22. Радзіёнаўцы

Блакада скончылася раптоўна, як і пачалася. Даты дакладна я не памятаю, але мяркую, што тыя падзеі пачаліся 16–18 мая, а закончыліся 25–27 мая 1943 года. Хата наша згарэла, уся скаціна прапала, маёмасць, якую мы схавалі ў ямах, рабаўнікі знайшлі. У нас нічога не засталося. Але свае агароды і поле мы паспелі засеяць да блакады, была надзея на новы ўраджай. Як і калі адбылося пахаванне аднавяскоўцаў, якія загінулі ў час блакады, у тым ліку і маіх бабулі Насты і дзядзькі Івана, не памятаю. Чамусьці гэта адбылося без майго ўдзелу. Магчыма мае бацькі не ўзялі мяне з сабой на пахаванне, каб не траўмаваць маю псіхіку.

Ужо ў наш час, бываючы ў вёсцы, я спрабаваў выстветліць, дзе іх магілы, але ніхто нічога не ведае. Няма магілы і Фані Лашэвіч, якую забіў раз’юшаны партызан. Мая стрыечная сястра Валя Салянка, якая пражывае ў Санкт-Пецярбурзе, у тэлефоннай размове патлумачыла мне, як адшукаць магілу бабулі Насты. Валя старэйшая за мяне на 2 гады і прысутнічала на пахаванні. Па прыкметах я знайшоў тое месца. Але замест магілы я ўбачыў неглыбокую ўпадзіну. Мая мара — аднавіць магілу бабулі Насты.

Часова нашу сям’ю прытуліў у сваёй хаце аднавясковец Цімафей Салянка. Жыццё працягвалася. Аднойчы на ўскрайку лесу я збіраў шчаўе і ўбачыў, што па жыце ідуць немцы. Іх было вельмі многа. Я бачыў толькі іх галовы на ўзроўні калосся. Прыгнуўшыся, я кінуўся ў лес, дабег да балота і там схаваўся. Колькі часу я там прасядзеў, не ведаю. Стала цямнець, а на балоце акрамя мяне больш нікога няма, боязна. Прыйшлося вяртацца ў вёску. Па вуліцы мірна, як ні ў чым не бывала, хадзілі людзі. Мяне апанаваў жах, калі я ўбачыў бацьку, які спакойна размаўляў з немцам! Рабіць было нечага і я накіраваўся ў іх бок. Убачыўшы мяне, бацька сказаў: «Ну вось, і ўцякач вярнуўся», — і яны засмяяліся.

Гэта быў першы прыход радзіёнаўцаў у нашу вёску. Усе яны былі апрануты ў новую нямецкую форму, былі добра ўзброеныя: аўтаматы, кулямёты, гарматы, шматствольныя мінамёты, аўтамабілі, палявыя кухні, радыёстанцыі і шмат іншага. Хадзілі чуткі, што на іх галоўнай базе ў Докшыцах ёсць нават танкі, але я іх не бачыў. Нам, дзецям, усё было цікава, і яны, радзіёнаўцы (мы іх называлі яшчэ і народнікамі), давалі нам магчымасць патрымаць у руках зброю. Асабліва падабаліся аўтаматы і пісталеты. Калі гэтыя салдаты хацелі зайсці да каго-небудзь у хату, то пыталіся дазволу. Людзі сустракалі іх ветліва, ахвотна ўступалі з імі ў размову. Яны ад нас нічога не патрабавалі — ні адзення, ні харчу, ні самагонкі, як гэта звычайна рабілі партызаны. Хутка мы зразумелі, што радзіёнаўцы для нас — самая надзейная абарона ад усялякіх нечаканасцяў. Мы былі абаронены і ад партызан, і ад паліцаяў і нават ад немцаў. Радзіёнаўцы некалькі разоў пакідалі нашу вёску і вярталіся зноў. Нават калі мы ведалі, што яны знаходзяцца ў суседняй вёсцы, мы адчувалі сябе спакойна.

Аднойчы мой бацька да нас у хату (мы па-ранейшаму жылі ў Цімафея Салянкі) прывёў радзіёнаўца. Ён прывітаўся з намі і назваўся: «Цімафееў». Я вельмі здзівіўся, палічыўшы яго сынам нашага гаспадара Цімафея. А ён тым часам паставіў на стол бутэльку шнапса. Мама тое-сёе падрыхтавала закусіць. У нас было вялікае жаданне ўбачыць і паслухаць самога Радзіёнава. Але ён разам са штабам брыгады знаходзіўся ў Докшыцах. Убачыць яго мне так і не ўдалося. Затое Цімафееў каротка расказаў нам захапляльную гісторыю пра яго. Я перадаю з яго расказу ўсё, што мне ўдалося запомніць.

Сам Цімафееў — былы савецкі лётчык, капітан. Яго самалёт падбілі, і ён трапіў у палон. Зараз Цімафееў — ад’ютант Радзіёнава. Прозвішча самога Радзіёнава насамрэч — Гіль. Ён — былы падпалкоўнік.

Мы ўважліва слухалі Цімафеева.

У баі пад Талачыном Уладзімір Гіль быў кантужаны, страціў прытомнасць. Калі апрытомнеў, вакол была ціш, страляніны не чуваць. Ён зразумеў, што фронт адсунуўся далёка на ўсход, не дагнаць. Што рабіць у тых абставінах? Нідзе не схаваешся. Адно выйсце — палон. А там будзе бачна. Характар у Гіля быў рызыковы, авантурны. Яму вельмі хацелася папаліць, але папяросаў не было. На полі нядаўняга бою ляжала шмат загінуўшых чырвонаармейцаў. Уладзімір Гіль звярнуў увагу на труп афіцэра. Ён быў раздзеты па пояс, гімнасцёрка ляжала побач. Праверыў кішэні забітага, але папяросаў там не было. Зірнуў у яго пасведчанне, гэта быў палкоўнік Радзіёнаў. Гіль прыняў рашэнне: калі ісці ў палон, дык лепш палкоўнікам Радзіёнавым, чым падпалкоўнікам Гілём, і пайшоў да лясной дарогі, па якой рухалася вялікая калона ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Пякло сонца. Канваіраў было няшмат, але палонныя разбягацца не збіраліся. На павароце дарогі Гіль непрыкметна прыстроіўся да калоны. Праз некалькі дзён прыбылі на станцыю Сувалкі, дзе немцы арганізавалі фільтрацыйны лагер.

Камендант лагера выйшаў перад строем палонных і падаў каманду: «Камуністы, палітработнікі і камандзіры — выйсці са строю на 5 крокаў!» Над строем павісла цішыня. Усе даўно павыкідвалі свае пасведчанні і пазрывалі з каўняроў знакі адрознення. Ніхто не варухнуўся. І толькі падпалкоўнік Уладзімір Гіль выйшаў са строю цвёрдым крокам і прадставіўся каменданту: «Палкоўнік Радзіёнаў», — і падаў яму свой пісталет. Камендант аж аслупянеў ад нечаканасці і пабялеў (пісталет быў з патронамі), але хутка ўзяў сябе ў рукі і сказаў: «Гут, гут», — і нават паціснуў яму руку. Ён пранікся да Радзіёнава даверам і на наступны дзень вярнуў яму пісталет і прызначыў яго сваім намеснікам. А гэта ўжо зусім іншы статус: улада, абавязкі, адказнасць і, часткова, свабода. Усім гэтым трэба карыстацца разумна.

Уладзімір хадзіў па тэрыторыі лагера і не аднойчы чуў у спіну: «Здраднік, нямецкі халуй». Яго гэта не бянтэжыла, а, наадварот, павышала настрой. Ён падабраў сабе надзейных памочнікаў, была створана картатэка, сабраны звесткі на кожнага палоннага. У галаве Гіля-Радзіёнава зарадзілася думка, якая перарасла ва ўпэўненасць: шлях на Радзіму можна пракласці толькі са зброяй у руках. Атрымаць яе ва ўмовах палону было магчыма толькі з рук немцаў. У пісьмовай форме Гіль звярнуўся да каменданта з прапановай стварыць з палонных рускі полк. Камендант пагадзіўся. Паслалі запыт у Берлін. Адтуль далі згоду на стварэнне не толькі палка, але і брыгады.

Гіль-Радыёнаў штабіст вопытны, таму ён у першую чаргу сфарміраваў штаб брыгады. Потым пачалася крапатлівая праца па камплектаванні часцей і падраздзяленняў. Гіль-Радзіёнаў гэту справу рабіў вельмі старанна. Тых палонных, якія былі гатовы заўзята служыць фашыстам, ён у склад брыгады не залічваў, а адпраўляў на працу ў Нямеччыну. Былі выпадкі, калі самых небяспечных пускалі ў расход. Урэшце фарміраванне закончылася. Колькасць асабовага складу брыгады па штату складала: баявыя падраздзяленні — 2500 чалавек, тылавыя — 300 чалавек. Потым пачалася цяжкая баявая падрыхтоўка, зладжванне падраздзяленняў і часцей. Адбыліся заліковыя тактычныя вучэнні, якія прайшлі паспяхова. Спачатку немцы трымалі брыгаду на другарадных ролях: ахова чыгункі, станцый, мастоў, складоў і іншае. Узбраенне было адпаведным. Калі ў немцаў не стала хапаць сіл, каб трымаць пад кантролем акупаваную тэрыторыю, яны звярнулі ўвагу на брыгаду Гіль-Радзіёнава. Яе пераапранулі ў новую форму, забяспечылі ўсім неабходным, узброілі аўтаматамі і кулямётамі, узмацнілі мінамётнай і гарматнай батарэямі, танкавай ротай, забяспечылі аўтамабілямі для перавозкі асабовага складу і коннай цягай. Пасля гэтага брыгадзе была пастаўлена задача на правядзенне баявых аперацый супраць партызан. Але што гэта былі за аперацыі, якія іх былі вынікі, ці закранулі яны мірнае насельніцтва, у якіх абласцях і раёнах Беларусі яны адбыліся, капітан Цімафееў нічога не сказаў.

Крыху памаўчаўшы, ён працягнуў свой расказ: «Мы добра ўзброены, мы — моцная баявая адзінка. Гэта разумеюць як партызаны, так і немцы. Пра Радзіёнава ведае Берлін. Гітлер яго ўзнагародзіў двума жалезнымі крыжамі. Гэта вышэйшая нямецкая ўзнагарода». Але Цімафееў зноў прамаўчаў, за якія подзвігі Гіль-Радзіёнаў быў узнагароджаны. Толькі дадаў, што пра яго ведае і Масква, Сталін яго ўзнагародзіў ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга і прысвоіў яму званне палкоўніка. Так падпалкоўнік Гіль ураўняўся ў чыне з загінуўшым палкоўнікам Радзіёнавым. Я ў той час гэтаму не здзівіўся. Я не ведаў, хто такія Сталін, Гітлер, Ленін, у нашай сям’і пра іх ніколі нічога не ўзгадвалася. Толькі пра Варашылава і Будзённага я ведаў ад сваіх старэйшых братоў па гульням у вайну. Зараз, калі я пішу гэтыя нататкі, у мяне ўзнікае пытанне: за якія заслугі Гіль-Радзіёнаў атрымаў высокую ўзнагароду ад Сталіна? У мяне няма магчымасці знайсці адказ на гэтае пытанне.

Калі ж расказ капітана Цімафеева падышоў да канца, ён з нейкім смуткам сказаў: «Мы не ведаем, што нас чакае наперадзе. Не выключана, што пасля пра нас будуць складаць міты, будзе шмат хлусні. Мы такія як ёсць, так склаўся наш лёс. Можа, гэтыя хлапчукі (ён кіўнуў у бок мяне і майго брата Андрэя) выжывуць у гэтай вайне і калі-небудзь раскажуць пра нас». Я раблю гэта праз 62 гады, якія мінулі з таго часу. Я разумею, што капітан Цімафееў расказаў нам не ўсё. Магчыма, з яго расказу я штосьці ўпусціў. Але ўсё, што я прыпомніў, занатаваў праўдзіва, ад сябе я нічога не дадаў.

У сярэдзіне жніўня 1943 года брыгада Гіль-Радзіёнава перайшла на бок партызан. Як і чаму гэта адбылося, што гэтаму папярэднічала, я не ведаю. Радзіёнаўцы назаўсёды пакінулі нашу вёску. Без іх мы зноў сталі безабароннымі. Мы зноў апынуліся між молатам і кавадлам — між партызанамі і немцамі. Заставацца ў нашай вёсцы стала небяспечна. Мы не сталі чакаць, калі нас насцігне лёс Шуняўкі ці Вітуніч, і перабраліся на правы бок Поні ў лясную вёску Забор’е, якая знаходзіцца ў 5–6 кіламетрах ад Нябышына. Нам здавалася, што там будзе жыць спакойней, бяспечней. У Забор’і былі раскватараваны партызаны. Я спадзяваўся убачыць тут і радзіёнаўцаў, але дарэмна. Я спрабаваў што-небудзь высветліць пра іх у тутэйшых партызан, але яны адмахнуліся ад мяне, як ад назойлівай мухі.

Калі закончылася вайна, у вёску вярнуўся прымак Фёдар (я пра яго ўзгадваў). Ён на пачатку 1943 года пайшоў у партызаны, а пасля вызвалення апынуўся ў Чырвонай Арміі. І вось у канцы ліпеня ці пачатку жніўня 1945 года ён вярнуўся ў Нябышына. Я адразу пабег да яго. Мы не бачыліся два з паловай гады. Фёдар абрадаваўся сустрэчы, а я тым больш. Мне ўжо споўнілася 11 гадоў, я лічыў сябе дарослым. Нездарма ж кажуць, што адзін год вайны залічваецца за тры. Галоўнае пытанне, якое я яму збіраўся задаць — што ён ведае пра далейшы лёс народнікаў-радзіёнаўцаў пасля пераходу іх на бок партызан? Далей распавядаю са слоў Фёдара.

Калі была дасягнута дамоўленасць аб пераходзе радзіёнаўцаў на бок партызан, прызначаны дзень, час і месца сустрэчы, партызанскае кіраўніцтва высунула ўмовы — расфарміраваць брыгаду, а асабовы склад размеркаваць па розных партызанскіх атрадах. Палкоўнік Гіль-Радзіёнаў рашуча адхіліў гэтыя прапановы як непрымальныя і высунуў свае: брыгаду як баявую адзінку захаваць у тым жа складзе; даць гарантыі бяспекі кожнаму салдату і афіцэру брыгады; вызначыць раён дыслакацыі брыгады. Але якія гарантыі мог даць камандзір партызанскага атрада? «Пакуль вы будзеце прымаць рашэнне, — сказаў Гіль-Радзіёнаў, — мне трэба вярнуцца ў Докшыцы, пакуль дзейнічае сённяшні пароль, забраць штабную дакументацыю і развітацца з начальнікам нямецкага гарнізона». На самай справе ён рашыў разграміць нямецкія гарнізоны ў Докшыцах і ў Круляўшчызне. Свой пераход на бок партызан ён увянчаў бліскучай перамогай над немцамі.

Пакуль Гіль-Радзіёнаў граміў нямецкія гарнізоны, Берыя аддаў загад Цанаве радзіёнаўцаў абяззброіць і пусціць у расход — расстраляць. Месцам для правядзення злачыннай акцыі была выбрана лясная паляна побач з Бягомльскім партызанскім аэрадромам. Фёдар сказаў, што там ужо рылі катлаваны для масавых пахаванняў. Толькі і па сёння незразумела, як збіраліся апрычнікі Берыі абяззброіць узброеную да зубоў, добра абучаную, зладжаную баявую адзінку, якая налічвала 2800 чалавек.

Ціткоў, камандзір партызанскай брыгады «Жалязняк», якая дзейнічала ў Бягомльскім раёне, меў сустрэчы з Гіль-Радзіёнавым і такога павароту падзей не чакаў. Ён тэрмінова адправіў радыёграму Панамарэнку які ў сваю чаргу падрыхтаваў данясенне Сталіну і запрасіўся на прыём к гаспадару Крамля. На тым данясенні Сталін уласнаручна напісаў рэзалюцыю: Гіль-Радзіёнаву прысвоіць званне Героя Савецкага Саюза, увесь асабовы склад брыгады ўзнагародзіць баявымі ордэнамі, брыгаду захаваць у тым жа складзе, як самастойную баявую адзінку. Берыя і Цанава часова адступілі.

Брыгада паспяхова пачала змагацца супраць немцаў. Яе не аднойчы кідалі на самыя небяспечныя ўчасткі. Калі Чырвоная Армія стала набліжацца да межаў Беларусі, брыгаду Гіль-Радзіёнава перакінулі ў раён возера Палік у 30 кіламетрах на поўнач ад горада Барысава. Там брыгада ўвязла ў цяжкія працяглыя баі. Трагедыя заключалася ў тым, што на гэтым участку фронту Чырвоная Армія спыніла сваё наступленне і стала рыхтавацца да аперацыі «Баграціён». Гэта дало магчымасць немцам зняць з фронту некалькі дывізій і кінуць іх супраць Радзіёнава. Немцы добра ведалі, з кім маюць справу, некаторыя іх камдзівы ведалі яго асабіста, сустракаліся на розных нарадах. Супраць брыгады дзейнічала нямецкая авіяцыя. Радзіёнаву чакаць дапамогі было неадкуль. Камандаванне Чырвонай Арміі і партызанскага руху раўнадушна назіралі, як гіне брыгада. «Тое, што Берыі і Цанаве не ўдалося зрабіць уласнымі рукамі, было зроблена рукамі немцаў». Брыгада нанесла немцам вялікі ўрон, але і сама панесла незлічоныя страты. У адным з баёў, каб ім было зручней кіраваць, Радзіёнаў высунуў свой назіральны пункт (НП) на лёд возера. Ад разрыву снарада лёд праламаўся. Па словах Фёдара, цяжка паранены камбрыг пайшоў пад лёд. Гэта адбылося ў сакавіку 1944 года.

Пасля гібелі свайго камандзіра радзіёнаўцы працягвалі змагацца. Ніхто ў палон не здаўся. Колькі дзён, тыдняў працягвалася гэта крывавае пабоішча, Фёдар не сказаў. Калі, нарэшце, прыйшла дапамога, у жывых заставалася каля 800 чалавек, загінула больш за 2000. Усіх, хто застаўся ў жывых, абяззброілі і пад канвоем адправілі на Калыму. Што яны адчувалі, можна толькі гадаць.

Такім быў трагічны лёс радзіёнаўцаў і іх мужнага камандзіра палкоўніка Уладзіміра Гіля — са слоў капітана Цімафеева і прымака Фёдара. Ці ёсць у свеце такая асоба, якая мае дзве вышэйшыя ўзнагароды ад Гітлера і дзве вышэйшыя ўзнагароды і званне Героя Савецкага Саюза ад Сталіна? Я такой асобы не ведаю.

І апошняе. Магчыма, Уладзімір Гіль наш зямляк, беларус? Гіль — прозвішча беларускае.

Калі гэта кніжка выйшла з друку, да мяне звярталіся чытачы і расказвалі мне аб тым, што Уладзімір Гіль быў не зусім такім, якім яго намаляваў я, што ён прымаў удзел у карных аперацыях і праяўляў жорсткасць да мірнага насельніцтва. Але я не стану дапаўняць свае ўспаміны новымі звесткамі, інакш гэта будуць ужо не мае ўспаміны. Я пішу толькі аб тым, што бачыў на свае вочы і пра што пачуў у той час. Аб тым, што засталося па-за межамі «Успамінаў», я паспрабую расказаць у сваіх «разважаннях».