33. Чакаем Сяргея

Заставаўся невядомым лёс майго старэйшага брата Сяргея, 1926 года нараджэння. Ён і яшчэ некалькі юнакоў з нашай вёскі пасля заканчэння сямігадовай школы ў 1940 годзе па наборы паехалі ў Ленінград на вучобу ў ФЗУ. Там іх і застала вайна. Пасля вайны ўсе хлопцы, акрамя нашага Сяргея, вярнуліся дадому. Адчувалася, што распавядаць пра блакаду ім было непрыемна. Мой стрыечны брат Валодзя, які таксама быў там, расказаў, што ён быў побач з Сяргеем, калі той паміраў. На пытанне мамы, дзе яго пахавалі, ці ёсць магіла, Валодзя адказаў, што не ведае, на наступны дзень труп забралі нейкія людзі і кудысці адвезлі. Яшчэ адзін вясковы юнак, Салянка Міша, які таксама навучаўся ў ФЗУ Ленінграда, сказаў нам, што Сяргей не вытрымаў, памёр з голаду, таму што ен не змог есці не толькі чалавечыну, але нават сабак, кошак, пацукоў. Дзе ён пахаваны і ці пахаваны ўвогуле, Міша таксама не ведаў. Не хацелася верыць, што Сяргея больш няма. Асабліва балюча гэта было для мамы.