18. Малыя дзеткі — малыя бедкі?!

На балоце ў час блакады адбылося яшчэ некалькі падобных адна на другую трагедый. Адна жанчына, маці-адзіночка, павесіла сваю маленькую дачку. У другой групе дзве жанчыны задушылі сваіх маленькіх дзетак. Балотныя вандроўнікі паставілі дзяцей у невыносныя ўмовы: хмары мошак і камароў, вільгаць, недаяданне, недасыпанне, хваробы. Дзеці пакутавалі, плакалі. Людзі замест падтрымкі сталі выказваць незадавальненне, папракаць: дзіцячы плач могуць пачуць немцы, а гэта канец. І тыя жанчыны, тыя маці, замест таго каб плюнуць на вяскоўцаў, з якімі нельга было знайсці паразумення, замест таго каб кінуць іх і ратаваць сябе і сваіх дзетак у адзіночку, пайшлі на крайні крок — пазбавілі сваіх немаўлятак, сваіх дзетак жыцця.

Мужамі дзвюх апошніх жанчын былі якраз тыя прымакі. Калі яны вярнуліся з вайны і даведаліся пра тое, што ўчынілі іх жонкі, яны кінулі іх і адразу ад’ехалі да сябе на радзіму. А жанчыны тыя ўсё жыццё да старасці ў адзіноце з цяжкім грузам на сэрцы, з цяжкім грахом так і пражылі.

Так гэты трагічны эпізод быў расказан мной у першым выданні кнігі. Але калі кнігу прачыталі мае аднавяскоўцы, яны мяне паправілі. Яны расказалі мне, што не праганялі гэтых трох жанчын са сваіх груп. У шмат якіх сем’ях былі маленькія дзеці і ўсе з гэтым мірыліся, вытрымалі і перажылі блакаду. Гэтыя тры жанчыны вырашылі ратавацца разам з партызанамі, думалі, што з імі бяспечней. Але партызаны паставілі ўмову: далучыцца да іх можна, але без дзяцей. Што адбылося далей, вышэй мной расказана ўсё правільна.

Мае землякі запыталіся ў мяне, чаму я ў сваёй кнізе не назваў імёны гэтых жанчын. Таму зараз я іх называю. Першую жанчыну звалі Надзя. Ад вяскоўцаў я пачуў жудасныя падрабязнасці. У Надзі не было чым задушыць сваю дачку. Яна звярнулася да жыхара нашай жа вёскі 17-гадовага Рыгора Салянкі, каб ён пазычыў ёй сваю дзягу. Рыгор адмовіўся браць грэх на сваю душу, дзягу не даў. Тут я ўпершыню даведаўся, што дачцэ Надзі было ўжо 6 гадкоў. Уся гэта падрыхтоўка к злачынству адбывалася ў яе прысутнасці, на яе вачах і яна добра разумела, што рыхтуе для яе ўласная мама. Дзяўчынка стала прасіць: «Мамулька, не забівай мяне, я больш не буду плакаць, буду вясці сябе ціха». Але вырак ужо вынесены, і партызаны падштурхоўваюць: «Давай, Надзя! Хутчэй канчай, Надзя!» Пра ўсё гэта Рыгор расказаў пасля блакады.

Дзве другія жанчыны — дзве родныя сястры, Вера і Валя Мікалайка. Іх дзеткам было па годзіку з паловай, таму іх маці здзейснілі свае злачынствы лёгка. Гэтыя тры выпадкі дзетазабойства красамоўна характарызуюць і партызан, якімі яны былі абаронцамі насельніцтва. У гэтых выпадках яны былі ініцыятарамі і саўдзельнікамі забойства дзяцей. Пасля вайны гэтых жанчын да адказнасці не прыцягнулі.