28. Выпадковыя ахвяры

Такім чынам, Чырвоная Армія вызваліла нашу мясцовасць ад немцаў, акупацыя закончылася. Людзі паціху сталі вяртацца ў вёску. Дарослыя хадзілі на працу ў калгас, а ў вольны час ладкавалі сваё жыццё. Мы, дзеці, засталіся без нагляду. Бацькі папярэджвалі нас, каб мы не хадзілі ў лес па грыбы ці па ягады — там яшчэ блыталіся адстаўшыя ад фронту немцы. Гэтаксама ў 1941 годзе мы баяліся адстаўшых чырвонаармейцаў. Але мы не надта слухаліся бацькоў. Мы збіраліся ў купку і шукалі «трафеі». Паколькі баёў вакол нашай вёскі не адбывалася, то і трафеі былі бедныя: бляшанкі з-пад кансерваў, драўляныя скрынкі, кардонныя каробкі. Усё гэта мы неслі ў свае двары. Трапляліся і больш небяспечныя цацкі. Я ўжо пісаў, што ў майго стрыечнага брата Мішы быў нямецкі карабін і запас патронаў.

Адзін 10-гадовы падлетак знайшоў ракетніцу. Яна была зараджана. У час гульні ён націснуў на спускавы кручок, адбыўся стрэл і сігнальнай ракетай другому падлетку прапаліла штаны і абпаліла скуру на назе. Віноўнік уцёк дадому, а пацярпелы, наадварот, баяўся паказацца на вочы бацькам, але не з-за раны, а з-за прапаленых штаноў.

Аднойчы і я асабіста правёў небяспечны эксперымент. Я разабраў вінтовачны патрон, адсыпаў частку пораху, прапхнуў кулю ўнутр гільзы, а зверху насыпаў той на порах. Потым порах падпаліў сярнічкай. Адбыўся стрэл. Куля паляцела ўвышыню на 15–20 метраў. На гэтым мае прыгоды не скончыліся. Я падняў кулю і вырашыў выплавіць з яе свінец на грузіла для вуды. Але я не ведаў, што куля была разрыўная. Адбыўся выбух, вогнішча раскідала ў розныя бакі. Дробныя асколкі прадзіравілі мне штаны і ўпіліся ў скуру ног. Пацякла кроў. Асколкі ад кулі я павыкалупваў лязом кішэннага нажа. Не толькі маме, але нікому я не расказваў пра гэты выпадак. Пішу пра гэта ўпершыню.

Сярод нашых знаходак часта былі капсулі-дэтанатары для толавых шашак. Мы іх кідалі ў агонь і разбягаліся ў розныя бакі. Бывала, што хто-небудзь непрыкметна кідаў у вогнішча патрон ці дэтанатар. І калі знянацку адбываўся выбух, нас гэта вельмі палохала, а «жартаўнік» рагатаў.

Але не ўсё нам сыходзіла з рук. Былі выпадкі вельмі трагічныя, са смяротным канцом. Так, 11-гадовы хлопец (звалі яго Ваня) знайшоў унітарны пушачны боепрыпас-снарад. Ён прынёс яго на свой двор, усеўся на прызбу і стаў аддзяляць снарад да гільзы. Маці была на працы, яму ніхто не перашкаджаў займацца гэтай небяспечнай справай. Хутка вакол Вані сабраўся цэлы натоўп падлеткаў. Ваня стукаў боепрыпасам аб зямлю, выбух мог адбыцца ў любы момант. Вынік быў бы непапраўны. Магчыма, і я не пісаў бы гэтыя радкі. Нас ад немінучай смерці выратавала тое, што зямля была рыхлая, а снарад быў фугасны, узрывацель быў закрыты металічным калпачком. Нарэшце гільза аддзялілася. Яна была запоўнена доўгім, як макароны-спагеці, порахам, даўжынёй 15–20 см. У гэты час на двор зайшоў 14-гадовы хлопец Валодзя (зараз ён жыве ў Бягомлі). Ён у сваёй руцэ трымаў толавую шашку з капсулем-детанатарам. Не хапала бікфордавага шнура. Убачыўшы доўгі порах, ён палічыў, што ім можна замяніць бікфордаў шнур, і прапанаваў падарваць шашку. Яе вага хутчэй за ўсё складала 200 грамаў. Мы ўсе накіравалі за вёску ў бок могілак. Уладальнік шашкі скруціў з махоркі цыгарку, закурыў, замацаваў у капсуль-дэтанатар адну трубачку пораху і ад цыгаркі падпаліў яе. Рабіў ён усё гэта не спяшаючыся. Порах задыміўся і патух. І тут на дапамогу прыйшоў Ваня: «Давай я падарву, у цябе рукі дрыжаць». Мы ўсе на ўсякі выпадак адбеглі на 25–30 метраў і залеглі. Ваня надзейна падпаліў порах і імгненна ў яго руках адбыўся выбух. Ваня загінуў. Ён быў адзіным дзіцём у сям’і. Мы з перапалоху разбегліся хто куды. Што засталося ад Вані пасля выбуху, не ведаю, на яго пахаванні мяне не было.

З гэтага здарэння мы не зрабілі высноў. Праз некалькі дзён другі хлопец, якому было гадоў 14–15, знайшоў супрацьтанкавую гранату. Ён сабраў нас і павёў да ракі глушыць рыбу. На беразе ракі ён выняў засцерагальную чаку і кінуў гранату на сярэдзіну плёсу. Але выбух неадбыўся. Тады ён раздзеўся і нырнуў у ваду. Я не памятаю, як таго хлапца звалі, таму што ён быў нашмат старэйшы за мяне. Адшукаўшы гранату, ён вылез на бераг. У яго хапіла розуму папярэдзіць нас, каб мы адышлі на 30–40 м і залеглі, што мы ўсе і зрабілі. У момант замаху для кідка граната выбухнула. Хлопца разнесла ўшчэнт. Гэта было жудаснае відовішча. Мы ляжалі за купінамі, баяліся паварушыцца. Ён таксама быў адзіным дзіцём у маці. Якраз у гэты час вербавалі людзей для засялення горада Кёнігсберга, і Вольга, яго маці, ад’ехала туды адразу пасля пахавання сына. Міліцыя па гэтых няшчасных выпадках ніякага следства не праводзіла і нават не прыязджала ў вёску. Магілы гэтых двух хлопцаў знайсці ўжо немагчыма.