36. Нам будуюць хату
Да Бягомля набралася цэлая група дзяцей. Нас падабрала папутная грузавая машына маркі «ЗИС-21». Яна прыпынілася, каб дазаправіцца. Дазапраўка — гэта шафёр проста закідваў бярозавыя цуркі ў газагенератар. Пасля вайны на Бягомльшчыне было шмат аўтамашын з рухавікамі, якія працавалі не на бензіне, а на драўнінных цурках. Знешне такія грузавікі выглядалі як і «ЗИС-5». Ад Бягомля да Нябышына я дабіраўся пешшу. Дома мяне чакала прыемная навіна — нам пачалі будаваць хату. А справа пачалася наступным чынам. Яшчэ ў кастрычніку 1944 года ў нашу вёску прыбыў з Мінска ўпаўнаважаны, каб пракантраляваць, як ідуць справы ў калгасе. Тут нічога дзіўнага няма. Такія ўпаўнаважаныя наязджалі і да вайны кантраляваць сяўбу, жніво, малацьбу і асабліва нарыхтоўку збожжа для дзяржавы. Збожжа адразу паля арфавання насыпалі ў мяхі і на падводах вязлі ў Бягомль у «закрома Родины». Але так здарылася, што на гэты раз упаўнаважаным быў мой стрыечны брат Аляксандр Венядзіктавіч Капылоў. Яго бацька і мой — родныя браты. Аляксандр быў старэйшы за мяне на 25 гадоў. Ён быў на фронце з першага дня вайны, атрымаў званне маёра, быў паранены і ў 1944 годзе звольнены з арміі. Аляксандр зазірнуў у зямлянку, дзе мы жылі. Нас там было, як селядцоў у бочцы. Ён паразмаўляў з маёй мамай, паабяцаў дапамагчы і адбыў у Бягомль. Што адбылося ў Бягомлі, Аляксандр мне расказаў амаль праз 40 гадоў, пры нашай сустрэчы ў 1983 годзе пасля майго выхада на пенсію. Я вярнуўся ў Мінск на пастаяннае месцапражыванне, і пасля ўладкавання наведаў брата.
Пабываўшы ў нас у зямлянцы і ўбачыўшы наша жабрацкае становішча, ён сустрэўся з 1-м сакратаром райкама партыі Манковічам — з тым самым, які адправіў майго бацьку на фронт. А потым, будучы камісарам брыгады «Жалязняк», натхняў партызан на тэрор супраць мірнага насельніцтва і сам удзельнічаў у такіх аперацыях. Пасля вызвалення раёна Чырвонай Арміяй ён зноў заняў пасаду 1-га сакратара райкама Бягомльскага раёна. Але мой стрыечны брат Аляксандр такіх падрабязнасцяў не ведаў. Пры сустрэчы з Манковічам ён сказаў: «Як вам не сорамна, сям’я франтавіка, нязменнага даваеннага старшыні калгаса жыве ў нязносных умовах. Трэба ім дапамагчы. Кіраўніцтва вобласці будзе трымаць гэта пытанне на кантролі».
Яго папярэджанне спрацавала. Улады раёна знайшлі дзесьці стары хлеў, разабралі яго і перавезлі на наша гумно. У нас з’явілася надзея, што хутка ў нас будзе свая хата. Будаўніцтва хоць і марудна, але рухалася. Талакой склалі зруб. Да восеньскіх дажджоў паставілі страху. Важным атрыбутам хаты з’яўляецца печ. Пра печ у мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны з дзяцінства. Прыйдзеш з вуліцы, з марозу, і адразу туды, яна заўсёды была цёплая, утульная.
Для яе пабудовы патрэбна цэгла. Яе мы навучыліся вырабляць самі. Побач з вёскай ёсць залежы гліны. Яе мы здабывалі ўручную, добра размешвалі, фармавалі і гатовую цэглу раскладвалі на спецыяльны насціл для прасушкі. Але для такіх элементаў печы, як под і скляпенне (неба), патрэбна была вогнетрывалая цэгла. Рабіць яе мы не ўмелі. Мы з мамай узялі ручную цялежку і пайшлі ў Вітунічы. Там на папялішчы спаленай школы набралі такой цэглы і пацягнулі яе дадому. Ад Вітуніч да Нябышына 2 км. Праз кожныя 100–200 м. мы прыпыняліся, каб адпачыць. Мы выбіваліся з сіл. Нарэшце мы дабраліся да моста цераз Поню. І тут нам не пашанцавала. Якраз на сярэдзіне моста нам сустрэўся старшыня сельсавета Спірыдон Барздыка, той самы Барздыка, які быў камісарам 1-га атрада партызанскай брыгады «Жалязняк». Ураджэнец свярдлоўскай вобласці, рускі, адукацыя пачатковая, але камуніст. Дома яго чакала жонка, сям’я, але ў Беларусі яму было лепш, чым на Урале.
Калі гэтыя мае ўспаміны друкаваліся ў газеце «Народная воля», мне патэлефанаваў адзін чытач газеты, ураджэнец вёскі Гняздзілава. Ён памятае партызанскага камісара Спірыдона Барздыку і расказаў мне, што той прыкмеціў з гэтай вёскі маладую адзінокую жанчыну і зрабіў яе сваёй сужыцелькай. Трэба адзначыць, што Барздыка з твару выглядаў непрыемна, нават брыдка. Але яна не магла адмовіцца ад такой прапановы — гэта ж партызанскі камісар, ідзе вайна. Невядома, чым бы ўсё закончылася, калі б яна стала супраціўляцца. Барздыка асеў у нашай мясцовасці на нашу бяду. Савецкай уладзе патрэбны былі надзейныя кадры на ўсіх кіруючых пасадах. Сярод мясцовых беларусаў такіх не адшукалася, усе, хто жыў ва ўмовах акупацыі, траплялі пад падазрэнне, ім не было даверу.
Параўняўшыся з намі, Барздыка спыніў сваю брычку. Ён ездзіў, як пан, на брычцы, і стаў крычаць на нас, што мы раскрадальнікі дзяржаўнай маёмасці, што нас чакае Калыма. Ён адабраў у нас цялежку з цэглай і спіхнуў яе з моста на самае глыброкае месца ракі Поні. Пасля гэтага ён нас адпусціў. Мы ішлі дадому з пустымі рукамі. Было крыўдна. Мама плакала, а мне хацелася яму адпомсціць. Я нават уявіў сабе, як кідаюся на яго з кулакамі. Потым мой брат Андрэй нейкім чынам дастаў цялежку з дна ракі.
Наступіла першае верасня 1945 года. У другі клас я пайшоў з хаты дзядзькі Лаўрэна.