2. Міты пра партызанскі рух у Беларусі

Пра партызан, пра партызанскі рух складзена, прыдумана шмат мітаў. Тыя міты прыдумалі самі ж партызанскія начальнікі і камісары. Потым гэтыя міты падхапілі, выказваючыся сённяшнім жаргонам, «чэсныя» журналісты і прыдворныя пісьменнікі.

Міт першы, быццам бы партызаны нанеслі немцам велізарны ўрон. Насамрэч, калі страты і былі нанесены, дык хутчэй за ўсё не немцам, а мірнаму насельніцтву. Я ўжо прыпамінаў мост цераз раку Поню. А такіх жа мастоў і масткоў у Беларусі была не адна тысяча. Разбуры кладкі цераз ручай і адсылай наверх данясенне, што знішчаны яшчэ адзін стратэгічны аб’ект. Прачытаў неяк мемуары камбрыга Ціткова «Брыгада „Жалязняк“». З іх я даведаўся, што партызаны ў маёй роднай вёсцы двойчы разграмілі нямецкі гарнізон. Але ж у вёсцы Нябышына за ўсю вайну ніколі не было нямецкага гарнізона. Немцы ў нас не прыпыняліся нават на некалькі гадзін. Як можна двойчы разграміць тое, чаго ўвогуле не існавала. Часова ў нас размяшчаліся «радзіёнаўцы», але супраць іх партызаны нават пікнуць баяліся.

Міт другі, быццам бы партызаны абаранялі насельніцтва ад немцаў. На маю думку, гэта хлусня. Калі немцы і паліцаі забівалі людзей у вёсках ІІІуняўка, Вітушцы, Нябышына, партызаны спакойна назіралі са сваіх сховішчаў, як праходзіць працэс. Яны пальцам аб палец не ўдарылі, каб абараніць людзей. Ніхто з іх не праявіў геройства і самаахвярнасці, не выступіў са зброяй у абарону вёсак і іх насельніцтва. А ведалі ж, што вось-вось адбудзецца трагедыя, інфармаваныя былі раней за немцаў. Ды і задачы такой — абараняць насельніцтва — перад імі ніхто не ставіў. На маю думку, самай надзейнай абаронай мясцовага насельніцтва ад акупантаў было б тое, каб партызан увогуле не было. Яны сваёй прысутнасцю стваралі небяспечныя ўмовы для існавання акупаваных вёсак і жыцця іх жыхароў і, магчыма, стваралі іх свядома і наўмысна. Калі гэта так, то партызан можна лічыць саўдзельнікамі ў злачынствах. Але самі яны спраўна складалі акты і пратаколы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў і адпраўлялі іх у Маскву. Аб гэтым больш падрабязна я скажу ніжэй.

Міт трэці, быццам бы партызанскі рух у Беларусі быў масавым, усенародным. І тут, мякка кажучы, да праўды вельмі далёка. Раблю такую выснову з прыкладу сваёй вёскі. Як гэтыя масавасць і ўсенароднасць забяспечваліся, аб гэтым таксама скажу.

Першы этап партызанскага руху

На мой погляд, ён ахоплівае перыяд з чэрвеня 1941 года па снежань 1942 года. За гэты час з нашай вёскі ніводзін чалавек не пайшоў у партызаны. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя паступіла прадбачліва, дазволіла сялянам трымаць паўнавартасную гаспадарку. Вёска добра памятала здзекі савецкай улады, калі людзей сілком заганялі ў калгасы, раскулачвалі, арыштоўвалі, высылалі на поўнач, у Сібір і Казахстан. Наша вёска звычайная, такая ж, як і большасць вёсак Усходняй Беларусі. Першым партызанам з нашай вёскі стаў паліцай, адзіны паліцай — наш аднавясковец. Я не ведаю, што падштурхнула гэтага 18-гадовага хлопца стаць паліцаем. Можа, права мець у сваіх руках зброю? Але ж тую зброю ён ні разу не прымяніў. Ён блытаўся па вуліцы з вінтоўкай на плячы, як непрыкаяны, ніхто на яго не звяртаў увагі. Часам ён заходзіў да каго-небудзь у хату, у тым ліку і да нас. Ён не пытаўся ў гаспадароў дазволу, каб увайсці, не вітаўся, садзіўся на лаву, прысланяў да сцяны вінтоўку і сядзеў моўчкі. Гэта магло працягвацца 1–2 гадзіны. Аб чым ён думаў, што ў яго было на душы, сказаць цяжка. Як толькі здарылася магчымасць, ён са зброяй, якую яму ўручылі немцы, падаўся да партызан. Але партызаны не ацанілі яго «патрыятычны» ўчынак, хутка яго знайшлі забітым у патыліцу. Першыя так званыя партызаны былі чужынцамі на нашай тэрыторыі. Яны маглі існаваць толькі за кошт рабаўніцтва мясцовага насельніцтва. А мясцовы жыхар, якім быў наш аднавясковец-паліцай, мог замінаць ім рабаваць, мог быць сведкай іх злачынстваў, таму яго і забілі.

Першыя партызаны, якімі былі брадзячыя групы адстаўшых ад фронту чырвонаармейцаў, не былі арганізацыйна аб’яднаны і таму надвор’я не стваралі. Як я ўжо казаў, яны па начах рабавалі і мардавалі насельніцтва, а сустрэч з немцамі пазбягалі. Яны мелі нейкую стралковую зброю, але боепрыпасаў у іх не хапала. Акрамя чырвонаармейцаў у лясах хаваліся партыйныя функцыянеры і чыноўнікі раённага маштабу. Па дадзеных мемуараў Станіслава Ваўпшасава і камбрыга брыгады «Жалязняк» Ціткова на канец 1942 года (заўважце, што вайна ўжо працягваецца цэлых паўтара года) у лясах Бягомльскага раёна хавалася некалькі груп такіх вось псеўдапартызан агульнай колькасцю ўсяго толькі 122 чалавекі. Магчыма, такі ж самы малюнак назіраўся і ў іншых раёнах Беларусі. Надзеі Крамля на ўсенародны супраціў ворагу на акупаванай тэрыторыі не спраўдзіўся.

Каб высветліць, якое становішча склалася на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі і Украіны, пад Масквой сталі тэрмінова фарміраваць «Асобую мотастралковую брыгаду асобага назначэння НКУС СССР». Як бачыце, назва вельмі ўнушальная. Брыгада складалася з некалькіх батальёнаў. Там рыхтаваліся высакакласныя спецыялісты шырокага профілю. Пасля падрыхтоўкі фарміраваліся групы па 30–40 чалавек і перапраўляліся на акупаваную немцамі тэрыторыю. Групы добра экіпіраваны ўсім неабходным, былі добра ўзброены. У іх склад уваходзіла па некалькі чалавек, падрыхтаваных на пасады камандзіраў партызанскіх атрадаў. Кожная група мела свой маршрут і замацаваную за ёй тэрыторыю ў тыле немцаў. Задачы груп: пашырэнне партызанскага руху, разведка, дыверсіі, іншыя асобыя задачы — расправа над тымі, хто працаўладкаваўся ў немцаў, каб неяк пракарміць свае сем’і. А гэта былі лекары, настаўнікі, артысты, журналісты, інжынерна-тэхнічныя спецыялісты, чыгуначнікі, дробныя служачыя і іншыя.

Адной з такіх груп з неабмежаванымі паўнамоцтвамі кіраваў НКУСавец Ваўпшасов. Яны шукалі дробныя бадзяжныя групы чырвонаармейцаў, каб аб’яднаць іх у партызанскія атрады. У выпадку непадпарадкавання — расстрэл на месцы. Па начах група Ваўпшасава наводзіла жах на мірнае насельніцтва ў вёсках, карала «здраднікаў». Але колькасць партызан ад гэтага не павялічвалася, а наадварот, узрасла нянавісць да іх.

Сам Ваўпшасаў — гэта мацёры тэрарыст. Чаму менавіта яго накіравалі на тэрыторыю Беларусі? У даваенныя часы ён служыў тут у НКУСаўскіх часцях і добра ведаў мясцовасць. У сваю чаргу ён падбіраў людзей такіх жа, як і сам, НКУСаўцаў-тэрарыстаў з ліку камуністаў і камсамольцаў. Галоўным патрабаваннем к складу групы, акрамя фізічнай і прафесійнай падрыхтоўкі, было — воля і гатоўнасць забіваць, падрываць, падпальваць. Група Ваўпшасава перайшла лінію фронту ў сакавіку 1942 года.

Дарэчы, тут варта прыпомніць яшчэ аднаго савецкага тэрарыста — Кірыла Арлоўскага, ураджэнца вёскі Мышковічы Магілёўскай вобласці. Ён, пачынаючы з 1918 года, прайшоў усе ўніверсітэты тэрора: ЧК, ВЧК, ОГПУ, НКВД… Лічу вялікай памылкай, што гэтыя словы, жудасныя словы, перакладаюцца на беларускую мову. Ад перакладу яны губляюць свой злавесны сэнс. НКВД, КГБ… — гэтыя словы гучаць аднолькава на ўсіх мовах свету і наводзяць жах. Кірыл Арлоўскі — гэта высокапрафесійны тэрарыст, мацёры, халаднакроўны забойца. З 1920 года па 1925 год ён «партызаніў» на тэрыторыі Польшчы ў Заходняй Беларусі: узрываў масты, захопліваў чыгуначныя станцыі, мястэчкі, памешчыцкія сядзібы, спыняў пасажырскія цягнікі. І ўсё гэта суправаждалася забойствамі людзей.

Каб чытачы не палічылі, што я безпадстаўна абгаварыў двойчы героя — Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы, старшыню перадавога калгаса «Рассвет» Магілёўскай вобласці Кірыла Арлоўскага, прывяду вытрымку з яго аўтабіяграфіі, якую ён напісаў уласнаручна 10 лютага 1941 года:

«За один только 1924 год по моей инициативе и лично мной было убито больше 100 человек жандармов и помещиков».

Але ж у 1924 годзе СССР і Польшча паміж сабой не ваявалі, у 1921 годзе была падпісана рыжская мірная дамова. Можа НКВД (НКУС) і Арлоўскі пра гэта не ведалі?

Як прафесіянала, у студзені 1937 года Арлоўскага накіравалі ў Іспанію, каб дапамагчы іспанцам у братазабойчай вайне. Якой была тая «дапамога», ён шчыра выклаў у сваім данясенні Цэнтру ад 23 ліпеня 1937 года. Гэта падрывы таварных і пасажырскіх цягнікоў, аўтамашын, пабудоў, электраліній і шмат чаго іншага. І ўсё гэта суправаджалася забойствам людзей. Вось вельмі цікавая вытрымка з «данясення»:

«Ночью, вернее в 10 часов вечера, 11 июня 1937 года мною взорван пассажирский поезд… Упомянутый взрыв не дал значительного разрушения и жертв… В это время я с группой находился в 300 метрах от поезда в лесу, я … настаивал быстро пойти к поезду и перебить хотя бы командный состав противника, но большинство испанцев в группе относится к фашистам, от которых партизанам, в частности мне с группой, на каждом километре приходилось получать поддержку».

(«Народная газета» 25–27.02.1995 г.)

Шаноўныя чытачы, вы што-небудзь зразумелі? Арлоўскі ў Іспаніі «змагаўся» супраць фашыстаў, у склад яго групы ўваходзілі фашысты і на кожным кіламетры ён атрымліваў падтрымку ад фашыстаў. Тут напрошваецца выснова, можа, Арлоўскаму і была пастаўлена задача змагацца не з фашыстамі, а на іх баку супраць таго крыла рэспубліканцаў, якое не пажадала гуляць пад дудку СССР і вяло незалежную палітыку?

6 ліпеня 1944 года Арлоўскі напісаў заяву Сталіну. Вось фрагмент е той заявы:

«…с 1918 по 1943 год мне посчастливилось 8 лет работать в тылу врагов СССР в качестве командира партизанских отрядов и диверсионных групп, нелегально переходить линию фронта и государственную границу свыше 70 раз, выполнять правительственные задания, убивать сотни отъявленных врагов Советского Союза как в военное, так и в мирное время…»

У траўні 1942 года Арлоўскага на чале разведвальна-дыверсійнай групы перакінулі за лінію фронту на тэрыторыю Баранавіцкай вобласці. На працягу 1942 года дзесяткі такіх вось разведвальных, дыверсійных, тэрарыстычных груп, атрадаў было закінута на тэрыторыю Беларусі. Зразумела, што партызанамі іх назваць нельга. Вось так я характарызую Першы этап партызанскага руху.

Другі этап партызанскага руху

Ён ахоплівае перыяд са студзеня 1943 года па ліпень 1944 года. Кіраўнікі Крамля зразумелі, патрэбна іншая, больш жорсткая тактыка. Каб выгнаць насельніцтва са сваіх хат, са сваіх вёсак і загнаць у лес да партызан, трэба было ўжыць больш дзейсныя рэпрэсіўныя меры. Як на злосць, немцы не надта зверствавалі, для іх было значна важней, каб сяляне працавалі, спраўна плацілі падаткі. Велізарнае войска трэба было карміць. Я абапіраюся на прыклады з жыцця маёй вёскі ва ўмовах акупацыі.

Крамлю не пашанцавала і з гаўляйтарам Беларусі. Кубэ быў мяккі, наколькі такое магчыма ў ваенны час, ліберальны інтэлігент. Ён шляўся па тэатрах і музеях, якія былі адноўлены ў Мінску, дзякуючы яго асабістым намаганням. Ён быў пісьменнікам, драматургам, аўтарам п’ес, якія ставіліся не толькі на падмостках мінскіх тэатраў, але і ў шмат якіх краінах Еўропы. Кубэ быў няздатны. Нават вырашэнне габрэйскага пытання ён некалькі разоў адкладваў, марудзіў час. Крэмль абураўся і было чаго. Атрымлівалася, што заслоны НКВД (НКУС) дарэмна кулямётнымі чэргамі вярталі натоўпы габрэяў назад у Мінск, не дазволіўшы ім эвакуіравацца, асудзілі іх на немінучую гібель. Што ўсё адбывалася менавіта так, прывяду прыклад. 26.09.2004 года на расейскім тэлеканале ТВЦ была паказана тэлеперадача «Вокзал Победы. Последний из гетто». У перадачы прагучаў расказ габрэйкі, якая да вайны і ў часы акупацыі пражывала на тэрыторыі Беларусі, а зараз пражывае ў Расіі:

«На второй день войны мы хотели эвакуироваться, но все дороги с Беларуси на восток были перекрыты отрядами НКВД. При попытке пройти или проехать заградительные отряды НКВД открывали стрельбу. НКВД нас вернул в руки немцев».

Дзеяннямі Кубэ былі незадаволены і ў Берліне. Не ў першы раз у двух дыктатараў, у Сталіна і Гітлера, супалі думкі, мэты, намеры. Кубэ пара адхіляць ад пасады, а самы лёгкі спосаб для гэтага — проста яго знішчыць. Супраць Кубэ была дэталёва падрыхтавана і здзейснена тэрарыстычная, на маю ўласную думку, сумесная аперацыя гестапа і НКВД (НКУС). Наіўна лічыць, што ў рэзідэнцыю Кубэ можна было пранесці выбуховае прыстасаванне без маўклівай згоды гестапа. Забойства Кубэ адмоўна і трагічна адбілася на лёсе беларусаў. На яго месца прыйшоў генерал СС Курт Готберг, які задавальняў і Маскву і Берлін.

Калі немцы не чыняць рэпрэсіі і злачынствы на акупаванай Беларусі або чыняць іх не ў тых маштабах, як хацелася б Маскве, іх (немцаў) трэба к гэтаму прымусіць, справакаваць. Пачалася падрыхтоўка да другога этапа. Каб планаваць рэпрэсіўныя аперацыі супраць насельніцтва, патрэбны быў планавы орган. Крэмль 30.05.1942 года стварыў Цэнтральны Штаб партызанскага руху на чале з Першым Сакратаром ЦК кампартыі Беларусі Панамарэнкам, ураджэнцам Краснадарскага краю, па нацыянальнасці ўкраінцам.

Звяртаю ўвагу чытачоў на тое, што Штаб быў створаны не ў чэрвені 1941 года, калі пачалася вайна, а амаль праз год, калі спадзяванні Крамля, што ўсенародны партызанскі рух пачнецца сам сабой, правалілйся. Штаб распачаў падрыхтоўку непасрэдных выканаўцаў злавесных планаў Крамля. І для майго Бягомльскага раёна былі сфарміраваны партызанскія атрады. Іх фарміраванне пачалося ў ліпені 1942 года, на тэрыторыях Кіраўскай, Маскоўскай і Тульскай абласцей. Гэта быў касцяк будучай партызанскай брыгады «Жалязняк». Штаб брыгады фарміраваўся ў падмаскоўнай Барвісе. Камандзірам брыгады быў прызначаны камандзір сапёрнага батальёна маёр Ціткоў, туляк. Потым усе гэтыя фарміраванні, так званыя партызанскія атрады, а на самай справе паўнавартасныя добраўзброеныя армейскія падраздзяленні, пераправілі праз лінію фронту на тэрыторыю акупаванай Беларусі. Да месца свайго базіравання ў Бягомльскіх лясах атрады паступова прыбылі ў канцы кастрычніка 1942 года. Да канца года ішло ўладкаванне іх баз сталага знаходжання.

Пачатак 1943 года — гэта пачатак «актыўных» дзеянняў партызан. Але супраць каго іх дзеянні былі накіраваны? Дастаткова і неглыбокага аналізу, каб высветліць, якія задачы стаялі перад партызанамі. Ды яны і самі не надта гэта хавалі. А задачы, на маю думку, наступныя:

1. Барацьба супраць партызан Арміі Краёвай, у складзе якой былі як палякі, так і беларусы.

2. Расправа з той часткай насельніцтва, якая «супрацоўнічала» з немцамі (уладкавалася на працу, каб пракарміць сям’ю) ці ставілася да іх лаяльна.

3. Арганізацыя правакацый, каб падштурхнуць немцаў на правядзенне рэпрэсій супраць мірнага насельніцтва.

4. Пры дапамозе рэпрэсій з боку немцаў і сваіх уласных прымусіць насельніцтва Беларусі пакінуць сваё жыллё і падацца ў лясы, гэтым самым папоўніць шэрагі партызан.

5. Пераключыць увагу сусветнай супольнасці са злачынстваў савецкага камуністычнага рэжыму супраць свайго насельніцтва на злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў (Хатынь супраць Катыні).

6. Схаваны працяг генацыду супраць беларускага народа з боку маскоўскага рэжыму.

Партызаны Арміі Краёвай змагаліся супраць немцаў па-сапраўднаму, яны не займаліся імітацыяй. Таму немцы спрыялі прамаскоўскім партызанам у іх барацьбе з АК. Яны прапускалі іх на захад праз свае гарнізоны без адзінага выстрала. Так узгаданыя мной партызанскія атрады Мядзведзева і Шляхтунова без перашкод былі прапушчаны ў Заходнюю Беларусь праз мястэчка Докшыцы, дзе знаходзіўся моцны нямецкі гарнізон.

Тады мы гэта ўспрымалі, як геройскі ўчынак партызан. Мы і не здагадваліся, што гэта была змова, што тут адбылося супадзенне інтарэсаў Масквы і Берліна. Для Крамля партызаны Арміі Краёвай у Беларусі былі больш небяспечнымі ворагамі, чым пямецка-фашысцкія захопнікі. Крэмль, ачуняўшы ад 1941 года, ужо планаваў, якой будзе Еўропа, якой будзе Польшча пасля вайны. Партызаны Арміі Краёвай маглі заблытаць усе планы.

Колькі «здраднікаў» забілі партызаны, магчыма, такая лічба дзесьці ў архівах існуе, але яна для даследчыкаў хутчэй за ўсё недаступна. Вось што піша Марк Картушка ў сваёй кнізе «Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941–1944 гг.»:

«На падставе сваіх, звычайна дакладных, звестак яны (партызаны. — І. К.) знішчылі шмат якіх прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі, часта разам з іх сем’ямі».

Адчыняць такія архівы было нявыгадна, таму што пасля вайны да ўлады ў Беларусі прыйшлі тыя ж самыя партызанскія начальнікі, якія выконвалі і самі аддавалі злачынныя загады. Яны ж не маглі «ачэрняць» саміх сябе. Яны толькі і маглі складаць самі пра сябе «гераічныя» міты. Такое ж самае становішча існуе і зараз. Выхаванне моладзі ў духу патрыятызму, вывучэнне ў школах і ВНУ гісторыі Другой сусваетнай вайны і ў наш час працягваецца ўсё па тым жа хлуслівым мітам.

Як жа вырашаліся савецкай уладай і партызанамі іншыя важныя задачы (арганізацыя правакацый, рэпрэсіі, генацыд)?

Я прыпамінаю размовы, якія вёў мой бацька са старастам Кастусём Шульгатам ды іншымі вяскоўцамі. Гэтыя мудрыя мужыкі вельмі хутка зразумелі, што партызаны — такія ж самыя ворагі, як і немцы, а часам яшчэ больш небяспечныя. Але што гэтыя вясковыя бяззбройныя мужыкі маглі змяніць? Партызанам не запярэчыш, у іх размова кароткая — паставяць да сцяны і заб’юць. Таму вяскоўцы самі вырашалі праблему, як выжыць у гэтай бойні і выратаваць свае сем’і.

На падставе разважанняў майго бацькі і нават неглыбокага аналізу дзеянняў партызан, можна зрабіць выснову, што, каб стварыць на акупаванай Беларусі партызанскі рух, магчыма, быў распрацаваны план — вельмі просты, накіраваны супраць насельніцтва, бечалавечны. Галоўнае — трэба было справакаваць немцаў на пачатак рэпрэсій. Такі план мог быць распрацаваны ў Цэнтральным штабе партызанскага руху па загаду з Крамля. Хутчэй за ўсё, спачатку быў акрэслены і складзены спіс вёсак, якія падлягалі знішчэнню. Вёскі гарэлі не ўсе падрад, не хаатычна. Яны былі раўнамерна размеркаваны па ўсёй тэрыторыі акупаванай Беларусі, каб чуткі пра зверствы немцаў, якія хутка пачнуцца, імгненна распаўсюджваліся ва ўсе куткі рэспублікі. Трэба было як мага мацней напалохаць насельніцтва.

Як гэта адбывалася? Побач з вёскамі, якім партызаны вынеслі прысуд, у начны час ладзіліся засады. Перад засадай партызаны пераапраналіся ў вясковае адзенне. Потым пачыналася доўгае чаканне прыдатнай для абстрэлу целі — адзіночная машына, матацыкл, малаколькасная група салдат. Самы зручны час для абстрэлу — гэта 4–5 гадзін раніцы, калі вёска спіць моцным сном. Калі на дарозе з’яўлялася доўгачаканая цэль, партызаны наўгад кідалі гранату, давалі ў белы свет аўтаматную чаргу, а потым на вачах у немцаў уцякалі ў бок вёскі, дзе іх след знікаў. Немцы былі ўпэўнены, што засада — справа рук вяскоўцаў. Хутка к немцам прыбывала выкліканая падмога. Яны ачаплялі вёску, якая спала, і знішчалі яе разам з жыхарамі. Менавіта такога выніку партызаны і чакалі. Немцы, як шчупакі, праглынулі прынаду, закінутую крамлёўскай вудай. Аднак я не магу сцвярджаць, што немцы нічога не разумелі. Магчыма, яны проста прынялі правілы гульні, прапанаваныя Крамлём. А мы, бездапаможнае, безабароннае насельніцтва, апынуліся пасярэдзіне, як між молатам і кавадлам.

Калі прасачыць, калі загінулі вёскі, якія пакояцца на тэрыторыі мемарыяла Хатынь, то можна ўбачыць, што іх знішчэнне пачалося з 1943 года, што супадае па часе з перакідкай прамаскоўскіх партызан на тэрыторыю Беларусі. Не сакрэт, што амаль усе вёскі знішчаліся па адным і тым жа сцэнарыі, пра які я расказваў вышэй. Дэталі ўдакладняліся на месцах. Немцам даставалася завяршаючая крывавая фаза сцэнарыю. Але часцяком і яны даручалі гэту справу паліцаям.

Можна прыйсці да высновы, што за знішчэнне беларускага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны нясуць адказнасць як немцы, так і партызаны, як Нямеччына, так і СССР. Чыя віна большая, чыя меншая, судзіце самі. Людзі былі вымушаны кідаць свае хаты, сваю маёмасць і ўцякаць у лясы, каб не быць зажыва спаленымі ў сваіх хатах. Значная частка мужчын прымкнула да партызан. У Крамлі ад гэтага паціралі рукі — масавасць партызанскага руху ў Беларусі нарэшце дасягнута. Якім коштам — іх не цікавіла.

Колькасць злачынстваў, здзейсненых немцамі па сцэнарыю партызанскага кіраўніцтва, з 1943 года стала рэзка ўзрастаць. Нарэшце наступіў пералом, якога так доўга чакаў Крэмль. З’явілася магчымасць паднімаць на ўвесь свет лямант пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія распачаліся на самай справе. Гэтым самым злачынствы савецкага рэжыму супраць уласнага народа адышлі на задні план. Сусветная супольнасць пераключыла сваю ўвагу з Катынскай трагедыі на трагедыю Хатыні.

Савецкая ўлада з самага пачатку вайны рыхтавалася выяўляць злачынствы нямецкіх акупантаў на савецкай тэрыторыі. Так, яшчэ 06.01.1942 года Савецкі ўрад заявіў, што савецкія органы вядуць падрабязны ўлік злачынстваў гітлераўскай арміі. Але злачынствы фашыстаў не былі масавымі. І толькі праз 10 месяцаў пасля гэтай заявы і праз 1 год 4 месяцы ад пачатку вайны, калі цераз лінію фронту былі перакінуты «партызанскія атрады» — падбухторшчыкі, а часам і выканаўцы злачынстваў, 2 лйстапада 1942 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была заснавана «Надзвычайная дзяржкамісія па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў». Членамі камісіі і сталі камісары і палітрукі партызанскіх атрадаў. Яны складалі пратаколы ці акты, вялі падлік нямецкіх злачынстваў. Весці той падлік цяжкасцяў не было, бо партызаны загадзя ведалі пра плануемыя фашыстамі злачынствы, самі ж іх і планавалі. У Надзвычайную дзяржкамісію на разгляд паступіла 304 тысячы пратаколаў і актаў аб нямецкіх злачынствах на акупаванай тэрыторыі.

Пад шумок была спроба спісаць на немцаў і злачынствы НКУС — расстрэлы ў першыя дні вайны зняволеных савецкіх турмаў. Так, 25 чэрвеня 1941 года каля вёскі Трасцянец НКУСаўцамі было забіта каля 2 тысяч вязняў мінскай турмы. 26–28 чэрвеня 1941 года ва ўрочышчы Цагельня каля г. п. Чэрвень НКУСаўцы расстралялі 2 тысячы палітвязняў з мінскай і іншых турмаў. У ліпені 1941 года, адступаючы з Віцебска, НКУСаўцы аблілі бензінам турму і спалілі яе разам з палітвязнямі. Гэтыя звесткі ўзяты з кнігі Сымона Струменнага «Страты Беларусі…». Напрыканцы 80-х і ў пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя Савецкая, а зараз і сённяшняя ўлады і КДБ імкнуліся «навесіць» на немцаў і Курапаты, шукалі там нямецкі след. Але рабіць гэта было бессэнсоўна. Калі на кожнае злачынства немцаў у самай глухой вёсцы партызанамі тут жа складаўся пратакол, то схаваць масавыя расстрэлы ў наваколлі Мінска было б проста немагчыма. Падпольшчыкі, калі яны існавалі, абавязкова склалі б такі пратакол. Можна працягваць гэту тэму бясконца.

Я гут нічога не згушчаю і ні ў якім разе не апраўдваю немцаў. Але пра нямецкія злачынствы напісана вельмі шмат, а партызаны застаюцца гэткімі чыстымі, пушыстымі. Пара сказаць праўду і пра іх.