15. Стараста
Як я ўжо казаў, старастай нашай вёскі прызначылі самага сціплага, бяскрыўднага чалавека Кастуся Шульгата. Немцам спадабалася яго ўнушальная камплекцыя. У яго не хапіла смеласці і рашучасці, каб паспрабаваць адмовіцца ад пасады. Ды і хто б рызыкнуў спрачацца з акупантамі? Пасля гэтага ён рэдка выходзіў на вуліцу, каб менш сустракацца з людзьмі. Пасада прыгнятала яго. Можа, ён адчуваў нейкую віну перад людзьмі? Але ў чым тут была яго віна? На яго месцы мог апынуцца любы вясковец.
Стараста шмат турбот дастаўляў майму бацьку. Калі да старасты прыязджалі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі, каб вырашыць якое-небудзь пытанне, напрыклад, атрымаць справаздачу па падатках ці арганізаваць выдзяленне падвод для гаспадарчых работ, Кастусь Шульгат так хваляваўся, што нічога не мог патлумачыць. Тады адзін з яго сыноў бег да майго бацькі і той ішоў яго выручаць. Добра, што немцы хоць і выказвалі незадавальненне, але старасту не білі. Дый наведваліся яны да нас у вёску не часта.
Больш жахліва і складана было, калі наступала ноч. У хату старасты ўрываліся партызаны і пачыналі над ім здзекавацца. Яны збівалі яго прыкладамі, кулакамі, нагамі, называлі яго здраднікам, нямецкім прыслужнікам. Яго сыны, Леанід ці Мікалай, беглі па начной вуліцы да нас, грукалі ў дзверы і крычалі: «Дзядзька Піліп, тату партызаны забіваюць!» Дзядзька Піліп, гэта мой бацька, хутка апранаўся і бег ноччу ратаваць старасту ад партызан. Усю вайну з твара старасты не сыходзілі сінякі, гузакі, кровапацёкі. Па яго твары можна было даведацца, былі ноччу партызаны ці не. Ратуючы старасту, мой бацька падвяргаў небяспецы і сябе. Не аднойчы партызаны чапляліся і да яго. Але паступіць інакш ён не мог.
Калі нашу вёску вызваліла Чырвоная Армія, адразу прыехалі з Бягомля НКУСаўцы, каб арыштаваць старасту. І зноў мой бацька яго абараніў. Ен сказаў НКУСаўцам: «Тады бярыце і мяне, я ўсю акупацыю падтрымліваў старасту і дапамагаў яму». Больш Шульгата не чапалі, ён спакойна пражыў да глыбокай старасці. Калі я, ужо будучы дарослым, прыязджаў у сваю вёску на адпачынак, яго сыны, пры сустрэчы са мной, дзякавалі мне за добрыя, смелыя ўчынкі майго бацькі. З малодшым сынам Кастуся Леанідам мы былі аднагодкамі і сябравалі.