двух старэйшых дзяцей. А пажылую жанчыну з непаўнагадовымі дзецьмі партызаны кінулі на волю лёсу.
У шэрагу выпадкаў кіраўнікі партызанскіх атрадаў пазбаўляліся ад яўрэяў. Так паступілі ў атрадзе Антонава, які дзейнічаў у Глыбоцкім раёне. Калі ў кастрычніку 1943 года немцы распачалі карную аперацыю супраць партызан, камандзір атрада Антонаў загадаў 9 яўрэям пакінуць атрад. Можа, партызанскае камандаванне не хацела кампраметаваць сябе ў вачах немцаў, што ў іх складзе ёсць яўрэі? А вось калі іх прагналі з атрада, немцы, можа, ацэняць гэта, дадуць палёгку? А можа, і скрынку шнапсу прышлюць для камандзіра атрада Антонава і камандзіра брыгады Шырокага ў знак удзячнасці? Атрымліваецца, што нядаўнія хаўруснікі заставаліся імі, нават знаходзячыся ў стане вайны паміж сабой? Пытанні вельмі непрыемныя. Яўрэі пратэставалі супраць таго, што іх выгналі з атрада, прычым у іх адабралі зброю. Яны звярталіся да камандзіра партызанскага атрада Антонава, каб іх лепш расстралялі на месцы, таму што ім без зброі, без харчоў, без сродкаў на існаванне няма куды ісці. Яўрэі спрабавалі рухацца за атрадам, але іх папярэдзілі, што будуць страляць.
Былі выпадкі, калі прамаскоўскія партызаны з крыкамі: «Бей жидов!» — нападалі на яўрэйскія атрады. Напады працягваліся да канца вызвалення Беларусі з-пад нямецкай акупацыі.
Леанід Смілавіцкі ў сваіх даследаваннях прывёў такі факт, як камандзір яўрэйскага партызанскага атрада Туўя Бельскі напісаў скаргу на імя генерала Платона. Скарга на мове ваенных — гэта рапарт. Дык вось, рапарт Бельскага — гэта быў крык адчаю. Ён напісаў генералу, што камандзір партызанскай брыгады імя Дзяржынскага таварыш Шышкін не прапускае партызан яўрэйскага атрада па мосце цераз Нёман, адымае ў іх падводы і коней. Гэта пагражала людзям Бельскага голадам і катастрофай. Справу правяраў памочнік генерала Платона Сакалоў. У выніковым па гэтай справе загадзе было сказана, што праверкай выяўлены выпадкі масавага тэрора ў адносінах да партызан-яўрэяў з боку савецкіх партызан. Што тут можна сказаць? Чытачы могуць мяне асуджаць, але я набяруся смеласці сцвярджаць, што ў адносінах да яўрэяў і немцы, і паліцаі, і прамаскоўскія партызаны рабілі адну і тую ж сумесную справу — знішчэнне яўрэяў.
Яшчэ прывяду адзін прыклад, які я адшукаў у даступных крыніцах. Анатоль Рубін з Мінскага гета ўвосень 1943 года сустрэў партызан. Анатоль расказаў ім, што бацькоў расстралялі, а ён сам хаваўся ў адной з вёсак Клецкага раёна. Зараз ён жадае помсціць немцам. На тварах партызан з’явіліся іранічныя ўхмылкі і рэплікі з яўрэйскім акцэнтам: «А што ты будзеш рабіць у партызанах? Страляць? Але ў нас няма крывога ружжа». Потым яму параілі прызнацца, што ён нямецкі шпіён, інакш паабяцалі зрабіць другое абразанне. Юнаку паказалася, што ён сустрэў не партызан, а паліцаяў. Калі зірнуць праўдзе ў вочы, то мы ўбачым, што яўрэі ваявалі не горш за іншыя народы. 110 тысяч беларускіх яўрэяў змагаліся на фронце ў складзе Чырвонай Арміі, 48 тысяч з іх загінулі. 23 беларускія яўрэі сталі Героямі Савецкага Саюза, двое — поўнымі кавалерамі ордэнаў «Славы» (Рыгор Багарад і Яфім Мінкін).
А які лёс напаткаў братоў Бельскіх? Асаэль у 1944 годзе ўступіў у Чырвоную Армію, загінуў на тэрыторыі Германіі незадоўга да канца вайны. Туўя і Зусь пасля вайны, ратуючыся ад пераследу з боку НКУС, уцяклі ў Польшчу, а потым у Ізраіль. У 1965 годзе пераехалі ў ЗША. Летам 1986 года выратаваныя братамі Бельскімі яўрэі ў гатэлі Хілтан у Нью-Ёрку арганізавалі банкет. 600 чалавек стоячы віталі 80-гадовага Туўю Бельскага. У снежні 1986 года ён памёр. Пахаваны з ваеннымі ўшанаваннямі на гары Герцля ў Іерусаліме.
Народнікі
Так мы, вяскоўцы, называлі жаўнераў брыгады палкоўніка Гіля-Радзіёнава.[4] Цікава, што больш такой назвы я не сустрэў ні ў адной крыніцы па гэтаму пытанню, якія мне ўдалося знайсці. Магчыма, назва «народнікі» існавала толькі ў межах маёй вёскі Нябышына. І гэтая назва ўзнікла і прыжылася, таму што радзіёнаўцы прыхільна ставіліся да жыхароў вёскі, абаранялі і ад партызан, і ад паліцаяў, і нават ад немцаў. Як кажуць, былі разам з народам. Аб гэтым я падрабязна ўжо расказаў вышэй у сваіх успамінах.
Пасля выхаду з друку 1-га выдання маіх успамінаў некаторыя чытачы выказалі нязгоду са мной, што я занадта ідэалізую радзіёнаўцаў. Яны сцвярджалі, што брыгада актыўна ўдзельнічала ў карных аперацыях супраць насельніцтва. Але пацверджанняў гэтага я не знайшоў. Гэта пры тым, што партызаны і падпольшчыкі пратакаліравалі ўсе карныя дзеянні акупантаў супраць насельніцтва.
Авось крыніцы, у якіх радзіёнаўцы характарызуюцца станоўча, ёсць. Так, былы сакратар Мінскага падпольнага абкама партыі і камандзір партызанскага злучэння Раман Мачульскі ў сваіх мемуарах напісаў, што ў траўні—чэрвені 1943 года «1-я Руская нацыянальная брыгада» была прыцягнута нямецкім камандаваннем да буйной карнай аперацыі супраць партызан у паўночных раёнах Мінскай вобласці. Партызаны былі акружаны, аднак прарвалі акружэнне на ўчастку брыгады Гіль-Радзіёнава. Я мяркую, што ён проста даў магчымасць партызанам выйсці з акружэння. Мачульскі звяртае ўвагу на тое, што як у час блакады, так і пасля яе салдаты і афіцэры брыгады Гіль-Радзіёнава лаяльна ставіліся да мясцовага насельніцтва. Я поўнасцю далучаюся да слоў Р. Мачульскага, як сведка тых падзей. Аб гэтым жа піша і Анатоль Бурдо ў сваёй працы «Лёс камбрыга В. Гіль-Радзіёнава».