26. Вяртанне дадому
На наступны дзень пасля прыходу Чырвонай Арміі мы адправіліся ў сваю вёску. Ад Забар’я да Нябышына — гадзіна хадзьбы. Маёмасці ў нас амаль не было, усе рэчы мы наелі ў руках. Нам здавалася, што ў мінулым засталіся ўсе пакуты акупацыі, жыццё на балоце, партызанскае і паліцэйскае рабаўніцтва, голад, холад, хваробы, страты блізкіх людзей. Як жа мы памыляліся.
Мы падышлі да берага ракі Поні і ўбачылі роднае Нябышына. Яно было спалена да тла. Увосень 1943 года мы пакінулі вёску цэлай. У першую блакаду немцы спалілі 4 крайнія хаты, у тым ліку і нашу за тое, што з нашага двара партызаны адкрылі страляніну ў іх бок. Хто на гэты раз спаліў усю вёску, ці немцы, ці партызаны, невядома. Людзі нават спрачаліся, хто з іх здзейсніў тое злачынства. Вёска мела стратэгічнае значэнне для немцаў, ім было выгадна, каб яна заставалася цэлай. Пад прыкрыццём вёскі, яны маглі ўшчыльную наблізіцца да ракі Поні з боку Докшыц, пераправіцца на правы бераг і стварыць прамую пагрозу партызанам. Партызаны добра ведалі пра гэту небяспеку. Каб засцерагчыся, ім было выгадна спаліць вёску. Гэтым самым далягляд для іх пашыраўся да 2 км. Немцы ў гэтым выпадку ўжо не маглі падысці непрыкметна да ракі.
Нарэшце мы прыйшлі на сваё папялішча. Яно ўжо зарасло травой. Мы паставілі свае рэчы і самі прыселі на зямлю. Бацька сказаў: «Нічога, адбудуемся. Галоўнае — мы жывыя, хоць і не ўсе». Ен меў на ўвазе смерць Мікалая. Пра лёс Сяргея мы яшчэ нічога не ведалі. Гэта быў мой сярэдні брат. «Я паставіў перад сабой мэту — выжыць і вас зберагчы. І мы гэтага дасягнулі, — прадоўжыў свой маналог бацька. — Гэта большае геройства і мужнасць, чым абстраляць з засады нямецкую машыну ці забіць немца з-за вугла».
Потым, ужо будучы дарослым, калі я ўспамінаў гэтыя бацькоўскія словы, я пагаджаўся з імі. Мне, напрыклад, не зусім зразумела, для чаго было таму ж Аляксандру Матросаву закрываць амбразуру сваім целам. Каб падавіць агнявы пункт праціўніка, ёсць шмат іншых метадаў. Але самы каштоўны герой — гэта мёртвы герой. На яго прыкладзе палітработнікі выхоўвалі сотні, а можа, тысячы новых смяротнікаў з асяроддзя піянераў і камсамольцаў, учорашніх школьнікаў і студэнтаў. Дарэчы, такіх смяротнікаў, як Аляксандр Матросаў, і да яго і пасля яго было шмат, але не кожны з іх станавіўся героем — то прозвішча не падыходзіць, то не той нацыянальнасці, то не тая партыйная або класавая прыналежнасць.
Але вернемся да папялішча. Бацька азірнуўся наўкола, а потым бадзёра прамовіў: «Хопіць марнаваць час, пачынаем будаваць жыллё». Ён узяў у рукі сякеру і высек некалькі жардзін, лес быў побач. На гумне ў нас цудам уцалела капешка саломы. Да канца дня мы пабудавалі прасторны, утульны шалаш. Вечарам да нас завітаў мой стрыечны брат Міша Стульбёнак. Калі быць дакладней — Міша Ананій, Стульбёнак — гэта вясковая мянушка, яе паходжанне мне невядома. Мішу мы з ахвотай прынялі ў свой шалаш, месца хапіла ўсім. Ён прыйшоў да нас з непустымі рукамі. На правым плячы ў яго вісеў нямецкі карабін, а на левым — вялікая торба з патронамі. Той карабін нас здорава выручаў, Міша вельмі хутка стаў трапным стралком. Ён страляў птушак, забіваў зайцоў і нават пры дапамозе стрэлаў глушыў рыбу. Я збіраў шчаўе ці свірэпу, і з усяго гэтага мама варыла вельмі смачную ежу. Міша і мяне навучыў, як абыходзіцца са зброяй і метка страляць. Дарэчы, Мішу ў той час было 14–15 гадоў.
На наступны дзень да нашага шалаша прыехала раённае начальства з Бягомля. Чыны загадалі майму бацьку: «Прыступай да працы, падымай калгас, цябе ад пасады старшыні калгаса ніхто не адхіляў». Як мне помніцца, размаўлялі злосна, у адказ нічога не далі сказаць. Але як калгас падымаць? Няма ні мужчын, ні коней, ні інвентару, ні насення. Замест хат і гаспадарчых будынкаў засталіся адны папялішчы. Як толькі чыноўнікі з’ехалі, адразу да нас прыбег мой сябра Лёня, сын старасты Кастуся Шульгата, і разгублена звярнуўся да майго бацькі: «Дзядзька Піліп, прыехалі НКУСаўцы забіраць нашага тату». Мой бацька пабег яго ратаваць. Пра гэта я ўжо вышэй пісаў.
У той жа дзень мой бацька сабраў людзей, каб параіцца з імі, што рабіць далей, як падымаць калгас. Я быў разам з ім. На вуліцы ляжала тоўстае бервяно, і людзі садзіліся на яго. Каму не хапіла месца, сядзелі на траве. Тут былі старыя людзі, калекі. З тых, каго я запомніў, сярод іх былі Нікіфар, дзядзька Лаўрэн, Салянка Цімафей, Пётра і Міша Кузьмічы, Сідар і Змітрок Маскалейчыкі, Мікіта, Косця Паўловіч, дзед Барыс, Бычок Мікалай, Спічонак Іллюк, Ляўко Аляксей, Іллюк Нямы. Ён на самой справе быў нямы, таму ў яго і была такая мянушка. Як яго разумелі людзі і як ён іх разумеў—не ведаю. Працаваў ён нараўне з усімі. У яго была вельмі прыемная жонка, у іх нарадзіліся нармальныя дзеці. Быў тут яшчэ Бікмулін, яго імя не памятаю. Усе яго звалі — Куба, але гэта хутчэй за ўсё — мянушка. З яго сынам, Наілём, я вучыўся ў школе ў адным класе. Гэта была адзіная ў вёсцы татарская сям’я, якая пражывала тут спрадвеку. Прыйшло сюды шмат жанчын. Мой бацька расказаў людзям пра візіт раённага начальства. Выслухаўшы яго, людзі абурыліся. Дзядзька Лаўрэн сказаў: «Піліп, няўжо зноў у нас будзе гэты ненавісны калгас, зноў галеча? Мы нават пры немцах жылі лепш, пакуль не з’явілася гэта партызанская нечысць». Усе разам загаманілі. Гэтыя жорсткія словы вырашылі лёс майго бацькі.